20 студзеня ў 18.00 кампанія “Будзьма беларусамі!” і Саюз беларускіх пісьменнікаў запрашаюць на прэзентацыю беларуска-нямецкага выдання кнігі Міхаіла Валодзіна “Наш стары добры Вавілон. Прагулка па горадзе ў Мінскіх гісторыйках”.
“Мінск – адзін з самых нудных гарадоў у свеце”. Такі прысуд гораду вынес шэсцьдзесят гадоў таму нямецкі пісьменнік Бертальт Брэхт. Што ж, і геніям уласціва памыляцца! Калі б вялікі немец прачытаў кнігу нашага сучасніка Міхаіла Валодзіна і прагуляўся разам з аўтарам па мінскіх вуліцах, ён напэўна змяніў бы сваё меркаванне. Цяпер яму было б яшчэ прасцей, бо літаральна сёння “Наш стары добры Вавілон. Прагулка па горадзе ў Мінскіх гісторыйках” загучаў па-нямецку і – што для нас больш важна! – па-беларуску!
І ўпэўніваем вас: калі б Бертальт Брэхт трапіў у мінскі Вавілон, як да яго Альберт Эйнштэйн, Леў Талстой, Джанларэнца Берніні, Жан-Батыст Мальер і многія іншыя, то адчуў бы сябе мінчанінам. Бо Мінск – гэта сусвет! Не дарма ж аўтар “Мінскіх гісторыек” сцвярджае, што ўсе людзі – мінчане!
Запрашаем прагуляцца па нясумным Мінску разам з
* мастакамі Сяргеем Стэльмашонкам, Уладзімірам Цэслерам, Ігарам Рымашэўскім, Змітром Сурыновічам;
* музыкамі Віктарам Шалкевічам, Змітром Вайцюшкевічам, Пятром Клюевым;
* знаўцамі мінскай гісторыі Сяргеем Харэўскім, Вадзімам Зелянковым, Цімохам Акудовічам, Змітром Падбярэзскім і іншымі цікавымі мінчанамі.
Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна (вул. Гікалы, 4)
Пачатак: 18.00
Уваход вольны!
Чакаем вас!
Беларуска-нямецкае выданне “Мінскіх гісторыек”, падрыхтаванае кампаніяй “Будзьма беларусамі!” і Саюзам беларускіх пісьменнікаў у серыі “Кнігарня пісьменніка”, неўзабаве з’явіцца ў кнігарнях. Сачыце за навінамі!