Сёння споўнілася б 90 гадоў айцу Аляксандру Надсану.

Айцец Аляксандр Надсан нарадзіўся 8 жніўня 1926 года ў мястэчку Гародзей (цяпер Гарадзея) на Нясвіжчыне ў сям’і настаўнікаў. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю – вывучыўся на настаўніка матэматыкі. Семінарыя, паводле ягоных сведчанняў, назаўсёды зрабіла яго перакананым беларусам.

У вайну Аляксандр Надсан узначальваў мясцовае аддзяленне Саюза беларускай моладзі, скончыў афіцэрскую школу  Беларускай краёвай абароны. Быў скіраваны на Заходні фронт у Францыю і там далучыўся да Руху Супраціўлення. Пазней ваяваў у Італіі ў складзе арміі генерала Андэрса. Быў паранены.

Пасля вайны айцец Аляксандр апынуўся ў Брытаніі. За некалькі месяцаў ён самастойна авалодаў англійскай мовай і паступіў у Лонданскі ўніверсітэт на аддзяленне матэматыкі (скончыў у 1953 годзе). У 1946 годзе Аляксандр Надсан стаў адным са стваральнікаў Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі, адной з найстарэйшых з дзейных сёння беларускіх арганізацыяў у замежжы. Браў удзел у працы Беларускага акадэмічнага каталіцкага аб’яднання «Рунь», што гуртавала інтэлектуальную беларускую моладзь у Заходняй Еўропе і ЗША. Выдаваў часопіс «Беларус на чужыне» (1947–1950).

У 1953 годзе Аляксандр Надсан пачынае пяцігадовую вучобу ў Папскай Грэцкай (Рым). 23 лістапада 1958 года ён быў высвечаны на святара і ў наступным годзе вярнуўся ў Беларускую каталіцкую місію ў Вялікабрытаніі (Лондан). Ад 1966 года айцец Аляксандр кіраваў школай-інтэрнатам імя Кірылы Тураўскага пры ёй, а ў 1981 годзе, пасля смерці біскупа Чэслава Сіповіча, сам узначаліў місію. У 1986 годзе айца Надсана прызначылі Апостальскім візітатарам для беларусаў-каталікоў замежжа.

Калі была знята жалезная заслона, айцец наведваў Беларусь, прывозячы дапамогу для дзяцей.

Святарскае служэнне для айца заўсёды было звязанае з працай па захаванні беларускай культуры. Ён актыўна працаваў у складзе Англійска-Беларускага таварыства, чытаў лекцыі, друкаваўся ў перыядычных выданнях, цікавіўся старадрукамі. Яму ўдалося вызначыць год выдання «Малой падарожнай кніжкі» Скарыны (1522), расчытаць і ўвесці ў навуковы ўжытак аль-кітабы. Яму належаць каля 250 навуковых публікацый, кнігі па гісторыі Беларусі і гісторыі беларускай царквы, пераклады з грэцкай і славянскай моваў на беларускую літургічных тэкстаў. Ягоны пераклад малітоўніка «Госпаду памолімся» з’яўляецца афіцыйным тэкстам набажэнстваў Беларускай грэка-каталіцкай царквы.

Айцец Аляксандр Надсан пайшоў у лепшы свет 15 красавіка 2015 года пасля хваробы, але памяць пра яго будзе вечная. Дзякуючы яго перакладам беларуская мова ўвайшла ў сям’ю сакральных моваў. Амаль кожны навуковец, які захоча займацца вывучэннем Беларусі, будзе вымушаны азнаёміцца і з працамі Надсана.

Справай апошніх гадоў жыцця для айца Надсана стаў пераклад Псалтыра, і днямі гэтая кніга пабачыла свет.


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение