Падрыхтоўка да Сёмага з’езда і кампанія да 500-годдзя беларускага друку. План працы “Бацькаўшчыны” на гэты год зацверджаны

Пасяджэнне Малой Рады Згуртавання  беларусаў свету “Бацькаўшчына” адбылося ў Мінску.

Напачатку кіраўніцтва “Бацькаўшчыны” і сябры Малой Рады ўрачыста павіншавалі са знакавым юбілеем асобу, якая стаяла ля вытокаў арганізацыі, вялікую частку свайго жыцця аддала вывучэнню беларускай дыяспары, вяртанню ў Беларусь славутых імёнаў нашых землякоў – Лідзію Савік.

Кіраўніцы арганізацыі, Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская, распавялі пра дзейнасць Згуртавання ад студзеня  па сакавік  і адносна супрацы з беларусамі замежжа, і ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”. 

Пра дзейнасць Згуртавання распавядае Старшыня Рады Ніна Шыдлоўская

Сябры Рады заслухалі і ўхвалілі фінансавую справаздачу дзейнасці Згуртавання за 2015 год, а таксама азнаёміліся з вынікамі пасяджэння Вялікай Рады. У галасаванні ўзялі ўдзел 69 з 95 сябраў гэтага кіруючага органа. Яны аднагалосна ўхвалілі справаздачу дзейнасці “Бацькаўшчыны” за 2015 год. Большасцю галасоў таксама былі ўхвалены прапановы ініцыяваць стварэнне ў Міністэрстве замежных справаў Рэспублікі Беларусь асобнай структуры па справах беларусаў замежжа, асобных пасадаў у пасольствах і консульствах Рэспублікі Беларусь па справах беларускай дыяспары, а таксама стварэнне Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь дыстанцыйных курсаў вывучэння беларускай мовы з атрыманнем адпаведнага сертыфікату.Сябры Вялікай Рады не толькі галасавалі па пытаннях, прапанаваных Управай, але і мелі магчымасць выступіць са сваімі прапановамі, якія былі ўважліва прааналізаваныя. Самыя цікавыя і актуальныя прапановы былі ўключаныя Малой Радай у план дзейнасці Згуртавання. Сярод іх, неабходнасць спрашчэння візавага рэжыму для беларусаў замежжа, распрацоўка і ўвядзенне пасведчання беларуса, стварэнне і дасылка арганізацыям беларускай дыяспары падручнікаў па беларускай мове, неабходнасць  збірання, захавання архіваў беларусаў замежжа і вяртання ў Беларусь спадчыны беларусаў замежжа. Агучваліся таксама прапановы правесці навукова-практычную канферэнцыю ці круглы стол па праблемах беларускай дыяспары, неабходнасць прадугледзець дзяржаўнае фінансаванне мэтавых праектаў беларускай дыяспары, у тым ліку грамадскіх арганізацый, што працуюць у гэтай галіне. Вялікую цікавасць і падтрымку сяброў Малой Рады выклікала ініцыятыва  выйсці з прапановай аб стварэнні пры Урадзе Беларусі асобнай структуры, якая б займалася маніторынгам выканання закона “Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь”, аналізавала стан і выступала з прапановамі па ўдасканаленні дзяржаўнай палітыкі ў гэтай галіне.

Сябра Рады Алег Трусаў паведаміў пра ініцыятыву МУС Беларусі ўсталяваць у Мінску помнік гарадавому. І прапанаваў, каб Таварыства беларускай мовы і Згуртаванне “Бацькаўшчына” сумесна правяло кампанію супраць гэтай ганебнай для Беларусі ініцыятывы. Сябры Малой Рады аднагалосна падтрымалі такую прапанову.

Сябры Рады. У першым шэрагу Мілана Міхалевіч, Алег Хаменка, Мікола Купава

Важным пытаннем парадку дня стаў план дзейнасці Згуртавання на 2016 год. Усяго план утрымлівае 72 пункты па арганізацыйным, культурна-асветным, у тым ліку ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”, выдавецкім і іншых накірунках. Сярод запланаванага:

  • удзел Згуртавання ў працы Кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа пры МЗС,
  • правядзенне канферэнцыі, прысвечанай гісторыі і дасягненням беларускай эміграцыі, з запрашэннем да ўдзелу навукоўцаў з Беларусі і замежжа;

Плануецца таксама  правядзенне шэрагу конкурсаў і інфармацыйных кампаній, сярод якіх:

  • падвядзенне вынікаў конкурсу з нагоды 25-годдзя Згуртавання;
  • конкурс на Прэмію імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў за найлепшую кнігу ў галіне непрыдуманай літаратуры, які другі год запар ладзіцца сумесна з Саюзам беларускіх пісьменнікаў, БІНіМам і выдавецтвам “Лімарыус”;
  • правядзенне шырокай кампаніі па ўшанаванні дзяржаўнага дзеяча, мінскага гарадскога галавы графа Караля Чапскага;
  • арганізацыя інфармацыйнай кампаніі з нагоды юбілеяў слынных дзеячаў беларускага замежжа,

Відавочна, плануецца і далейшае папаўненне серыі бібліятэка “Бацькаўшчыны” ўнікальнымі даследаваннямі жыцця і дзейнасці беларускай дыяспары, і працяг працы па каардынацыі грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!”.

Дзве знакавыя падзеі з плана адбудуцца толькі ў 2017 годзе, але падрыхтоўка да іх будзе распачата ўжо зараз. Гэта - Сёмы з’езд беларусаў свету і 500-годдзе беларускага друку.

Пасля абмеркавання прапанаваны кіраўніцтвам “Бацькаўшчыны” план працы на гэты год быў аднагалосна ўхвалены сябрамі Малой Рады.

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”