Віншуем Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага з 20-гадовым юбілеем

МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” сардэчна віншуе Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага з 20-гадовым юбілеем. Агеньчык беларускасці, запалены 20 гадоў таму некалькімі найбольш актыўнымі беларусамі на чале з Алегам Рудаковым,  не толькі не згас, а разгарэўся ў яркае полымя, промні якога сягаюць па ўсім свеце, бо ІТБК вядомае далёка за межамі Ікуцкай вобласці і Расіі і з’яўляецца адным з найбольш актыўных у свеце.

У актыве Таварыства – сотні праведзеных культурніцкіх мерапрыемстваў. У першую чаргу – гэта беларускія абрадавыя святы, такія як Каляды, Камаедзіца, Гуканне вясны, Купалле, Дажынкі, а таксама беларускія канцэрты, фестывалі, навуковыя канферэнцыі, літаратурныя сустрэчы, гістарычныя вечарыны і інш. мерапрыемствы. Сябры ІТБК сталі своеасаблівымі амбасадарамі нашай краіны, фармуючы станоўчы імідж нашага народу далёка па-за межамі Беларусі.

Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” ганарыцца шматгадовым супрацоўніцтвам з Іркуцкім таварыствам беларускай культуры, і спадзяецца, што плённае партнёрства  працягнецца і надалей.

Яшчэ раз сардэчна віншуем усіх сяброў Таварыства і яго старшыню спн. Алену Сіпакову з юбілеем! Жадаем урачыста і годна адсвяткаваць гэтую значную дату! Няхай шэрагі Таварыства папаўняюцца новымі ініцыятыўнымі сябрамі, якія працягнуць закладзеныя ІТБК традыцыі па адраджэнні і папулярызацыі культурных каштоўнасцяў беларускага народа ў Прыбайкаллі. Жадаем вам добрага здароўя, нязгаснай энергіі, поспехаў у працы!

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”