Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” віншуе ўсіх беларусаў на Радзіме і за яе межамі з нашым вялікім нацыянальным святам – Днём Волі!
У гэты дзень, 25 сакавіка 1918 года, была абвешчана незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.
Значэнне гэтай падзеі для гісторыі Беларусі цяжка пераацаніць. Хаця стваральнікі БНР не здолелі надоўга ўтрымаць уладу, абвяшчэнне незалежнасці БНР аказала моцны ўплыў на развіццё нацыянальнай свядомасці беларусаў. Фактычна гэтая падзея заклала падмурак сучаснай беларускай дзяржаўнасці.
Сёння, праз 98 год пасля абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, можна сказаць, што не ўсе ідэалы і памкненні яе стваральнікаў застаюцца дасягнутымі. Па-ранейшаму, мы не можам адчуваць упэўненасць і бяспеку ў тым, што датычыць незалежнасці і суверэнітэту нашай краіны.
Таму жадаем, каб свята 25 сакавіка стала святам еднасці для ўсяго беларускага народу. Хай Дзень Волі стане добрай нагодай пакінуць у баку ўсе спрэчкі і супярэчнасці, якія раздзяляюць беларускае грамадства, і адчуць сапраўдны гонар за сваю краіну, яе слаўную гісторыю, багатую культуру і найпрыгажэйшую мову.
Жадаем ўсім беларусам на Бацькаўшчыне і ў замежжы добрага здароўя, сіл і імпэту для працы на карысць нашай роднай Беларусі! Хай Бог спрыяе ва ўсіх вашых справах! Хай сэрцы поўняцца светлымі пачуццямі, верай і надзяй на лепшае!
Жыве Беларусь!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”