Рэзалюцыя 32-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амерыкі

Мы, прадстаўнікі беларускіх асяродкаў Паўночнай  Амерыкі, удзельнікі 32-й Сустрэчы Беларусаў Паўночнай Амерыкі абмеркаваўшы актуальныя пытаньні стану беларускай нацыянальнай сьведамасьці, грамадзянскай супольнасьці і культуры ў асяродках дыяспары і зыходзячы з пазіцыі аб культурным адзінстве беларускай нацыі сьведчым наступнае:

  • Культурнае адзінства нацыі абазначае і прадугледжвае беларускую ідэнтычнасьць паўсюдна, дзе жывуць беларусы (або людзі, якія ідэнтыфікуюць сябе беларусамі);
  • Захаваньне беларускай ідэнтычнасьці зьяўляецца сьведамай нацыянальнай задачай кожнага беларуса ў Бацькаўшчыне і ў замежжы, што дае магчымасьць захаваць беларускую культуру і ствараць беларускае сацыяльнае асяродзьдзе для яе разьвіцьця ў эміграцыі;
  • Выклікі сучаснага сьвету нясуць пагрозу упадка культуры з прычыны таго, што агрэсіўныя супольнасьці ў  асобных краінах выкарыстоўваюць мову і культуру як сродак разбуральнай палітыкі і націску на мову і культуру краінаў і этнічных групаў, падвержаных агрэсіі і акупацыйнай палітыцы;
  • Нэгатыўныя працэсы сталага даўгагадовага абмежаваньня разьвіцьця беларускай нацыянальнай культуры ў Бацькаўшчыне вядуць да незваротных вынікаў ў разьвіцьці нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў як на Радзіме, гэтак і у асяродках дыяспары. 

Уважаем

  1. Беларускую мову непарушным падмуркам нацыянальнае культуры і шчытом перад разбуральнай агрэсіяй антыкультурных сілаў,
  2. Зьберажэньне і пашырэньне ўжываньня беларускай мовы асноўным чыньнікам беларускай салідарнасьці  ў сьвеце,
  3. Беларускую  нацыянальную асьвету галоўным чыньнікам умацаваньня нацыянальнай сьвядомасьці беларусаў,
  4. Пашырэньне беларускай нацыянальнай літаратурнай творчасьці, навуковых дасьледаваньняў і новых формаў заангажаваньня беларусаў ў грамадзкае, культурнае і рэлігійнае жыцьцё паўночнаамерыкансай беларускай дыяспары павінны быць шырока падтрыманы.  

Падтрымліваем наступныя захады і прапануем асяродкам беларускага замежжа у Паўночнай Амерыцы

  1. Засяродзіць увагу на яднаньні беларусаў у замежжжы на глебе беларускай культуры, мовы і традыцый, якія ляжаць у аснове будаўніцтва нацыі, не дапушчаючы падзяленьня беларусаў з розных падставаў і прычынаў;
  2. Надалей прытрымлівацца ў сваёй дзейнасьці прынцыпаў уключнасьці, празрыстасьці і дэмакратычнасьці; трымаць высокі ўзровень ўзаемаадносін паміж сабой;
  3. Спрыяць пашырэньню беларускай прысутнасьці ў сьвеце праз беларускія асяродкі як у існуючых, так і новых формах, у тым ліку праз сучасныя сродкі масавай інфармацыі і камунікацыі; 
  4. Кантактаваць з кіраўніцтвам незалежных сродкаў масавай інфармацыі з просьбай асьвятляць жыцьцё беларусаў Паўночнай Амерыкі ў больш поўнай меры;
  5. Узмацніць абмен інфармацыяй паміж беларускімі асяродкамі ў Паўночнай Амерыцы.

Сьведчачы сваю салідарнасьць і падтрымку прадстаўнікам грамадзянскай супольнасьці, а таксама працаўнікам на ніве беларускай культуры, асьветы у Беларусі, заклікаем суродзічаў набліжаць  разам  сьветлую будучыню нашай вольнай Айчыны Беларусі.

Атава, Канада 4 верасьня 2016 году