1 сакавіка юбілей святкуе адна з заснавальніц Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, шматгадовы сябра Вялікай Рады Лідзія Савік (Беларусь).
Выдатная даследчыца беларускай літаратуры, пісьменніца, літаратурны крытык, кандыдат філалагічных навук, прафесар, педагог, ганаровы акадэмік Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі – усё гэта пра Лідзію Сымонаўну Савік. Акрамя таго, гэта вельмі інтэлігентная, душэўная, мудрая і абаяльная жанчына, з якой заўжды прыемна камунікаваць.
Лідзія Савік падчас святкавання 25-годдзя "Бацькаўшчыны", Мінск, 2015 г.
Шмат гадоў Лідзія Сымонаўна працавала старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН Беларусі, затым — прафесарам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Дзякуючы яе няўрымслівай, карпатлівай працы беларусам адкрыліся шматлікія, нязведаныя скарбы роднай літаратуры.
На пачатку 1990-х гг. Лідзія Сымонаўна атрымала доступ да архіваў КДБ, дзе знаходзіліся справы так званых «ворагаў народа». Яна напісала больш за 300 артыкулаў пра беларускіх творцаў у энцыклапедыях, выдала творы многіх “рэпрэсаваных” пісьменнікаў, такім чынам адкрыўшы іх творчасць для шырокай грамадскасці. Таксама ёю напісаны манаграфія «Пакліканыя. Літаратура беларускага замежжа» і шматлікія артыкулы пра беларускіх пісьменнікаў і дзеячаў замежжа.
Шаноўная Лідзія Сымонаўна!
Сардэчна віншуем Вас з юбілеем! Для нас вялікі гонар працаваць разам з Вамі!
Выклікае шчырае захапленне тое, колькі высілкаў, энергіі, часу і цярпення Вы паклалі на тое, каб адкрыць беларусам і усяму свету творчасць многіх таленавітых беларускіх эміграцыйных пісьменнікаў. Менавіта дзякуючы Вам і Вашым кнігам нашы суайчыннікі даведаліся пра сусветна вядомага беларуса — славутага вучонага Барыса Кіта.
У Вашай асобе маем надзейнага паплечніка, які заўжды гатовы дапамагчы справай і мудрай парадай. Вялікі дзякуй Вам за Вашую карпатлівую шматгадовую працу, за адданасць беларускай справе, за тое што Вы ўсе гэтыя гады побач з “Бацькаўшчынай”!
Віншуем Вас са святам і жадаем моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, нязгаснай энергіі, сонечнай цеплыні, радасці і дабрабыту!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”