Пабачыў свет новы, трыццаць восьмы выпуск гістарычнага альманаха «Запісы БІНіМ», што з 1952 года выдаецца Беларускім інстытутам навукі і мастацтва ў Нью-Ёрку. Тэму нумара рэдакцыя азначыла словам «Памяць». Гэтым разам акрамя традыцыйных для альманаха тэкстаў (выданне мае больш за 600 старонак) чытачам прапанаваныя два кампакт-дыскі. Адзін з іх утрымлівае файл з бібліяграфіяй рэлігійнага часопіса «Божым Шляхам», выдаванага грэка-каталікамі ў Парыжы і Лондане з 1947 па 1980 гг. (укладальнік — Алесь Аўдзяюк). Другі — укладзенае галоўнай рэдактаркай «Запісаў» Наталляй Гардзіенка мультымедыйнае выданне «Віртуальны нэкропаль: Беларускія могілкі ў сьвеце». Гутарку з ёй пра незвычайныя аспекты гістарычнай памяці і спосабы яе захавання мы радыя прапанаваць да вашай увагі.
— Мультымедыйны дадатак «Віртуальны некропаль» і Ваш артыкул «Могілкі як частка мэмарыяльнай культуры беларускай эміграцыі» вылучаюцца на фоне астатніх матэрыялаў нумара і прыцягваюць да сябе ўвагу нязвыкласцю аб’екта даследавання. Ці сапраўды для прафесійнага гісторыка гэтая тэма экзатычная?
Могілкі для гісторыка — натуральны аб’ект даследаванняў, як і любое сведчанне чалавечай дзейнасці. І ў Беларусі ёсць даследаванні пахавальнай культуры і могілак, але яны датычаць менавіта беларускай тэрыторыі. А ў дачыненні эміграцыйных пахаванняў даследаванняў амаль не было. А могілкі эмігрантаў уяўляюць сабою вельмі цікавы аб’ект для вывучэння. Яны з’яўляюцца часткай мемарыяльнай культуры, у якой адлюстравалася бачанне сябе, стварэнне вобразу сябе для навакольнага грамадства. Тое, як і дзе хавалі беларусаў у замежжы, як выглядалі надмагільныя помнікі, якія надпісы рабіліся на іх і якія сімвалы змяшчалі — усё гэта дапамагае зразумець, чым жылі беларускія эміграцыйныя грамады. Таксама цікава суадносіць пахаванні беларусаў у Беларусі і ў замежжы. Гэта можа быць асобнай важнай тэмай для даследавання, што дасць магчымасць зразумець супольнае і адрознае ў тых дзвюх частках беларускай нацыі: мэтрапольнай і замежнай.
— Каля шасці дзясяткаў фотаздымкаў надмагілляў і помнікаў з усяго свету змясціў у публікацыі «Нашыя могілкі» Лявон Юрэвіч у № 27 «Запісаў» (2004), яшчэ каля чатырох дзясяткаў фотаздымкаў — Вы ў сваёй манаграфіі «Беларусы ў Вялікабрытаніі» (2010). «Віртуальны нэкропаль» утрымлівае апісанне амаль тысячы аб’ектаў. Ці існуюць іншыя падобныя публікацыі? Хто яшчэ займаецца дакументаваннем такой інфармацыі акрамя Вас і спадара Лявона? Ці ёсць прыклады такіх прац іншых даследчыкаў адносна сваіх дыяспар?
Збіраннем звестак пра беларускія пахаванні ў Еўропе займалася актыўна Беларуская нацыянальная памяць. Часам можна спаткаць звесткі-публікацыі пра асобныя магілы, прыкладам, Міколы Равенскага ў Бэльгіі, Міколы Абрамчыка ў Парыжы, якая пэўны час была як бы забытая, або пра беларускія пахаванні на Монтэ Касіна і г.д. Аднак абагульняльных ці аналітычных публікацыяў па замежных беларускіх пахаваннях дасюль не было. Мы выступаем тут як піянеры. Што праўда, у суседзяў: палякаў, расейцаў, украінцаў, — працы пра эміграцыйныя пахаванні — даволі частая з’ява. Багата можна спаткаць апісанняў асобных расейскіх, украінскіх ці польскіх могільнікаў у замежжы. Гэта тлумачыцца і больш колькаснымі эміграцыйнымі грамадамі суседзяў, што ўваходзяць у дзясятку найбольшых дыяспараў у свеце, а таксама і тым, што вывучэннем эміграцыі там займаюцца цэлыя інстытуты. У нас жа гэта па-ранейшаму справа хутчэй энтузіястаў-адзіночак. З іншага боку, мы стараемся выкарыстоўваць досвед суседзяў, ці прынамсі ўлічваць яго.
