З часоў з’яўлення на сусветнай мапе Рэспублікі Беларусь прайшло 25 гадоў. За гэты час у незалежнай краіне паспела нарадзіцца і вырасці цэлае пакаленне беларусаў.
Мы глядзім на яго праз прызму розных міфаў і стэрэатыпаў.
Напрыклад, што сучасныя дваццаціпяцігадовыя – гэта спрэс пакаленне айпадаў і хіпстараў. Людзі старэйшага веку часцяком задаюцца пытаннем: а хто пасля нас? Ці вырасла годная змена? Ці ёсць сярод маладых юнакоў і дзяўчат неабыякавыя і актыўныя? Тыя, каму цяпер 25, таксама цікавяцца: якое яно, маё пакаленне? Што будзе са мной? Што будзе пасля мяне?
Якія яны насамрэч – прадстаўнікі пакалення незалежнай Беларусі? Як адчуваюць і пераасэнсоўваюць сённяшнія падзеі? Якія маюць праблемы і як іх пераадольваюць? Што думаюць пра сваю родную краіну і яе месца ў свеце? У новай рубрыцы “Ёсць Маладосць!” мы пагутарым пра гэта з самымі рознымі прадстаўнікамі маладога пакалення беларусаў.
Спрабуем шукаць адказы на складаныя пытанні разам!