Дзень Волі ў Вільні: сяброўскія размовы, віншаванне ад “Бацькаўшчыны” і канцэрт Алеся Камоцкага

26 сакавіка ў Беларускім доме правоў чалавека ў Вільні адбылося святкаванне Дня Волі. Ініцыятарам і галоўным арганізатарам свята быў дырэктар Культурнага цэнтра Якуба Коласа ў Вільні Хведар Нюнька.

Хведар Нюнька

На мерапрыемстве сабраліся даўнія сябры і паплечнікі Хведара Якубавіча, сярод якіх -  Алег і Крысціна Аблажэі, Валеры Радзюкевіч, Леакадзія Мілаш з дачкой Ксеніяй. Шмат гасцей прыехала з Беларусі: акадэмік Радзім Гарэцкі з жонкай Галінай, літаратуразнаўца і перакладчык Лявон Баршчэўскі, рэжысёры-дакументалісты Алег Дашкевіч і Вольга Мікалайчык, старшыня ТБМ Алег Трусаў і намесніца старшыні Алена Анісім, старшыня Дзіцячага фонду духоўнага і культурнага адраджэння «Сакавік» Марыя Міцкевіч, прадпрымальнік Вячаслаў Піліпук з РГА “Перспектыва”, дырэктар ААТ “Люсанна”, сябра Управы МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” Мікола Люцко, бард Алесь Камоцкі, кіраўнік Згуртавання “Бацькаўшчына” Алена Макоўская і старшыня Рады Ніна Шыдлоўская. Не абмінулі ўвагай  гэтае мерапрыемства стараста Вяркяйскай акругі Віленскай гарадской Рады Вацлаў Гульбіновіч і галоўны спецыяліст Дэпартамента нацыянальных мяньшыняў пры Урадзе Літоўскай Рэспублікі Раса Палюкене.

Алег Аблажэй, Хведар Нюнька, Леакадзія Мілаш

Святочнасць нагоды – угодкі БНР – і сяброўская атмасфера спрыялі таму, што кожны з прысутных выказаўся і пра значнасць 25 сакавіка для сённяшняй дзяржаўнасці Беларусі, і пра неацэнны ўнёсак асабіста Хведара Нюнькі і Таварыства беларускай культуры пад яго кіраўніцтвам у захаванне беларускай прысутнасці ў Вільні. Таксама гасцей з Беларусі  цікавіла, як ідзе беларускае жыццё ў Літве. Удзельнікі сустрэчы абмяркоўвалі, якія беларускія мерапрыемствы адбываюцца ў Вільні, чым жыве Беларуская гімназія імя Францішка Скарыны ў Вільні; з прыемнасцю абмеркавалі, што з нядаўняга часу штодзённа ў Віленскім касцёле святога Бартламея праводзяцца набажэнствы на беларускай мове.

Радзім Гарэцкі

Пра станаўленне Беларускай Народнай Рэспублікі , пра Устаноўчы з’езд БНР распавёў Радзім Гарэцкі. Дарэчы, ён адзначыў, што зараз ёсць падставы казаць, што на з’ездзе БНР прысутнічаў Максім Гарэцкі. Менавіта на фоне гэтых знакавых гістарычных падзеяў разгортваецца дзеянне яго аповесці “Дзве душы”. Радзім Гаўрылавіч паведаміў, што Нацыянальны акадэмічны тэатр Янкі Купалы  як раз рыхтуе спектакль паводле гэтай аповесці. Прэм’ера запланавана на канец красавіка.

Выступае Леакадзія Мілаш

Надзвычай цікава і грунтоўна распавяла пра гісторыю беларускага руху ў Літве Леакадзія Мілаш, адзначыўшы, што цяперашняя беларуская гімназія, колішняя школа, паўстала выключна з намаганняў Хведара Нюнькі.

Віншуе Хведара Нюньку Лявон Баршчэўскі

Павіншаваў прысутных са святам і прэзентаваў Хведару Нюньку сваю кнігу перакладаў выбраных твораў паэтаў   Еўропы і Амерыкі “ І боль, і прыгажосць” Лявон Баршчэўскі.

Мікола Люцко і Алена Макоўская

Ад імя Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”  павіншавала ўдзельнікаў мерапрыемства  з Днём Волі кіраўнік Згуртавання Алена Макоўская. Улічваючы, што праз некалькі тыдняў Хведару Нюньку споўніцца 88 гадоў, кіраўніцтва “Бацькаўшчыны” скарысталася магчымасцю, каб павіншаваць шаноўнага Хведара Якубавіча, адзначыўшы яго асабістую ролю для адраджэння беларускага руху ў Вільні і прыгадаўшы найбольш знакавыя моманты, зробленыя Таварыствам беларускай культуры ў Літве пад яго кіраўніцтвам. Старшыня Рады Ніна Шыдлоўская ўручыла Хведару Якубавічу    кветкі і падарунак ад “Бацькаўшчыны”.

Падарунак і кветкі ад "Бацькаўшчыны" Хведару Нюньку ўручае Ніна Шыдлоўская

Размаўляючы пра беларускія справы ў Літве, на жаль, немагчыма было абмінуць той прыкры канфлікт, які адбыўся ў Таварыстве беларускай культуры ў Літве некалькі год таму і ў выніку якога ў СМІ пачалася сапраўдная кампанія па цкаванні Хведара Нюнькі, скіраваная на тое, каб нівеляваць усё тое, што было зроблена ТБК у Літве за больш як два дзесяткі гадоў пад яго кіраўніцтвам. А гэта і безліч культурных мерапрыемстваў і з’езды беларусаў Балтыі, і кнігі, што выдаваліся ТБК, і шыльды беларускім дзеячам на вуліцах Вільні, і заснаванне беларускай школы ў Вільні.

Усе прысутныя аднадушна выказалі падтрымку і пашану Хведару Якубавічу, адзначыўшы, што літоўскі суд, прыняўшы рашэнне на карысць Хведара Нюнькі, тым самым даў прававую ацэнку яго  гаспадарчай дзейнасці на чале Таварыства. На жаль, заканадаўства Літвы дазваляе двойчы апеляваць да суда па адных і тых жа пытаннях, чым і скарыстаўся канфліктуючы бок. Таму ў красавіку шаноўнаму спадару Хведару давядзецца перажыць яшчэ адзін суд….

Алесь Камоцкі

Музычным падарункам для ўдзельнікаў свята стаў канцэрт  барда Алеся Камоцкага. А дачка Леакадзіі Мілаш Ксенія акапэльна неверагодна прыгожым голасам парадавала прысутных беларускімі песнямі.

Ксенія Мілаш

На другі дзень імпрэзы, ва  ўрачыстай атмасферы Хведар Нюнька перадаў паўнамоцтвы дырэктара культурнага цэнтра Якуба Коласа ў Вільні свайму даўняму паплечніку Алегу Аблажэю.

Алег Аблажэй