Вячка Целеш: «Водбліскі падаюць на мастака ад любой крыніцы святла – і гэта робіцца бачным у ягоных карцінах»

Чарговая мастацкая выстава Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар!» адбылася ў Латвійскім музеі пажаратушэння ў Рызе. Пра гэтую падзею, блізкі юбілей суполкі, якая аб’ядноўвае творцаў з чатырох краінаў, а таксама пра асабістыя планы мы пагутарылі з яе заснавальнікам, вядомым мастаком, сябрам Вялікай Рады Згуртавання “Бацькаўшчына” Вячкам Целешам.

Эмблема Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар»

– 8 ліпеня ў Рызе адкрылася выстава Аб'яднання мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю Гонар» пад назвай «Водбліскі». Чым яна адметная? Чаму месца экспазіцыі такое незвычайнае – Латвійскі музей пажаратушэння?

Выстава «Водбліскі» – чарговая выстава мастакоў нашага аб’яднання. Латвійскі музей пажаратушэння прысвечаны гісторыі пажарных камандаў і сродкаў змагання з пажарамі ў Латвіі, там ёсць фотаздымкі і іншыя экспанаты на гэтую тэму. Але музей праводзіць і не звязаныя з пажарнай справай мерапрыемствы. Нам прапанавалі зрабіць мастацкую выставу, і мы з радасцю вынеслі на паказ свае працы – сабралі адпаведныя творы і назвалі яе «Водбліскі», каб выстава была ўсё ж звязаная з тэмай музея. Водбліскі бываюць не толькі ад полымя пажару, водбліскі падаюць ад любой крыніцы агню і святла – на прадметы нацюрморта, на дрэвы і дамы ў пейзажы, нарэшце, на мастака, калі ён малюе – і гэта робіцца бачным у ягоных карцінах. На выставе ў асноўным прадстаўлены працы ў цёплым каларыце, у яркіх жоўтых, чырвоных і аранжавых танах.

Заснавальнікі Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар». Злева М. Астраўмава, В. Целеш, Л. Лойка, М. Чырыч, В. Сівуха, В. Дзевіскіба, І. Чарнякевіч. Рыга. 1991 г.

– Усяго праз некалькі месяцаў аб'яднанне будзе святкаваць 25-гадовы юбілей. Як плануеце яго адзначыць?

Юбілейная выстава Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар» запланавана на 17 лістапада і прымеркавана да дзяржаўнага свята. 18 лістапада адзначаюць дзевяноста восьмую гадавіну Абвяшчэння незалежнай Латвійскай Рэспублікі. Да юбілейнай выставы мы збіраемся выдаць буклет аб’яднання і надрукаваць афішу, а на адкрыццё яе хочам запрасіць мастакоў нашых суполак з Літвы і Эстоніі.

Мастакі з «Маю гонар» каля музею дзе адбылася першая выстава. Рыга. 1991 г.

– На працягу існавання аб'яднання яго сябры з геаграфічных і эканамічных прычынаў не заўсёды мелі магчымасць удзельнічаць у адкрыцці выставаў. Змяняўся і склад суполкі. Як выглядае суполка цяпер? Ці далучаецца моладзь да сяброўства? Хто з іх, на Вашу думку, дае асаблівыя надзеі?