Францыя, Парыж, Cimetière du Père Lachaise. Надпіс: Nicolas ABRAMTCHIK / 1903—1970. Аўтар здымка: Наталля Гардзіенка.
— Паводле якога прынцыпу магілы ўключаюцца ў спісы? Якія параметры на гэта ўплываюць? Нацыянальнасць і паходжанне пахаванага, мова надмагільнага надпісу, далучнасць да беларускага руху?
У выпадку нашага «Віртуальнага некропалю» мы арыентаваліся, як і заяўлена ў прадмове, менавіта на эміграцыйныя пахаванні. І тут, як і ў іншых тэмах, звязаных з эмігрантамі, на першы план выходзяць асобы, якія самі пазначаюць сябе як беларусы, у тым ліку і на надмагіллях. Гэта можа быць беларуская мова эпітафіі, або сімволіка, або сам факт пахавання на беларускім могільніку. Беларуская мова ў кірылічным і лацінічным варыянтах найчасцей ужываецца на помніках на менавіта беларускіх могільніках, хоць багата беларусы карыстаюцца ў эпітафіях і ангельскай, і расейскай. Таму шукаць выключна па мове немагчыма.
Зразумела, важным была і вядомасць для нас прозвішча ўдзельніка грамады. Шукаць беларускіх эмігрантаў у шматэтнічным грамадстве даволі складана, тым болей, калі яны не пазначаюць сваё паходжанне. У такім выпадку звярталася ўвага або на пазнакі беларускага паходжання эмігранта на помніку (бывае, праўда, даволі рэдка, што ў эпітафіях фігуруе месца нараджэння), або звесткі пра эмігранта як удзельніка беларускай грамады. Што праўда, ёсць у базе і здымкі пахаванняў выхадцаў з Беларусі, якія не з’яўляліся менавіта беларусамі, як Хаім Суцін ці Іосіф Цадкін, ці апошні мінскі губернатар Друцкі-Сакалінскі. Але гэта хутчэй для больш шырокай геаграфіі і тэматычнага дыяпазону могілак.
— Пераважная большасць магілаў «Віртуальнага нэкропалю» чакана месціцца ў ЗША, Вялікабрытаніі ды Аўстраліі, але разам з тым кідаецца ў вочы тое, што Канада з Нямеччынай прадстаўленыя ў дзесяць разоў меншымі лічбамі, а колькасць беларускіх магілаў Польшчы ды Чэхіі вымяраецца адзінкамі. З чым гэта звязана?
Аснову нашай базы звестак склалі пахаванні з менавіта беларускіх могільнікаў ці беларускіх секцый вялікіх агульных могільнікаў. Яны знаходзяцца там, дзе былі найбольш кампактныя беларускія асяродкі: найперш у ЗША (у Саўт-Рыверы, Іст-Брансвіку ды Кліўлендзе), у Аўстраліі (у Мельбурне, Сіднеі і Перце), ды ў Вялікабрытаніі (у Лондане ды Манчэстэры). У іншых краінах (Канадзе, Нямеччыне, Францыі) даводзілася шукаць асобныя беларускія магілы на вялікіх шматэтнічных могільніках. А гэта надзвычай складана, як я ўжо казала. Таму і звестак пра тамтэйшыя беларускія пахаванні значна меней. У Чэхіі беларусаў сапраўды было няшмат, што ж датычыць Польшчы, то тут для нас было складанае пытанне. Паколькі мы збіралі менавіта пахаванні эмігрантаў, то ўключаць у базу могілкі з Беласточчыны, прыкладам, было немэтазгодна. Уключаныя ў базу колькі варшаўскіх пахаванняў таксама выклікаюць пытанні з пункту гледжання аднясення да эмігрантаў, як Федароўскі ці Адам Плуг. Але гэта хутчэй падстава для выпрацоўкі ў будучыні нейкай больш выразнай канцэпцыі для стварэння шырэйшага «Віртуальнага нэкропаля», які б уключаў беларускае замежжа ў глабальным разуменні.
