Пяцісотгоднасць! Распачынаем кампанію да юбілею беларускага кнігадруку

6 жніўня 1517 года Францішак Скарына ў Празе выдаў першую беларускую кнігу – раней за многія суседнія народы беларусы вырваліся наперад у інавацыйнай гонцы “культурных гаджэтаў”.

Саюз беларускіх пісьменнікаў і Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” ў межах грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” абвяшчаюць кампанію “Пяцісотгоднасць”, прысвечаную юбілею беларускага друку.

Арганізатары прапануюць адпаведна значнасці падзеі годна сустрэць і адсвяткаваць 2017 год шэрагам мерапрыемстваў для шырокай публікі і сродкаў масавай інфармацыі. Усіх, хто ганарыцца нашай гісторыяй і культурай, Саюз пісьменнікаў і “Бацькаўшчына” заклікаюць далучыцца да кампаніі “Пяцісотгоднасць”. Вы можаце размясціць банеры, прысвечаныя славутай даце, на сваіх інтэрнэт-рэсурсах; правесці культурна-асветніцкія акцыі; брэндзіраваць сваю прадукцыю. Нашы героі – друкары, пісьменнікі, мастакі, мецэнаты, перакладчыкі, асветнікі – прадаўжальнікі справы Францішка Скарыны, вартыя таго і чакаюць вашай увагі.

Для тых, хто ўжо ведае пра 500-гадовы шлях беларускага кнігадруку і хоча даведацца, з чаго ён пачынаўся, адбудзецца першая імпрэза кампаніі “Пяцісотгоднасць” – прэзентацыя новага перакладу Новага Запавету. Старажытнагрэцкія манускрыпты, якімі карыстаўся Скарына, былі нанова перагледжаныя Антоніем Бокунам. У выніку праз паўтысячы гадоў паўстаў новы пераклад Бібліі.

Прэзентацыя адбудзецца 29 красавіка ў Палацы мастацтваў (Мінск, вул. Казлова, 3), пачатак а 18-й.

Удзел возьмуць:

Барыс Сачанка, старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алена Макоўская, кіраўнік Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” Антоній Бокун, пастар, перакладчык, аўтар новага перакладу Новага Запавету Уладзімір Арлоў, пісьменнік Аляксандр Фірысюк, старшыня Біблійнага таварыства Валеры Герасімаў, загадчык аддзела старадрукаў і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі Лявон Баршчэўскі, перакладчык, грамадскі дзеяч Песні на словы Рыгора Барадуліна выканае Аляксандр Віслаўскі, музыка, колішні ўдзельнік ансамбля “Песняры” і гурта Rouble Zone

Уваход вольны!