У мінскай бібліятэцы імя Пушкіна сабралося некалькі сотняў чалавек на прэзентацыю кнігі «Кантакты», якая пабачыла свет у «Кнігазборы» і была прысвечана Янку Запрудніку — аднаму з «дванаццаткі», гісторыку, дзеячу Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку, айцу-заснавальніку і кіраўніку амерыканскага аддзела «Радыё Вызваленне», якое пазней сталася Беларускай Рэдакцыяй «Радыё Свабода». Сустрэча адбылася пры падтрымцы кампаніі “Будзьма беларусамі!”
У жніўні 2016 года Запрудніку мае споўніцца 90 гадоў, з гэтай нагоды спадар Янка з жонкай Надзеяй вырашылі наведаць Беларусь. Зразумела, з часоў незалежнасці сям’я Запруднікаў не раз прыязджала ў Беларусь, іх заўжды цёпла сустракалі. Але такога ажыятажу, ды яшчэ ў анамальную летнюю спёку, бадай, не чакалі ні Запруднікі, ні арганізатары вечарыны: у даволі вялікую, як на мінскія ўзоры, залу пушкінскай бібліятэкі людзі ішлі роўнай і шчыльнай плынню, і калі да пачатку імпрэзы заставалася хвілін пятнаццаць (то бок у той час, калі звычайна людзі толькі пачынаюць збірацца), у залі ўжо не было вольных крэслаў, таму наведнікі займалі будзь якое вольнае месца каля вакна альбо ў праходзе.
“Маршалкавала” і “вяла рэй” на сустрэчы гісторык Наталля Гардзіенка. Яна, зрэшты, была і адной з аўтараў кнігі, якую многія наведнікі трымалі ў руках – “Кантакты”, якая якраз напярэдадні прыезду Янкі Запрудніка выйшла ў серыі “Бібліятэка “Бацькаўшчыны” і, нягледзячы на партрэт доктара Янкі на вокладцы, з’яўляецца чарговым праектам вядомага тандэму Наталля Гардзіенка / Лявон Юрэвіч. На рахунку гэтага тандэму ўжо не адзін дзясятак кніг: хоць і не адзначаныя ніякімі прэміямі — ні літаратурнымі, ні акадэмічнымі, Гардзіенка і Юрэвіч з’яўляюцца на цяперашні час найбольшымі актывістамі ў справе пашырэння ведаў пра паваенную эміграцыю. І на гэты раз матэрыялам для іх паслужылі найбагацейшыя амерыканскія калекцыі беларусістыкі і асабліва багаты эпісталярый эмігрантаў. У лістах, скіраваных да доктара Запрудніка з усіх канцоў “беларускага свету”, — і скаргі, і пытанні, без перабольшання сотні імёнаў беларусаў дыяспары і метраполіі, абмеркаванні надзённых пытанняў, актуаліяў у Беларусі і Амерыцы, Еўропе і Аўстраліі.
Эпіцэнтр самога ліставанння і ўласна сустрэчы, Янка Запруднік, як і ў гэтай кнізе, так і на імпрэзе заставаўся нібыта “медыятарам”, мембранай, праз якую праходзілі токі беларускага жыцця на эміграцыі. У бібліятэцы Пушкіна сабраліся шматлікія ягоныя сябры і знаёмыя з часоў перабудовы і аднаўлення беларускай незалежнасці: Адам Мальдзіс, Станіслаў Шушкевіч, Радзім Гарэцкі, Уладзімір Арлоў, Зьніч (Алег Бембель) і дзясяткі іншых.
Успамінамі пра сваю першую паездку за мяжу падзяліўся старэйшына беларускага літаратуразнаўства Адам Мальдзіс — гэта быў канец брэжнеўскай эпохі, калі загадчык аддзела культуры ў ЦК КПБ Іван Антановіч запрасіў даследчыка паехаць у “логава імперыялізму” па пуцёўцы ЮНЕСКА. Былі і інструктажы, і страх, і знаёмства зАнтонам Адамовічам, і кур’ёзы, кансультацыі з савецкімі амбасадарамі – паводле аповедаў Мальдзіса даўно варта здымаць поўнаметражныя фільмы, настолькі яркія выходзяць сцэнарыі. “Замежныя беларусы будуць мне для розных радыёстанцый задаваць пытанні, пытанні, пытанні, а я прыеду ў Беларусь і мяне – пад рукі, пад рукі, пад рукі” – акрэсліў тагачасны свой стан Мальдзіс. Тым не менш, гэтая паездка-вылазка растапіла лёд паміж эміграцыяй і метраполіяй. “Ды і часы паціху змяняліся” – урэшце прыгадаў Мальдзіс, хоць наколькі сур’ёзна яны зменяцца не ведалі, бадай, ні на адным баку мяжы.