За дваццаць пяць гадоў дзейнасці суполкі з розных жыццёвых прычынаў змяняліся і калектыў аб’яднання, і ступень удзелу мастакоў у нашых выставах. Аб’яднанне было заснавана 12 студзеня 1991 года, калі паміж Латвіяй, Літвой, Эстоніяй, Расіяй і Беларуссю яшчэ не было мытняў. Тады ж нашыя выставы адбыліся ў Рызе (1991 год), у Эстоніі (1991 год) і ў Беларусі (1992 і 1993 гады). Акрамя мастакоў з Рыгі ў іх бралі ўдзел мастакі суполкі з Санкт-Пецербурга, Вільні, з эстонскага гораду Йыхві. Як толькі ўвялі візавы рэжым, ад нас адразу адышла пецярбургская суполка. Але да нашага аб’яднання тады далучыўся мастак з Швецыі Ян Кузьміцкі. Склад мастакоў аб’янання паступова мяняўся, да нас увесь час прыходзяць усё новыя мастакі-беларусы, але ў асноўным папаўняецца наша Латвійская суполка. Ад самага пачатку ў яе ўваходзілі тры мастакі, а цяпер нас шаснаццаць: два фотамастакі і чатырнаццаць жывапісцаў. Тры мастакі былі ў літоўскай суполцы. На жаль, адзін з яе ўдзельнікаў, выбітны мастак Алег Аблажэй, сёлета адышоў у лепшы свет. Трох мастакоў мае эстонская суполка. Пра Яна Кузміцкага з шведскай суполкі даўно не маем звестак, але цяпер у Швецыі жыве мастачка Кацярына Вольская, што ўваходзіла раней у латвійскую суполку. Так што нашае аб’яднанне цяпер налічвае дваццаць аднаго мастака. Зусім маладых прафесійных мастакоў мы, на жаль, не маем, моладзь зацікаўленая ў тым, каб вучыцца ці ехаць зарабляць грошы за мяжу. Мастакам нашага аб'яднання ў асноўным «пасля сарака», яны маюць сярэднюю ці вышэйшую мастацкую адукацыю, некаторыя спасцігалі законы прафесійнага мастацтва на прыватных курсах у мастакоў-прафесіяналаў. Ганна Пейпіня, Ірына Трумпель і я – сябры Латвійскага Саюза Мастакоў. Я, да таго ж, яшчэ і сябар Саюза Беларускіх Мастакоў.

Выстава «Маю гонар» у Мінску. 1992 г.

25 гадоў, вядома, доўгі шлях. Былі і цяжкасці, і радасці, і дасягненні. Што можаце адзначыць з самага важнага з гісторыі суполкі?

Найбольш радаснымі былі часы, калі Міністэрства культуры Беларусі ў 1992 годзе арганізавала выставу нашага аб’яднання ў Мінску, а ў 1993 годзе мы падчас Першага з’езду беларусаў свету «Бацькаўшчына» ўдзельнічалі ў выставе мастакоў-беларусаў свету «Жыве Беларусь!». З таго часу Беларусь праз свае праблемы больш не запрашала нас. Толькі дзякуючы Згуртаванню беларусаў свету «Бацькаўшчына» і прафесару Адаму Мальдзісу невялікія выставы Аб'яднання мастакоў беларусаў Балтыі «Маю гонар» адбыліся ў 2013 годзе – падчас 6-га З’езду беларусаў свету, а таксама ў памяшканні Інбелкульта ў Мінску. Дарэчы, усе працы з той выставы мы падаравалі Рэспубліцы Беларусь, і цяпер яны знаходзяцца ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва Беларусі.

Самае важнае для нашага Аб’яднання тое, што яно папаўняецца новымі мастакамі, і яго выставы ў Латвіі ладзяцца штогод. Таксама нашыя мастакі ўдзельнічаюць у агульных выставах мастакоў Латвіі, гэтым мы нагадваем жыхарам краіны аб прысутнасці тут беларусаў і аб нашых нацыянальнай культуры і мастацтве, папулярызуем беларусаў, Беларусь.

Аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар». 1996 г.

– Вы ўваходзіце ў склад Кансультацыйнай Рады пры прэзідэнце Латвіі, і мы ведаем, што менавіта дзякуючы Вам удалося ўратаваць ад закрыцця беларускую школу ў Рызе. Як сёння працуе Латвія з нацыянальнымі меншасцямі, якая ўвага надаецца беларусам? Што, на Вашу думку, магла б зрабіць беларуская дзяржава для захавання і развіцця беларускай прысутнасці ў Латвіі?

Ад 1995 года, калі пры першым прэзідэнце Латвіі Гунтысу Ульманісу пачаў працаваць Кансультацыйны Савет нацыянальных меншасцяў Латвіі, і да 2015 года я быў сябрам Савета. Цяпер у гэтым Савеце беларусаў Латвіі прадстаўляе сябра Рады нашага Латвійскага таварыства беларускай культуры «Сьвітанак», дырэктар Рыжскай беларускай асноўнай школы імя Янкі Купалы Ганна Іванэ. За час працы ў Кансультацыйным Савеце я здолеў абараніць ад закрыцця беларускую праграму «Сьвітанак» на Латвійскім радыё і нашу беларускую школу.

