500-годдзе кнігадруку – сведчанне спеласці нацыі (фота)

Як пашырыць кола беларускамоўных чытачоў? Як выхаваць традыцыю сямейнага чытання на беларускай мове? Як зрабіць даступнымі і чытанымі кнігі Францішка Скарыны – Біблію і Новы Запавет?

Гэтыя пытанні і адначасова мэты паставілі арганізатары грамадскай кампаніі “Наша 500-годнасць”, якая распачалася ў Мінску напярэдадні Вялікадня.

Яе арганізатарамі выступілі Саюз беларускіх пісьменнікаў і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

Першая святочная імпрэза стала адначасова глыбокай асветніцкай лекцыяй, якая пашырыла кругагляд прысутных.

“6 жніўня 1517 года Францыск Скарына выдаў першую беларускую кнігу ў Празе. Дзякуючы гэтаму беларусы сталі ў адзін шэраг з народамі Еўропы, сцвярджаючы сталасць уласнай нацыі і далучэнне яе да культурных асяродкаў Еўропы,” – нагадаў ва ўступным слове Усевалад Сцебурака.

“Мы хацелі б, каб 500-годдзе нашага кнігадрукавання не прайшло незаўважана, а каб гэтае свята беларускай кнігі ўвайшло ў кожны дом. Каб мы ганарыліся тым, што мы еўрапейская нацыя, якая не толькі ў Еўропе, але і адной з першых у свеце займела пераклад Бібліі на родную мову, першую друкаваную кнігу. 500-годдзе белаускай кнігі – гэта наша 500-годнасць”, – адзначыў старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Сачанка.

“У тым, што мы пачынаем нашу кампанію новым перакладам Новага Запавету, ёсць пэўная пераемнасць і паслядоўнасць, – прамовіла Алена Макоўская. – Мы хочам нагадаць пра ўсіх людзей, якія спрычыняюцца да складанага працэсу кнігадрукавання: гэта пісьменнікі, рэдактары і карэктары, мастакі і афарміцелі, інжынеры і тэхнолагі, якія распрацоўваюць друкарскі рыштунак. Мы хочам узняць цікавасць да беларускай кнігі”.

Але, як засведчыла выступоўца, паводле статыстычных дадзеных, 57% беларусаў чытаюць мастацкую літаратуру раз на месяц, 23% грамадзянаў чытаюць раз на год, 18% не чытаюць увогуле. 94% беларусаў аддаюць перавагу рускай мове. Толькі 5% насельніцтва чытае па-беларуску. Прычынай з’яўляецца недастатковае валоданне мовай, адсутнасць сямейнай традыцыі чытання на роднай мове. Рэспандэнты пагадзіліся з тым, што трэба ўздымаць прэстыж беларускай кнігі праз інфармацыйныя кампаніі і рэкламу, рэформу сістэмы адукацыі. Ініцыятыўныя групы і людзі будуць дапамагаць у дзейнасці кампаніі “Наша 500-годнасць”, каб яна была паспяховай.

Пісьменнік Уладзімір Арлоў распавёў пра абставіны жыцця і дзейнасці Францішка Скарыны і нагадаў пра яго паслядоўнікаў – Васіля Цяпінскага, Сымона Буднага, братоў Мамонічаў, Сімяона Полацкага і Гальяша Леўчыка.

“500-годзе сведчыць, што наша Радзіма, якая была ў складзе Вялікага Княства Літоўскага, ішла на адным узроўні з еўрапейскімі дзяржавамі і апярэджавала іх. Францыск Скарына, палачанін, здзейсніў гістарычны подзвіг. З Полацка пачаўся наш нацыянальны космас. Князь Усяслаў увёў рукапісныя кнігі ў выкарыстанне, яго справу працягнула Ефрасіння Полацкая. Найлепшы каліграф княства Мацей Х скончыў велізарную працу па перапісванню Бібліі. Скарына быў знаёмы з такім выдатным сучаснікам і марыў пра друкаванне кнігі на новым тэхнічным узроўні”.

У Прагу асветнік накіраваўся з Падуі пасля атрымання дыплома лекарскіх навук. Там ён выбраў самую прэстыжную навучальную ўстанову Eўропы, дзе вучыліся самыя адукаваныя асобы і манархі, здабываў асвету будучы кароль Стэфан Баторый. Біблія Скарыны стала першай ва ўсходніх і паўднёвых славянаў, яна выйшла раней за Біблію Марціна Лютэра, на 47 гадоў апярэдзіла рускую, выйшла раней за французскі і англійскі пераклады.

Колькі існуе перакладаў Бібліі на беларускую мову ў сучаснасці і хто іх выконваў? На гэту тэму выступіў з прамовай Лявон Баршчэўскі. “Сёння існуе 7 перакладаў Новага Запавету. У 30-я гады ХХ стагоддзя з дапамогай Антона Луцкевіча рэлігійны дзеяч Лукаш Дзекуць-Малей зрабіў пераклад і выданне Новага Запавету і Псальмаў, які быў найбольш даступны да 90-х. Было вядомае і ўжывалася ў практыцы ператлумачэнне Святога Пісьма, зробленае Янкам Станкевічам, выдадзенае ў 1973 годзе. Брат Якуба Коласа Міхась Міцкевіч зрабіў рукапісны пераклад духоўных тэкстаў. Імі карысталася ў літургіях беларускія цэрквы ў Паўночнай Амерыцы.

Калі прыйшла перабудова, была знятая забарона на распаўсюд Бібліі. У 90-я гады ХХ стагоддзя Біблійная камісія Беларускага Экзархата даручыла выканаць пераклад Бібліі Васілю Сёмуху. У 2002 годзе Біблія выйшла цалкам на беларускай мове.

Анатоль Клышка друкаваў аўтарскі пераклад Новага Запавету ў часопісе “Спадчына”, зроблены з арыгіналу. Ён выйшаў асобнай кнігай 2 гады таму”.

Пастар Антоній Бокун, сябра Рады ЗБС Бацькаўшчына, цягам 2012-2016 гадоў працаваў над сваім перакладам Новага Запавету. Тэкст мае нязначныя адрозненні ад папярэднікаў, але такім чынам біблійнае слова больш дапасоўваецца да сучаснасці, да беларускага светапогляду.

Узяцца за пераклад і друкаванне Новага Запавету Антонія Бокуна змусіў колькасны недахоп беларускамоўных Біблій. Новы пераклад выйшаў накладам 10 000 асобнікаў і з’яўляецца першым крокам да годнага святкавання 500-годдзя беларускага друкаванага слова.

Эла Дзвінская

Фота: Зарына Кандрацьева