9 жніўня 90-гадовы юбілей святкуе сябра Вялікай Рады Згуртавання «Бацькаўшчына», адзін з найвыбітных дзеячаў беларускай эміграцыі, гісторык і публіцыст доктар Янка Запруднік.
Спадар Янка нарадзіўся ў 1926 годзе ў мястэчку Мір (цяпер Карэліцкі раён) у сям’і настаўнікаў. У акупацыю скончыў Баранавіцкую прагімназію, потым вучыўся ў Баранавічах у гандлёвай школе, належаў да СБМ. У 1944 годзе апынуўся ў Германіі, дзе да траўня 1946 года знаходзіўся ў лагеры для ваеннапалонных у амерыканскай зоне акупацыі. Пасля палону знаходзіўся ў лагеры для перамешчаных асоб у Рэгенсбургу і Міхельсдорфу. Там жа, у лагеры, скончыў у 1947 годзе Беларускую гімназію імя Янкі Купалы. У студзені 1948 года выправіўся ў Вялікабрытанію, працаваў там на шахтах. Далучыўся да дзейнасці Згуртавання беларусаў у Вялікай Брытаніі, браў удзел у выданні часопіса беларускай моладзі «Наперад!». У 1954 годзе скончыў гістарычны факультэт Лювенскага каталіцкага ўніверсітэта ў Бельгіі. З 1957 года – у ЗША. Пасля заканчэння ўніверсітэта Янка Запруднік пачаў працаваць журналістам беларускай секцыі радыёстанцыі «Вызваленне» (ад 1964 года – «Свабода»). Пераехаўшы ў ЗША у 1957 годзе, спадар Янка працягваў працу на гэтай радыёстанцыі ў Нью-Ёрку да 1991 года. У 1969 годзе абараніў у Нью-Ёркскім універсітэце доктарскую дысертацыю, выкладаў гісторыю ў вышэйшых навучальных установах ЗША. Напісаў дзясяткі навуковых артыкулаў і кніг па гісторыі Беларусі.
«Я знайшоў сэнс жыцця ў службе свайму народу, сваёй Бацькаўшчыне, беларускай справе. Гэта надае майму жыццю дамэтнасць і прыносіць духовае задавальненне», – гэтак акрэсліў сэнс свайго жыцця доктар Янка Запруднік у адным з сваіх інтэрвію.
Шаноўны спадар Янка! Ад імя Управы Згуртавання «Бацькаўшчына» сардэчна віншуем Вас з юбілеем, жадаем моцнага здароўя, нязгаснай энергіі, радасці і шчасця, каб Беларусь яшчэ доўгія гады ведала плён ад Вашай руплівай працы!
Шчыра дзякуем за нашае шматгадовае партнёрства і сяброўства.
Управа МГА «ЗБС “Бацькаўшчына”» Фота: Радыё «Свабода»