Якія фізічныя практыкаванні дазваляюць 90-гадоваму Янку Запрудніку выглядаць на 60? Якім чынам ён падчас “халоднай вайны” перадаваў інфармацыю праз “жалезную заслону”? Як Ватыкан дапамог нашаму суразмоўцу і яго сябрам трапіць з англійскай шахты ва ўніверсітэт? На гэтыя і іншыя пытанні «Народнай Волі» адказаў грамадска-палітычны дзеяч, гісторык і палітолаг Янка Запруднік, патрыярх беларускай дыяспары ў Амерыцы.
“Мая любімая страва – усё, што паставіць на стол жонка”
– Спадар Запруднік, вам амаль 90 гадоў, а выглядаеце вы на 60. У чым ваш сакрэт?
– Тут шмат фактараў. Гэта заслуга маіх бацькоў, бо гены вельмі ўплываюць на лёс чалавека. Лад жыцця: паліць я кінуў у студэнцкім веку, гарэлкай не злоўжываў, хоць у маладосці бывалі розныя прыгоды (смяецца). Аптымістычна гляджу на жыццё, не зважаючы на цяжкасці. Можна ўвесь час наракаць, быць незадаволеным тым, што адбываецца вакол цябе. Але тады арганізм, каб перамагчы, губляе больш энергіі, чым звычайна. Надзя, мая другая жонка, з якой я ўзяў шлюб у 1995 годзе, вельмі добра мяне даглядае. Мы абое заўсёды заняты нейкай творчай дзейнасцю. Дзякуючы медыцынскай страхоўцы маем добрае медыцынскае забеспячэнне. Рэгулярны дагляд, два разы ў год сустрэча з тым або іншым спецыялістам.
– З чаго складаецца ваш звычайны дзень?
– Дзень пачынаецца ўключэннем камп’ютара і праглядам незалежных беларускіх сайтаў (“Наша Ніва”, Радыё Свабода і іншыя). Чытаем свежую прэсу. Кожны дзень раніцай каля нашага двара праязджае машына, якая кідае нам The New York Times. Надзя цікавіцца навуковым і кулінарным раздзеламі, я – палітыкай.
Натуральна, далей сняданак. Мая любімая страва – усё, што паставіць на стол жонка (смяецца). Зрэшты, мы і на кухні разам працуем. Пераважаюць беларускія стравы – напрыклад, дранікі. Люблю аўсянку. Некалі ахвотна ласаваўся каўбасой, яна была для мяне самай смачнай ежай. У апошнія гады мяса адышло на задні план, наперад выйшлі малочныя і рыбныя прадукты. Раз на два тыдні зазіраем у кітайскі рэстаран. Можам пакаштаваць і іншую кухню: індускую, італьянскую, грэчаскую. Але сваё заўжды смачнейшае. А потым пачынаецца звычайны дзень, які напоўнены інтэлектуальнымі і фізічнымі заняткамі.
– Што вы разумееце пад фізічнымі заняткамі? Падарожжа пешшу?
– Не толькі. Мы з жонкай рэгулярна наведваем спартыўны клуб. Там поўная калекцыя трэнажораў. Кожны дзень раблю прысяданні, бо трэба вельмі даглядаць ногі. Калі дажывеш да 90 гадоў, зразумееш (смяецца). У нашым сямейным коле ёсць людзі, што малодшыя за нас, але маюць фізічныя праблемы. Трэба прыехаць да іх (і ў мяне, і ў жонкі ёсць машына), нешта прынесці, падняць. Як я жартую, мы, старэйшыя векам, дапамагаем малодшым калекам (смяецца).
Што да інтэлектуальнага, дык мы з жонкай спяваем у царкоўным хоры. Нядзеля ідзе на богаслужэнне, на сустрэчу з сябрамі – ці ў рэстаране, ці ў каго на кватэры. Часта бачуся з маім сябрам Вітаўтам Кіпелем, дырэктарам Беларускага інстытута навукі і мастацтва. Дарэчы, яго мемуары маюць сімвалічны загаловак “Жыць і дзеіць”. Жывеш дзеяннем, нечым, у чым маеш цікаўнасць. Наша цікаўнасць – у беларусістыцы, у беларушчыне наогул. Так што дзень напоўнены.
– Вы жывяце ў сваёй кватэры?
– Не, яе гаспадыняй цяпер з’яўляецца мая малодшая незамужняя дачка і кацяняты (смяецца). А я пераехаў да Надзі ў загарадны дом. Жыву ў Нью-Джэрсі, недалёка ад Саўт-Рывера, дзе знаходзіцца Беларуска-амерыканскі грамадска-рэлігійны цэнтр.