— З якімі складанасцямі сутыкаецца даследчык, які займаецца пошукам беларускіх пахаванняў за мяжой?
Найпершая і найбольшая складанасць — геаграфічная аддаленасць. Каб шукаць і апісваць беларускія пахаванні, прыкладам, у Канадзе ці Аўстраліі, туды трэба даехаць. Пошукі магілаў па-за ўласна беларускімі могільнікамі вымагаюць да таго ж багата часу. Аднаму чалавеку гэта зрабіць вельмі складана. Таму ў базе скарыстаныя здымкі, зробленыя рознымі асобамі і ў розны час. Вялікая падзяка належыць усім, хто дапамагаў у гэтай справе. Звесткі збіраліся цягам дзесяцігоддзяў.
Шукаць нават магілы вядомых дзеячаў эміграцыі аказваецца часам вельмі складана проста праз адсутнасць звестак пра месца пахавання. Часам мала проста ведаць назву могілак (а бывае невядомая і яна). Прыкладам, мы ведалі, што ў Афінах на найбуйнейшым могільніку пахаваны Зыгмунт Мінейка, аднак не маючы дакладных звестак блукаць сярод дзясяткаў тысяч магілаў можна тыднямі, а ў нас быў адзін дзень. І могілкавая рэгістрацыйная кантора не магла нам дапамагчы ў пошуку. Пашанцавала спаткаць святара, які змог прыкладна паказаць дзялянку, дзе знаходзілася магіла. Даволі складана было шукаць і магілу першага паваеннага Прэзідэнта Рады БНР Міколы Абрамчыка на знакамітых могілках Пэр Лашэз у Парыжы. Нават уяўляючы прыкладна секцыю, знайсці вельмі непрыкметнае надмагілле сярод вялікіх стэлаў і склепаў забрала багата часу.
Грэцыя, Афіны, Першыя афінскія могілкі. Эпітафія па-грэцку. Аўтар здымка: Наталля Гардзіенка.
Бываюць іншыя выпадкі, калі ведаем, што магіла на канкрэтных могілках, і нават адрэсу дакладную яе маем, а надмагілля не аказваецца на месцы. Так было з пахаваннем былога слуцкага паўстанца Лявона Рыдлеўскага ў Лондане. Калі мы знайшлі яго ў 2007 годзе, помніка ўжо даўно не было. Але мясцовае Згуртаванне беларусаў з часам паставіла новы помнік. А вось парэшткі пралата Пётры Татарыновіча ў Рыме былі перапахаваныя ў іншую магілу і іх пошук гэтым значна ўскладніўся. Але гэта ўсё ж лепшы варыянт, і магіла не трапіла ў спіс страчаных, як, прыкладам, пахаванне Тамаша Грыба на Гальшанскіх могілках у Празе. Яшчэ складаней пошук, калі нават назву могілак не ведаеш. Прыкладам, на сёння няма дакладных звестак пра пахаванне Язэпа Варонкі, што памёр каля Чыкага. Часам дапамагаюць анлайн сервісы для пошуку пахаванняў. Праўда, іх істотны мінус — яны платныя. Да таго ж, часта складана ўгадаць дакладны варыянт напісання прозвішча ў рэестры могільніка. Усё гэта робіць працэс збірання звестак пра пахаванні эмігрантаў даволі складаным.
Праўда, часам, пры пошуку аднаго беларускага пахавання, знаходзіш і іншыя. Так было ў Канадзе, калі я проста блукала пра розных могілках у Таронта і побач з магіламі вядомых мне дзеячаў мясцовай грамады знаходзіла цікавыя надмагіллі ранейшых эмігрантаў з Беларусі.