Пра канчатковую змену часоў распавёў акадэмік Радзім Гарэцкі, адзін з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Яго знаёмства з беларускай дыяспарай адбылося якраз тады, калі нарэшце наведаць Радзіму свабодна мог кожны эмігрант: “Мы сустракалі іх – адны баяліся, другія цалавалі зямлю, трэція плакалі”. Пасля доўгага расстання і поўнага адмаўлення і шальмавання ў беларускім друку, дзеячы дыяспары літаральна ў некалькі гадоў сталіся галоўнымі ньюсмэйкерамі для новапаўсталых незалежных беларускіх СМІ. Аднымі з найважнейшых “спікераў” былі якраз сем’і Запруднікаў і Кіпеляў, якія актыўна выступалі, ездзілі па Беларусі, удзельнічалі ў канферэнцыях і кангрэсах, у тым ліку — і найперш — у з’ездах беларусаў свету. “Янка Запруднік і Вітаўт Кіпель — вось нашы найбліжэйшыя сябры ў той час. Калі палітычная сітуацыя змянілася, яны настойвалі на тым, каб, нягледзячы на цяжкасці, не паддавацца і праводзіць з’езды дыяспары менавіта ў Мінску”.
Тут, у Мінску, сустрэўся з Янкам Запруднікам і пісьменнік Уладзімір Арлоў, які ў той час працаваў у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, што распачало серыю “Галасы беларускага замежжа”, упершыню выпускала ў Мінску кнігі дзеячаў эміграцыі. Арлоў распавёў і пра сваё падарожжа па Амерыцы, дзе Запруднік стаўся своеасаблівым правадніком, чалавекам, які адкрываў іншым новую краіну: “Янка Запруднік – прыклад інтэлектуальнага лідара, які не проста захоўваў, але і павялічваў наш беларускі нацыянальны космас. Выпускаючы ў 1996 годзе ў Мінску сваю кнігу “Беларусь на гістарычных скрыжаваннях”, спадар Янка дапісаў вялікі раздзел пра новую антыдэмакратычную сітуацыю, але ён быў выкінуты выдаўцамі і застаўся толькі ў частцы тыражу. Спадзяюся, што неўзабаве гэтая кніга будзе перавыдадзеная ў поўным аб’ёме, бо, як кажа спадар Мальдзіс, часы паціху змяняюцца” .
Уражаннямі пра кнігі Янкі Запрудніка і сустрэчы з ім падзяліліся таксама Ганна Запартыка, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (дзе найбольш поўна, дзякуючы Янку Запрудніку, Вітаўту Кіпелюі Лявону Юрэвічу, прадстаўлена цяпер архіўная спадчына творцаў паваеннай эміграцыі); паэт і манах а. Іаан, Зьніч (Алег Бембель), які першыя свае кнігі выдаў пры падтрымцы беларускай дыяспары ў Амерыцы, Англіі і Польшчы; першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, кнігазнаўца Валер Герасімаў. Напрыканцы імпрэзы надарыліся прыемныя моманты — уручэнне дыпломаў лаўрэатаў конкурсу на лепшае эсэ, які праводзіўся ЗБС “Бацькаўшчына” і ў якім адным з сябраў журы быў менавіта Янка Запруднік. Самая ж арганізацыя, у асобе Алены Макоўскай, атрымала з Нью-Ёрку ганаровую падзяку Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтваў за актыўнае пашырэнне ведаў пра беларускае замежжа.
Урэшце слова было дадзена і галоўнаму герою вечарыны, Янку Запрудніку, паўтары сотні чалавек слухалі яго ў поўнай цішыні: “Апошнім часам мы маем шмат гутаркі пра дзве душы беларуса, пра яе дваістасць. Душа беларуса мае два аспекты. Адзін пакутніцкі, другі — надзейны. Пакутніцкая душа, прыехаўшы сюды, адчувае боль, таму што яна не чуе музыкі беларускай мовы з вуснаў малых дзетак. Але душа адпорная на цяжкасці, ёсць аспект надзеі ў ёй, і ён трымае нас пры працы, пры намаганнях, пры надзеі, што гэтыя намаганні недарэмныя”.
Пасля заканчэння вечарыны спадар Янка яшчэ паўтары гадзіны мужна падпісваў кнігі, фатаграфаваўся на памяць, даваў інтэрв’ю, не адмаўляў і аматарам сэлфі. На памяць прыходзілі параўнанні з нядаўнай сустрэчай са Святланай Алексіевіч, якую разам з Саюзам беларускіх пісьменнікаў арганізоўвала Беларуская служба “Радыё Свабода” – і ў гэтым таксама было два аспекты: боль ад таго, што сваіх інтэлектуальных лідараў людзі не могуць пабачыць гадамі і надзея на тое, што “часы змяняюцца”.