9 лютага ў прасторы Studio67 адбылася прэзентацыя праектаў “Чытай! Насі! Цытуй! Год беларускага мыслення”.
Мы цытуем каго заўгодна, толькі не тых, хто нарадзіўся і жыў на нашай зямлі. Кожная трапна і ёмка выказаная думка – наш супольны нематэрыяльны скарб. Служба інфармацыі“ЕўраБеларусі” дакранулася да кавалачка гэтага скарба.
фота – svaboda.org
Немаленькае памяшканне запоўнілася людзьмі вельмі хутка. Тут сабраліся тыя, хто спрычыніўся да ўвасаблення праектаў кампаніі “Цытуй сваё!”, што распачалася летась у траўні. Сярод такіх асоб – дызайнеры, літаратары, інтэлектуалы, спонсары і проста неабыякавыя да беларускай думкі людзі.
Адзін з іх – вядучы імпрэзы паэт Андрэй Хадановіч, які на ўласным прыкладзе паказаў, наколькі ёмкімі і трапнымі могуць быць цытаты:
“Шпацыруючы па Львове, сеў на бардзюр, бо проста не ўстаяў на нагах. Ва ўкраінскага студэнта пабачыў на майцы партрэт выбітнага дзеяча XVII стагоддзя Рэнэ Дэкарта. А пад ім напісана: “Дякую Тобі, Боже, що я не Паскаль”. Адчуйце розніцу!”
Андрэй Хадановіч
Адным з першых вынікаў ініцыятывы “Цытуй сваё!” стаў зборнік выказванняў нашых мысляроў, які выйшаў у свет сёлета ў студзені. Падрабязней пра яго стварэнне распавяла каардынатарка кампаніі Таццяна Вадалажская.
“Мы сталі думаць, што трэба ўнесці ў разуменне беларусамі саміх сябе тую частку, якая найменш прысутная. Вобразы, сімвалы, музыка – гэта ўжо ёсць, а вось беларускае мысленне яшчэ далёка ад шараговага беларуса”.
Асноўная праблема тут – у адсутнасці пераемнасці. Патрэбна было штосьці такое, што лёгка б “падкідвала” думкі “на кожны дзень”. Таму спачатку з’явіліся маленечкія квадрацікі-магніты з цытатамі, якімі так лёгка абменьвацца, перадаваць, чапляць, дзе гэта толькі магчыма. А далей паўстаў цэлы “фан-клуб”. Людзям прапанавалі дасылаць свае ўлюбёныя беларускія цытаты, якіх у выніку прыйшло больш за 250.
Таццяна Вадалажская
“Мы вырашылі, што выданне цытатніка павінна быць агульнай справай, таму звярнуліся да краўдфандынгавай платформы Талакошт. За 30 дзён да нас далучыўся 81 чалавек і мы сабралі 23 мільёнаў 300 рублёў”, – паведаміла Таццяна Вадалажская.
У выніку выйшлі 550 асобнікаў з цытатамі 77 аўтараў. “Мысляр – гэта не прафесія, а здольнасць у любую эпоху выказвацца свабодна, свядома, крытычна ды абгрунтавана”, – падкрэсліла каардынатарка праекту. Менавіта таму ў зборніку можна знайсці выказванні самых розных людзей.
Цытатнік падзелены на тэматычныя раздзелы. Таццяна Вадалажская адзначыла цікавую асаблівасць: аказваецца, беларускае мысленне больш за ўсё засяроджана не на патрыятызме, як можна было б падумаць, а на чалавеку. Менавіта вакол яго і паўсталі раздзелы зборніка. А яшчэ – дзея, свабода, творчасць, смерць, вядома ж, Беларусь…
Думкі выбітных беларусаў можна насіць не толькі з сабой у выглядзе цытатніка, але і на сабе – у выглядзе саколак з прынтамі. Іх дызайнеры распрацавалі на пленэры, які адбыўся летам на хутары Вайцюшкі.
