Віншуем з юбілеем Беларускую бібліятэку імя Францыска Скарыны ў Лондане

15 траўня спаўняецца 45 гадоў з моманту адкрыцця Беларускай бібліятэкі і музея імя Францыска Скарыны ў Лондане.

На сённяшні дзень Скарынаўская бібліятэка з’яўляецца найбуйнейшым сховішчам беларускіх і беларусазнаўчых выданняў па-за межамі Беларусі. У нетрах бібліятэкі захоўваецца больш за 30 тысяч кніг, якія датычаць розных аспектаў беларусазнаўства, вялікая калекцыя беларускіх перыядычных выданняў, найперш – эміграцыйных, многіх з якіх няма ў беларускіх бібліятэках, старадрукаў, рукапісаў, архіўных дакументаў, у тым ліку і архіваў Рады БНР, больш за сотню рэдкіх геаграфічных карт. У музеі пры бібліятэцы сабрана цікавая калекцыя старажытных манет, паштовых марак, мастацкіх і этнаграфічных вырабаў, сярод якіх – знакамітыя слуцкія паясы. Сярод экспанатаў ёсць і турэмная кашуля Ларысы Геніюш, перададзеная ў музей яе сынам Юркам.

Цягам усёй гісторыі існавання бібліятэкі яе фондамі карысталіся сотні беларускіх і замежных навукоўцаў, сюды прыязджалі даследчыкі з розных краін: Нямеччыны, Аўстрыі, Італіі, Польшчы, ЗША, Канады, Аўстраліі, Ізраіля. Многія значныя беларусазнаўчыя працы ўбачылі свет менавіта дзякуючы калекцыям Скарынаўкі.

Фактычна ад моманту заснавання ў 1971 годзе нязменным кіраўніком бібліятэкі быў  айцец Аляксандр Надсан. Некалькі год таму айцец Аляксандр пайшоў у лепшы свет. Вельмі цешыць, што сярод беларусаў Лондана знайшліся адказныя людзі, якія годна працягваюць справу айца Аляксандра, і на сённяшні дзень бібліятэка не толькі паспяхова выконвае сваю непасрэдную функцыю як найвялікшае сховішча беларусазнаўчых кніг і дакументаў у замежжы, але і з’яўляецца знакавай культурнай пляцоўкай для беларусаў Лондана, дзе рэгулярна ладзяцца цікавыя культурніцкія імпрэзы.

Віншуем з юбілеем бібліятэку і музей імя Францыска Скарыны ў Лондане. Жадаем бібліятэцы далейшага папаўнення фондаў, а таксама болей удзячных чытачоў і дапытлівых даследчыкаў, якія дзякуючы матэрыялам Скарынаўкі адкрыюць свету новыя старонкі беларускай гісторыі і культуры.

Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”