Таварыства «Сьвітанак» з 1988 года з’яўляецца сябрам Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч. Праз Асацыяцыю яно атрымлівае фінансавую падтрымку для сваёй дзейнасці з боку Латвійскай дзяржавы, а праз напісанне праектаў мерапрыемстваў атрымлівае падтрымку з латвійскіх фондаў культуры. «Маю гонар» да 2012 года адносілася да таварыства «Сьвітанак» і таксама мела такую падтрымку, але цяпер наша аб’яднанне зарэгістравана як самастойная беларуская арганізацыя, таму мы атрымліваем падтрымку Латвійскай дзяржавы праз складанне праектаў. Канешне, гэта вельмі малая падтрымка, і калі б яшчэ Беларуская дзяржава магла нам фінансава дапамагаць так, як гэта было ў пачатку 1990-х гадоў, то сёння мы мелі б больш магчымасцяў для працы на карысць захавання і развіцця беларускай культуры і мастацтва.

Выстава «Маю гонар». Іыхві (Эстонія). 2001 г.

Якія творчыя планы мае Аб'яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю Гонар»? Можа быць мяркуецца выстава ў Беларусі? Ці супрацоўнічае арганізацыя з творчымі супольнасцямі іншых нацыянальнасцяў у Латвіі, у тым ліку з латышамі?

Планы нашых мастакоў і аб’яднання – гэта маляваць як найбольш, а таксама ладзіць выставы ў іншых гарадах Латвіі, там, дзе іх яшчэ не было. Наша даўняя мара – каб выстава нашага Аб’яднання адбылася на нашай этнічнай Радзіме, у Беларусі. Сёлета, 21 ліпеня, я сустракаўся ў Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь з намеснікам міністра культуры спадарыняй Ірынай Дрыгай. Яна нічога канкрэтнага не абяцала, але даручыла сваім падначаленым заняцца гэтым пытаннем і паведаміць нам, ці зможа міністэрства арганізаваць нашу юбілейную выставу ў Мінску. Зараз мы чакаем вырашэння гэтага пытання.

Наша аб’яднанне ўвесь час супрацоўнічае з мастакамі нацыянальных меншасцяў Латвіі і з латышскімі мастакамі, удзельнічае ў агульных мастацкіх выставах. Тыя мастакі бываюць і на адкрыццях выставаў нашага аб'яднання.

Юбілейная выстава «Маю гонар». Рыга. 2011 г.

– У адным з інтэрв'ю вы выказалі пра намер распачаць працу над кнігай «Мой шлях у мастацтва». Як прасоўваецца праца? Калі мяркуеце выдаць?

Мой шлях у мастацтва быў доўгім і цікавым, хацелася б пра яго расказаць. Але цяпер я працую над даследаваннем жыцця і творчасці беларускіх мастакоў Латвіі, якія нарадзіліся, вучыліся ці жылі і працавалі ў Латвіі ў 1930–1940-я гады – гэта Пётра Мірановіч, Міхась Калінін, Дзмітрый Гадыцкі-Цвірка, Аркадзь Салаўёў і Аляксандра Бельцава. Кніжку гэту я планаваў скончыць і выдаць у гэтым годзе, але складана ідзе збор інфармацыі пра мастакоў, якія жылі, стваралі і памерлі па-за межамі Латвіі. Пасля заканчэння кнігі мне трэба будзе скончыць працу над каталогамі беларускіх старых паштовак і напісаць «Гісторыю беларускай паштоўкі». І толькі пасля гэтага я хацеў бы напісаць кнігу ўспамінаў.

Выстава «Маю гонар» ў Даўгаўпілсе. 2016 г.

– Ці шырыцца Вашая калекцыя паштовак? Ці варта чакаць пашыраных перавыданняў «Гарадоў Беларусі на старых паштоўках» і «Мінска на старах паштоўках»?

Мая калекцыя беларускіх паштовак паступова павялічваецца, але вельмі марудна, бо цяпер я абмяжоўваюся толькі збіраннем паштовак з выглядамі майго Ваўкавыска і старых паштовак з надпісамі на беларускай мове.

