SYMPA і “Будзьма!” прывезлі грузінскі досвед

Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі” і Школа маладых менеджараў публічнага адміністравання SYMPA распачалі рэгіянальную праграму “Разам да справы” з мэтай развіцця грамадзянскай свядомасці і дзеяў.

Сярод першых крокаў праграмы – азнаямленчы візіт у Грузію пад назвай “Прынцыпы добрага кіравання ў сферы культуры і ўстойлівага развіцця: грузінскі досвед”.

http://budzma.by/wp-content/gallery/georgia/8.jpg

У візіце ўзялі ўдзел 20 беларусаў: грамадскія актывісты, прадстаўнікі СМІ, навучальных і навуковых ўстаноў, бізнесу з усіх рэгіёнаў краіны, якія дбаюць пра ўстойлівае развіццё сваіх гарадоў і краіны агулам і лічаць, што грамадзяне павінныя быць натуральнымі і адказнымі ўдзельнікамі гэтага працэсу нароўні з мясцовымі ўладамі.

Насычаная праграма, якая доўжылася з 22 да 28 мая, дазволіла ўдзельнікам візіту пазнаёміцца з найбольш прагрэсіўным і актуальным для Беларусі досведам грузінскіх дзяржаўных і недзяржаўных арганізацый, а таксама атрымаць адказы на пытанні, як развіваецца інстытут мясцовага самакіравання, ступень гатоўнасці да рэформаў з боку дзяржавы і грамадства, ці ёсць складанасці ў фармаванні культурніцкай палітыкі, а таксама ў чым палягае ўзаемадзеянне дзяржавы і грамадскіх структураў, празрыстасць дзяржаўных устаноў і іх адкрытасць да супрацы.

http://budzma.by/wp-content/gallery/georgia/7.jpg

Падчас візіту адбыліся сустрэчы з супрацоўнікамі Міністэрства рэгіянальнага развіцця і інфраструктуры, Міністэрства культуры і аховы помнікаў, Міжнароднага адукацыйнага цэнтра пры грузінскім урадзе, Міністэрства ўнутраных спраў, Дома юстыцыі, Свабоднага ўніверсітэта Тбілісі, Нацыянальнай адміністрацыі турызму. Адбыліся візіты беларускай дэлегацыі ў мэрыі і гарадскія саветы Тбілісі, Руставі і Мцхеты

Падзяліліся сваім вопытам і ідэямі і прадстаўнікі цэлага шэрагу недзяржаўных арганізацый: Асацыяцыі маладых юрыстаў, Міжнароднага цэнтра грамадзянскай культуры, Каўказскага інстытута міру, дэмакратыі і развіцця, Агенцтва грамадзянскага развіцця.

Грузінскія палітыкі, дзяржаўныя служачыя і эксперты вельмі адкрыта распавялі пра праблемы, якія паўсталі перад краінай за апошнія 25 гадоў, а таксама пра тое, як атрымалася вырашыць тую ці іншую праблему.

http://budzma.by/wp-content/gallery/georgia/4.JPG

Культурная праграма была важным дадаткам да праграмы афіцыйных сустрэч і дазволіла ўдзельнікам пазнаёміцца з рэалізацыяй культурнай палітыкі ў дзеянні. Беларуская дэлегацыя здзейсніла экскурсіі па Тбілісі і Мцхеце – сучаснай і старажытнай сталіцах Грузіі, а таксама наведала нацыянальны музей Грузіі. Пабывалі беларусы і ў манастыры Джвары, які ўзвышаецца на гары побач з месцам зліцця рэк Кура і Агарві. Не абмінулі ўдзельнікі візіту і святкаванне Дня незалежнасці Грузіі 26 мая.

http://budzma.by/wp-content/gallery/georgia/3.JPG

Сваімі ўражаннямі ад паездкі ўдзельнікі ўжо пачалі дзяліцца ў сацыяльных сетках, яны адзначаныя хэштэгам #‎justbudzma ў Facebook, а неўзабаве больш разгорнутыя матэрыялы з’явяцца на сайце і “Будзьма” і SYMPA.

Кантакты для дадатковай інфармацыі:

Дзмітрый Маркушэўскі, акадэмічны дырэктар SYMPA: +375291515455.

Канстанцін Касяк, прэс-сакратар ГКК “Будзьма беларусамі!”: +375295675090