– Паслухаеш, дык проста райскае жыццё! Навошта вы да гэтага часу працуеце і пішаце кнігі?
– Для гэтага патрабуецца адпаведны палітычны рэжым. Ты хочаш нешта зрабіць, апублікаваць, сказаць, і ў цябе няма ніякіх перашкод. Не трэба хадзіць да нейкага акенца, каб дастаць нейкую цыдулку, паперку. Узнікае адчуванне свабоды. Асабліва ў жаданні рэалізаваць нейкія маленькія ці вялікія праекты. Тады і бярэшся за працу.
“Мы знаходзіліся пад зямлёй, у забоі. Ішоў канвеер, трэба было лапатай кідаць на яго вугаль”
– Гады “халоднай вайны” ў мяне асацыіруюцца з “жалезнай заслонай”. Сваякі, што жылі па яе розныя бакі, не маглі сустракацца. Ці кантактавалі вы з роднымі?
– Калі я ў 1944 годзе выязджаў на Захад, не змог паведаміць пра тое бацькам, бо я быў у Баранавічах, яны – у Міры на адлегласці ў 50 кіламетраў. Пасля вайны я знайшоў спосаб з імі камунікавацца. У Польшчы жылі агульныя знаёмыя. Праз іх я перадаваў маці то сурвэтку, то хустку, каб паведаміць, што жывы. Пазней паведамляў пра сябе праз стрыечную сястру, якая жыла ў Польшчы.
Але асабіста пабачыцца я не змог. Маці памерла ў 1981 годзе. А Савецкі Саюз распаўся пазней. Бацька, як высветлілася, загінуў яшчэ падчас вайны, змагаючыся на савецкім баку. Таму змог сустрэцца з братам, які і цяпер жыве ў Баранавічах. Натуральна, я мог бы яму напісаць. Але ліст з-за мяжы ад сваяка, які займаецца антысавецкай дзейнасцю, яму толькі нашкодзіў бы.
– Ваша спраўднае імя – Сяргей Вільчыцкі. Вы ўзялі псеўданім для канспірацыі?
– Янка Запруднік – не псеўданім. Бо псеўданім з’яўляецца, калі аўтар нешта напісаў і хоча апублікаваць. Гэта прозвішча, якое я атрымаў з-за абставін пасляваеннага часу. Пасля вайны я трапіў у лагер для перамешчаных асоб. Даваць адпаведны статус мне не хацелі. Але ў лагеры быў нейкі Запруднік, на шэсць гадоў старэйшы за мяне, які выехаў, але яго не выкраслілі са спісаў. Мне прапанавалі жыць з ягоным прозвішчам.
Зрэшты, нават калі б я не стаў Запруднікам, усё роўна не карыстаўся б сваім прозвішчам, бо працаваў на “Радыё Свабода”. Не хацелася падстаўляць сваякоў. Таму, працуючы на Радыё, я вяшчаў не як Запруднік, а як Арсень Загорны. Калі “Песняры” прыязджалі ў ЗША, я званіў ім пад прозвішчам Павел Янкоўскі, каб расказаць, што пра іх пішуць у цэнтральнай прэсе (яны падарожнічалі па правінцыі).
– Як вы трапілі на Радыё Свабода?
– Пачыналася ўсё з працы на англійскай шахце. Мы знаходзіліся пад зямлёй, у забоі. Ішоў канвеер, трэба было шуфлем кідаць на яго вугаль. Таксама мы пракладвалі трэкі пад зямлёй даўжынёй да 300 метраў. Работа была цяжкая. Але адпрацаваўшы два з паловай гады, я пра яе не шкадую.
Разам са мной працавала яшчэ 11 беларусаў. З кожнай зарплаты мы адкладвалі грошы ў агульную касу. За гэтыя сродкі выпускалі свой часопіс “Наперад!” і рассылалі яго па лагерах перамешчаных асоб, дзе жылі беларусы. Так пра нас даведаліся. Потым старшыня Рады БНР Мікола Абрамчык і адзін бельгіец, пляменнік старшыні мясцовага парламента, здабылі для беларусаў стыпендыі для навучання ў Лювенскім універсітэце (Бельгія). Частка гэтых стыпендый была з Ватыкана, частка ад бельгійскага Камітэта дапамогі беларускім студэнтам. Дзевяць з 12 чалавек паступілі.