— Апошнім часам на вочы трапляецца інфармацыя з розных краінаў пра ініцыятывы па стварэнні электронных мапаў могілак. Кампутаршчыкі нават абяцаюць стварыць адмысловыя праграмы для мабільных прыладаў. Ці дапаможа гэта істотна дапоўніць і пашырыць наступныя версіі «Віртуальнага нэкропалю»?
Развіццё тэхналогіяў сапраўды дапамагае. Тыя самыя генеалагічныя анлайн сервісы, якія я ўжо згадвала, дапамагаюць у пошуку. Можа, калі будзе магчымасць рабіць дакладныя электронныя мапы могілак, шукаць патрэбныя магілы стане крыху прасцей. Прынамсі не будзе патрэбы адмыслова наведваць адпаведныя могілкі асабіста. Але, баюся, гэта ўсё ж далёкая перспектыва. Шмат якія могільнікі, якія я наведвала ў Аўстраліі, Канадзе ды іншых, маюць сайты, пошукавыя сістэмы, выкладваюць у сеціва здымкі надмагілляў. Але калі там дзясяткі і сотні тысяч надмагілляў — гэта надзвычай вялікая праца. А дапаўняцца «Віртуальны некропаль», спадзяюся, будзе і надалей тым самым спосабам — праз расшукванне і фатаграфаванне новых і новых надмагілляў, пашырэнне геаграфіі і тэматычнага абсягу. Вельмі хацелася б, каб да гэтай справы далучыліся іншыя зацікаўленыя асобы і арганізацыі. Мы плануем з часам змясціць нашую базу ў сеціве для больш шырокага доступу.
— Якую інфармацыю нясуць беларускія пахаванні? Чым адметныя магілы беларускай дыяспары ў розных краінах?
Беларускія пахаванні могуць распавесці не толькі пра асобных спачылых беларусаў, адметнасці іх жыццёвага шляху ці захапленняў (ёсць надмагіллі з выявамі аўтамабіляў, спартовых прыладаў і інш.), але і пра эміграцыйныя грамады наогул. Па могілках можна нават пэўную дэмаграфічную характарыстыку тых грамадаў рабіць, фіксаваць вагу розных пакаленняў у грамадзе, сярэднюю працягласць жыцця і інш. Па некаторых могільніках мы паспрабавалі гэта зрабіць.
Зразумела, што пахаванні беларускіх эмігрантаў у розных краінах маюць свае адметнасці, на якія часта ўплывае мясцовая пахавальная індустрыя. Так, знешні выгляд надмагілляў аўстралійскіх беларусаў (найчасцей з чорнага граніту ці мармуру з надпісамі залатымі літарамі) адрозніваецца ад пераважна больш сціплых надмагілляў на беларускіх могільніках у амерыканскіх Саўт-Рыверы ці Іст-Брансвіку. Аднак мяне найперш цікавілі менавіта пазнакі беларускасці на помніках. І тут можна вылучыць два асноўныя маркеры — тэксты эпітафіяў і сімволіку. У тэкстах беларускіх надмагілляў можна знайсці не толькі пазнакі месца нараджэння і смерці, вызначэнне грамадскага і сваяцкага статусу пахаваных. Сустракаюцца вершы айчынных класікаў ці эміграцыйных аўтараў, радкі з песень (прыкладам, «Беларусачка, дарагая сяброўка мая» на магіле Зоры Кіпель). Праўда, з цытатамі бываюць і кур’ёзы. Прыкладам, на адным надмагіллі ў Мельбурне радкі з знакамітай песні Сяржука Сокалава-Воюша прыпісаныя мясцоваму беларусу, які, відавочна, іх вельмі любіў.
ЗША, Іст-Брансьвік (Нью Джэрзі), могілкі Царквы Жыровіцкай Божай Маці БАПЦ. Надпіс: КІПЕЛЬ // «БЕЛАРУСАЧКА, / ДАРАГАЯ / СЯБРОЎКА / МАЯ» // ЗОРА / ДЗЯВОЧАЕ САВЁНАК / МІНСК 1.VII.1927 — ЗША 14.IV.2003 / ВІТАЎТ / МІНСК 30.V.1927 // ЖЫЛІ Й ПРАЦАВАЛІ ДЛЯ БЕЛАРУСІ. Аўтар здымка: Алег Гардзіенка.