“Абіраючы цытату, мы, хто працуе з візуальнай культурай, абіраем не толькі сэнс, а таксама і іншыя крытэры – наколькі гэта глядзіцца структурна. Для мяне Быкаў велічэзны ў сваёй творчасці, кожнае яго слова – як цэгла, і гэта важна для працы”, – заўважыў адзін з арганізатараў пленэру дызайнер, паэт Міхал Анемпадыстаў. На яго думку, кампанію “Цытуй сваё!” яшчэ можна працягваць у візуальнай форме: “цытаваць” шрыфты, знакі, сімвалы…
Міхал Анемпадыстаў
Аб тым, як ствараліся макеты саколак, можна было даведацца з кароткага фільму, які паказалі падчас прэзентацыі. Між тым гэтыя макеты ўжо ёсць у свабодным доступе на спецыяльнай старонцы sakolki.eurobelarus.info. Каардынатарка пленэру Марына Штрахава распавяла, што іх можна спампаваць у фармаце PDF і прынесці ў любы цэнтр друку, каб надрукаваць на саколках прывабнай для вас мадэлі.
Кампанія “Цытуй сваё!” не абмежавалася стварэннем цытатніка беларускага мыслення і прынтаў для саколак. Яе арганізатары пайшлі далей: абвесцілі Год беларускага мыслення.
“Нам хацелася, каб спрычыненне да беларускага не замыкалася на сімвалічных рэчах, а ішло па змесце больш глыбока, з большай сур’ёзнасцю, з большай цікаўнасцю менавіта да беларускага зместу, а не толькі да формы”, – зазначыў генеральны дырэктар Міжнароднага кансорцыюма “ЕўраБеларусь” Улад Вялічка. Ён распавёў, што ўжо распрацаваны першыя крокі для такога амбіцыйнага году. Самы істотны праект, над якім ужо ідзе праца – “Анталогія беларускага мыслення”. Яна выйдзе ў свет гэтай вясной. У межах Года беларускага мыслення ў розных гарадах ужо праходзіць серыя лекцый “Спадчына Ігната Абдзіраловіча”. Для больш шырокага кола неўзабаве распачнецца конкурс эсэ на тэму інтэлектуальнай спадчыны Беларусі. А ўжо па-сапраўднаму масавым абяцае стаць “Тыдзень беларускага МЫслення”, які плануецца правесці ў верасні па ўсёй Беларусі.
Завяршыў вечарыну невялікім канцэртам Зміцер Вайцюшкевіч, які гасцінна прымаў на сваім хутары Вайцюшкі дызайнераў падчас пленэру.
Нагадаем, кампанія “Цытуй сваё!” была распачатая ў траўні 2015 года шэрагам інстытуцый грамадзянскай супольнасці ды адукацыйных устаноў (Міжнародны кансорцыюм “ЕўраБеларусь“, Лятучы ўніверсітэт, Беларускі саюз дызайнераў, грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!“, Беларускі калегіюм, курсы “Мова Нанова“). Мэта кампаніі – актуалізацыя найлепшых узораў беларускай думкі, запрашэнне да ўважлівага чытання і асэнсавання прамоўленага і заспяванага ў нашай нацыянальнай культурнай прасторы.
Зміцер Вайцюшкевіч
Аксана Шэлест
Больш фота на ТУТ
Кампанія “Цытуй сваё!” была распачатая ў траўні 2015 года шэрагам інстытуцый грамадзянскай супольнасці ды адукацыйных устаноў (Міжнародны кансорцыум “ЕўраБеларусь“, Лятучы ўніверсітэт, Беларускі саюз дызайнераў, грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!“, Беларускі калегіюм, курсы “Мова Нанова“).
Мэта кампаніі – актуалізацыя найлепшых узораў беларускай думкі, запрашэнне да ўважлівага чытання і асэнсавання прамоўленага і заспяванага ў нашай нацыянальнай культурнай прасторы.
Кампанія “Цытуй сваё!” пашыраецца, а значыць, беларуская мудрасць, гумар і дзёрзкасць будуць бліжэйшымі да свайго народа!