Мне прапаноўвалі застацца выкладчыкам на гістарычным факультэце і пісаць доктарскую дысертацыю. Але тады пачала працаваць радыёстанцыя “Вызваленне” (так спачатку называлася Свабода). Рада БНР, якая дабілася беларускамоўнага вяшчання, спадзявалася на пэўную салідарнасць з нашага боку. Таму мы падпарадкаваліся дысцыпліне.
На радыё мне сказалі: “Калі паедзеш у Амерыку, мы разрываем з табой кантракт”
– Ладны кавалак вашага жыцця прайшоў за акіянам. Чаму вы пераехалі ў ЗША?
– Я ўсё ж такі не пакідаў надзеі напісаць доктарскую працу. Але пры маёй зарплаце зрабіць тое ў Мюнхене, дзе базіравалася радыё, было нерэальна. Тым часам на радыё “Вызваленне” працавалі людзі, якія прыехалі з-за акіяна. Іх зарплата была больш высокая, чым у “еўрапейцаў”. Я абурыўся: чаму ім плацяць больш? У аддзеле кадраў мне адказалі, што гэтыя людзі прыехалі з Амерыкі, пакінуўшы там магчымасці для кар’ернага росту ў зарплаце. Тады я прапанаваў: “Дык і я паеду за акіян, а потым адтуль вярнуся”. Мне ў адказ: “Калі паедзеш у Амерыку, мы разрываем з табой кантракт”.
Але я адчуваў, што ўладкуюся там. Нават, калі мяне не возьмуць назад. Звольніўся, узяў сям’ю, 300 кілаграмаў кніжак (смяецца) і паехаў за акіян. Прыехаў 23 сакавіка, а 25 сакавіка свята – Дзень Волі. Мне тэлефануюць з Радыё “Вызваленне”: “Ці не хацелі б вы напісаць рэпартаж?” Згадзіўся і неўзабаве стаў пісаць для іх тэксты ўжо як вольны супрацоўнік. А праз дзесяць месяцаў мяне зноў узялі ў штат радыё, але ўжо ў амерыканскую студыю радыё “Вызваленне”. А праз пэўны час я абараніў пры Нью-Ёркскім універсітэце дысертацыю.
– Натуральна, Беларусь з-за акіяна і Беларусь, якую бачыш на свае вочы, адрозніваюцца. Якія вашы ўражанні ад сёлетняй паездкі?
– Апошні раз мы былі на радзіме тры гады таму. За гэты час шмат чаго змянілася да лепшага. Асабліва ў турыстычнай сферы: добрыя гатэлі, магчымасць падмацавацца па дарозе, надпісы па-англійску (калі меркаваць па фасадах, англійская мова па частаце ўжывання цяпер на другім месцы пасля рускай, беларуская – на трэцім), магазіны, якія забяспечаны харчовымі таварамі, якаснае абслугоўванне, чыстыя дарогі. Праўда, мы бачым лепшае, але ад людзей чуем горшае. Эканамічныя цяжкасці, маленькія пенсіі і высокія кошты.
– А як людзі рэагуюць на беларускую мову?
– Вось тут назіраюцца вельмі вялікія змены. Мы ўсюды карысталіся беларускай мовай. І нідзе ні ад кога не пачулі адмоўнай, варожай рэакцыі, чаго мы баяліся. Калі мы першы раз прыехалі ў Беларусь, многія людзі перажывалі шок пасля раптоўнага распаду СССР. Сваю жоўць, незадаволенасць вылівалі на нас. У грамадстве панавала думка, што ва ўсім вінавата Амерыка. Маўляў, гэта яна справакавала распад Саюза (дарэчы, тое ж самае цяпер кажуць у дачыненні да Украіны). Тады, на пачатку 1990-х, мы чулі фразы: “Разговаривайте на человеческом языке”. Цяпер на цябе нарэшце глядзяць як на нармальнага чалавека. Незалежна ад таго, на якой мове ты гаворыш.
Іншая справа, што мы не чулі музыкі роднай мовы з вуснаў малых дзетак. За гэта нам баліць душа. Якая будучыня беларускай культуры? Што рабіць беларускаму паэту, які прыходзіць чытаць у школу вершы, а яму кажуць “мы не понимаем”? Нельга сказаць, што варажнеча супраць беларускай мовы ў грамадстве цалкам знікла. Можа, яна паслаблена пад уздзеяннем моладзі, якая шануе нацыянальную культуру? Так хочацца ў гэта верыць!