Частая фармулёўка ў эпітафіях грамадскіх ці вайсковых дзеячаў апелюе да знакамітага «Спі пад курганам герояў…» Наогул змагарны пафас у эпітафіях згаданых дзеячаў даволі адметны і падмацоўваецца выкарыстаннем адпаведнай сімволікі — часцей выявы Пагоні (радзей бел-чырвона-белага сцягу). Аднак варта адзначыць, што ў цэлым на беларускіх эміграцыйных надмагіллях дамінуе рэлігійная сімволіка (праўда, вельмі пашыраны менавіта ефрасіньеўскі крыж). А сярод свецкіх нацыянальных сімвалаў найбольш часта выкарыстоўваюцца васількі, каласы і арнамент. І гэта аб’ядноўвае пахаванні ў розных краінах.
Аўстралія, Мэльбурн Fawkner Memorial Park. Надпіс: Сьветлай памяці / Павел Гуз / Нарадзіўся на Беларусі в. Дуброва/ Аставів у смутку жонку, сыноў і ўнукаў. / Хай сняцца табе палескія бары і дубравы / Спі ў чужоў зямлі аўстралійскай патрыёт / змагар за Бацькаўшчыну. Вечная памяць. / Paul Guz / beloved and cherished husband of Teofila / Adored tata pf Michael and Nicholas, / beloved Jedd to Mathew, Nicholas and Megan / greatly loved brother of Alexander and Tamara / dearly uncle to Nina, Philip and Nieces, / Rest in perfect peace / tata (zyvie Belarus) На асобнай пліце радкі: Мне краёй чужых не трэба, / як ні варажы / Не хачу чужога неба / радасьцяў чужых. / Бо чужына сэрца джаліць / цісьне, як змяя / бо гукае з дальніх даляў / Беларусь мая. / П.Д. — Сьветлай памяці / Тзофіля Гуз (Пшыбэк) / нарадзілася ў Польшчы в. Вельможа / 15.1.1925 г. Пам. 3.7.2006 / Аставіла ў смутку выноў і ўнукаў / Хай сняцца табе тыя прыгожыя мясціны / твайго децтва. Аўстралійская зямля хай будзе / табе лёгкай. Вечная памяць / Dearly loved wife of Paul / Adored mother og Michael and Nicholas / beloved baba of Mathew, Nicholas and Megan / Always loved, never fofgotten / forever in our hearts / our mutts Аўтар здымка: Аляксей Язылец.
— Якія тэмы стануць галоўнымі для наступных выпускаў «Запісаў»? Як хутка можна чакаць новых нумароў? Ці стане традыцыяй выпуск мультымедыйных дадаткаў да альманаха?
Пачну з канца. Сёлетні мультымедыйны дадатак у «Запісаў» не першы. У нумары 36 мы рабілі таксама адмысловы дыск з мультымедыйнай базай па беларускіх эміграцыйных калекцыях. Там былі змешчаныя выявы паштовак, марак, значкаў і іншага, што выдавалі і выраблялі эмігранты. Сёння гэтую базу можна знайсці на сайце Інтэрнэт-бібліятэкі Камунікат. Так што новы дыск — ужо працяг гэтай практыкі. Ці будуць яшчэ — пакажа час.
Хачу таксама адзначыць, што сёлетнія «Запісы» не вычэрпваюцца тэмай могілак. У нумары ёсць цікавыя і важныя публікацыі з эпісталярнага архіву Янкі Запрудніка, першапублікацыя ўспамінаў айца Льва Гарошкі, тэкст пра Льва Клейнбарта, гутарка пра эміграцыйныя архівы і багата іншых матэрыялаў, якія, спадзяюся, чытачы належна ацэняць.
Што ж датычыць наступных «Запісаў». То яны маюць з’явіцца ў наступным годзе і першай (галоўнай) тэмай іх будзе беларуская прысутнасць у Італіі. Гэтым мы працягваем своеасаблівую «геаграфічную» тэматыку ў нашым альманаху, дзе ўжо былі падборкі, прысвечаныя беларусам у Нямеччыне, Францыі, Чэхіі. Спадзяюся, што і «італьянскі» нумар будзе не менш цікавы за папярэднія.