Апошняе, чацвёртае пашыранае перавыданне кнігі «Гарады Беларусі на старых паштоўках» адбылося ў 2014 годзе, і магчыма, што ў Беларусі яе яшчэ можна знайсці ў якой-небудзь кнігарні. Дарэчы, прэзентацыя гэтай і яшчэ адной маёй кнігі «Адсюль наш род, тут мой прычал» прайшла сёлета 22 ліпеня ў Ваўкавыскай раённай бібліятэцы.

Перавыдаваць кнігу «Мінск на старых паштоўках» я пакуль не планую. Апошняе перавыданне «Гарадоў Беларусі на старых паштоўках» было дапоўнена вялікай колькасцю старых мінскіх паштовак. Каб нешта большае апавесці пра гісторыю мясцін на старых паштоўках, трэба часцей бываць ў Мінску і сядзець у архівах. А я ж мастак, а не гісторык, мне трэба маляваць карціны, удзельнічаць у выставах.

Аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар» на выставе «Жыве Беларусь» ў Мінску. 1993 г.

– Ці працягваеце вы працаваць у жанры экслібрысу? Калі так, то для каго рабілі апошнім часам? Ці паступаюць новыя замовы? Для каго з сучасных беларускіх літаратараў Вам хацелася б стварыць экслібрыс?

Экслібрысам я заўсёды займаўся няшмат, больш працую ў жывапісу. Апошнія гады займаюся ім яшчэ меней, няма для гэтага часу.

Мяне шмат хто прасіў зрабіць экслібрыс, але ніяк не атрымліваецца задаволіць просьбы заказчыкаў. Апошнія беларускія экслібрысы я зрабіў у 2014 годзе, прысвяціў іх майму сябру, латышскаму паэту і перакладчыку Улдысу Бэрзыньшу да сямідзесяцігоддзя, а таксама Алегу Трусаву да шасцідзесяцігоддзя. У 2015 годзе я зрабіў адзіны экслібрыс на замову майго даўняга знаёмага, рыжскага ўрача Анатоля Раеўскага, для ягонага сына, вядомага латвійскага палітолага Філіпа Раеўскага.

Яшчэ пры жыцці Генадзя Бураўкіна я збіраўся прысвяціць яму экслібрыс, але ўсё ніяк не мог знайсці часу, каб зрабіць. Буду шукаць магчымасць, каб прысвяціць яму экслібрыс хоць пасмяротна. Днём я або сяджу ў архівах і бібліятэках, або пішу карціну ці займаюся грамадскімі справамі. Па вечарах да начох сяджу за кампутарам і пішу пра мастакоў. То дзе знайсці яшчэ час?

– Калі чакаць Вашую асабістую выставу ў Беларусі?

Мая персанальная выстава ў Мінску – пакуль што толькі мара. Нават на маё сямідзесяцігоддзе ў 2008 годзе я не змог зрабіць выставу графікі і экслібрыса ў Мінску ў дзяржаўным музеі. Добра што мае сябры, мастак Віктар Маркавец і мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская, прапанавалі сваю галерэю «Фальварак Добрыя мыслі», а Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» тады дапамагло сабраць нашых сяброў на яе адкрыццё. У снежні 2015 года мая выстава графікі і экслібрысу адбылася ў Галерэі Асацыяцыі нацыянальных культурных таварыстваў Латвіі імя Іты Казакевіч, а другая персанальная выстава жывапісу і графікі – «Гадоў датыкненні», прысвечаная саракагоддзю маёй творчай дзейнасці, – адбылася перад новым 2016 годам ў Рыжскай ратушы. Наступную персанальную выставу ў Рызе я пакуль не планаваў.

– Скажыце колькі словаў да чытачоў нашага сайта і бюлетэня.

Добра, калі ёсць сябры, а такімі сябрамі для нас, беларусаў замежжа, ёсць Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», з яго нястомнымі рупліўцамі, кіраўніком Аленай Макоўскай, старшынёй Рады Нінай Шыдлоўскай і іх паплечнікамі па працы.

Старшыня Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар» Вячка Целеш Рыга. 1 жніўня 2016 г.

Гутарыў Сяргей Кандраценка, прэс-сакратар Згуртавання «Бацькаўшчына»