Віншуем Арнольда Макміліна!

21 чэрвеня спаўняецца 75 год аднаму з самых аўтарытэтных беларусістаў у свеце, прафесару Арнорльду Макміліну.

Арнольд Макмілін нарадзіўся ў 1941 годзе ў Ньюкасле (Вялікабрытанія). Скончыў Лонданскі універсітэт па спецыяльнасці «руская мова і літаратура». Выкладаў рускую мову і літаратуру ва універсітэтах Лондана і Ліверпуля.

Ад 1987 года — прафесар рускай літаратуры Лонданскага ўніверсітэта.

У 1977 годзе пераклаў (разам з англійскай паэткай і перакладчыцай Верай Рыч) на англійскую мову паэму «Тарас на Парнасе».

У 1991 годзе пачаў чытаць курс лекцый «Уводзіны ў беларускую культуру: мова, літаратура, гісторыя».

Даследаваў навуковую дзейнасць Я.  Карскага, Я. Чачота, творчасць Купалы, Коласа, М. Багдановіча, Зм. Бядулі, В.Быкава, Р.Барадуліна, У.Някляева і інш.

Арнольд Макмілін паўстагоддзя вывучае беларускую мову, літаратуру, культуру. Ён аўтар шэрагу публікацый і кніг пра беларускую літаратуру, у тым ліку кнігі «Напісанае ў халодным клімаце: беларуская літаратура ад 1970-х гадоў ды нашых дзён», якая выйшла ў Лондане ў 2010 годзе.

Управа Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” сардэчна віншуе спадара Арнольда з юбілеем і жадае выдатнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, дабрабыту, натхнення ў працы, здзяйснення ўсіх планаў і задумаў.

Шаноўны спадар Арнольд! Вашая шматгадовая праца па папулярызацыі беларускай культуры ў свеце, вашая любоў да Беларусі выклікаюць шчырае захапленне і, упэўненыя, натхняюць многіх беларусаў. Вы прыклалі шмат намаганняў, каб у многіх краінах свету сталі больш ведаць пра нашую краіну і дасягненні нашых творцаў. Шчыра дзякуем за Вашую карпатлівую працу і спадзяемся, што Вашымі намаганнямі свет пабачыць яшчэ не адна беларусазнаўчая кніга!