11 красавіка знакавы юбілей святкуе сябра Вялікай Рады Згуртавання “Бацькаўшчына”, старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла.
Лёс гэтай мудрай, абаяльнай жанчыны з незгасальнай чароўнай усмешкай складваўся няпроста.
Нарадзілася Івонка Сурвілла (у дзявоцтве – Шыманец) у 1936 годзе ў Стоўбцах. Потым бацькі пераехалі ў Баранавічы. Калі Івонцы было 3 гады, яе бацьку арыштавалі і засудзілі на пяць гадоў ссылкі ў Сібір. Яму цудам ўдалося пазбегнуць расстрэлу. Калі ў 1944 годзе бацьку пагражала новае зняволенне, сям’я вырашае ўцякаць з Беларусі. Ім удалося выехаць таварным цягніком з Баранавічаў у Кёнігсберг. Івонцы тады было 8 год, яе брату Лёніку — сем, а сястрычцы Прадславе — усяго дзевяць месяцаў.
Па ўспамінах Івонкі Сурвіллы, дзевяць жахлівых месяцаў сям’я перабіралася праз Усходнюю Прусію, адтуль перабраліся ў Данію, там ад хваробы памерла маленькая Прадслава. Праз тры гады сям’я Шыманцоў пераязджае ў Францыю.
У Парыжы Івонка вучылася ў Вышэйшай мастацкай школе, марыла займацца мастацтвам, але, разумеючы, што гэтым на жыццё не заробіш, перарвала вучобу і паступіла на моўнае аддзяленне Сарбоны (скончыла ў 1959 г.).
Акрамя роднай мовы‚ Івонка Сурвілла валодае яшчэ васьмю: французскай‚ іспанскай‚ ангельскай‚ нямецкай‚ дацкай‚ лацінскай‚ нарвежскай‚ польскай.
У 1959 годзе Івонка выйшла замаж за Янку Сурвіллу і пераехала ў Іспанію. Да 1965 г. працавала на Нацыянальным іспанскім радыё ў Мадрыдзе, вяла перадачы на беларускай мове, што трансляваліся на Беларусь.
У 1969 годзе Івонка разам з мужам і дачушкамі Ганнай і Паўлінкай канчаткова пасяліліся ў Канадзе. Да 1997 года Івонка працавала англа-французскім перакладчыкам у Федэральным урадзе Канады. Акрамя таго, займалася жывапісам‚ удзельнічала ў мастацкіх выставах.
У 1989 годзе, даведаўшыся пра сапраўдныя памеры Чарнобыльскай катастрофы, Івонка Сурвілла арганізавала Фонд дапамогі ахвярам Чарнобылю ў Беларусі. Гэты фонд дапамог прыехаць у Канаду на лячэнне і аздараўленне тысячам беларускім дзетак. Мільёны даляраў былі сабраныя на дапамогу ахвярам Чарнобылю.
Івонка Сурвілла ўзначальвала Фонд восем гадоў, да моманту абрання Старшынёй Рады БНР у 1997 годзе.
Пра працу спадарыні Івонкі на гэтай пасадзе ў каментары на “Радыё Свабода” выказаўся шматгадовы сябра рады БНР Янка Запруднік: “Мушу сказаць, што пасля старшыні Рады Міколы Абрамчыка, на маю думку, спадарыня Івонка, бадай, найбольш дынамічная і дамаглася найбольшых вынікаў. Яна добры арганізатар, у яе вялікая энергія і дысцыпліна, што вельмі важна для арганізацыі, якая складаецца з раскіданых па свеце людзей. Так што Івонка – выдатная старшыня Рады БНР, і гэтак яна будзе запісаная ў гісторыю”.
За сваю працу як старшыні Рады БНР і спрыянне ў станаўленні дэмакратыі ў Беларусі Івонка Сурвілла ў 2013 годзе атрымала Медаль Брыльянтавага юбілею Каралевы Лізаветы II.
Амаль не жыўшы ў Беларусі, Івонка Сурвілла тым не менш праз ўсё сваё жыццё нясе бясконцую любоў да роднага краю і працуе на яго карысць, не шкадуючы сіл і здароўя.
Шаноўная спадарыня Івонка!
Сардэчна віншуем Вас з юбілеем і жадаем моцнага здароўя, каб хапіла сіл і энергіі для працягу Вашай руплівай працы на карысць роднай Беларусі яшчэ на доўгія-доўгія гады!
Шчыры дзякуй Вам за Вашую самаахвярную працу!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”