10 верасня 2015 года Згуртаванню беларусаў свету “Бацькаўшчына” споўнілася 25 гадоў — немалы час для дзейнасці грамадскага аб’яднання, якое ставіць мэтай захаванне і развіццё беларускай прысутнасці ў свеце, умацаванне еднасці Беларусі і яе дыяспары, паглыбленне нацыянальнай ідэнтычнасці. Пройдзены доўгі шлях, былі складанасці і выпрабаванні. Але нягледзячы ні на што, арганізацыя захавалася і працягвае актыўна дзейнічаць. На сённяшні дзень “Бацькаўшчына” трымае лучнасць з беларускімі суполкамі больш чым з 25 краінаў свету, аказвае ім метадычную, арганізацыйную ды інфармацыйную дапамогу, спрыяе папулярызацыі дасягненняў беларускай дыяспары ў Беларусі праз выданне навукова-папулярных і мастацкіх кніг у спецыяльнай серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, садзейнічанне навуковым даследаванням, засноўвае конкурсы і прэміі, арганізоўвае сустрэчы з беларусамі замежжа. Згуртаванне актыўна спрыяе захаванню культурнай спадчыны беларускага замежжа, і, што вельмі важна, з ініцыятывы Згуртавання і дзякуючы яго працяглым шматгадовым намаганням быў прыняты закон “Аб беларусах замежжа”.
Праца з беларускай дыяспарай прадэманстравала, што вельмі важнай і актуальнай перадумовай захавання беларускай прысутнасці ў свеце ёсць паглыбленне нацыянальнай ідэнтычнасці найперш у самой Беларусі, што і натхніла на стварэнне супольна з іншымі арганізацыямі грамадскай культурніцкай кампаніі “Будзьма беларусамі!” у 2008 годзе. Сярод сталых і надзейных партнёраў Згуртавання — такія вядомыя беларускія арганізацыі, як Саюз беларускіх пісьменнікаў, Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў і гісторыі і культуры. Мэта кампаніі цалкам адпавядае мэце “Бацькаўшчыны” — гуртаванне беларусаў незалежна ад месца іх пражывання на глебе павагі да свайго народа, краіны, яе гісторыі, культуры і мовы. Сёння на рахунку кампаніі вельмі шмат розных здзяйсненняў, якія тым ці іншым чынам сфармавалі ці паўплывалі на цікавасць да ўсяго беларускага, натхнілі на цікавыя і крэатыўныя праекты як грамадскія асяродкі, так і бізнес, паспрыялі росту актыўнасці людзей на беларускай ніве.
25 гадоў — добрая нагода падвесці вынікі і ўспомніць, як усё пачыналася. Усё, што зроблена Згуртаваннем, — гэта вынік супольнай працы яго сяброў, усіх тых, хто ў розныя часы спрычыняўся да дзейнасці арганізацыі: і асобных сяброў “Бацькаўшчыны”, і беларускіх суполак у замежжы, і кіраўніцтва арганізацыі. Таму мы палічылі, што з нагоды 25-годдзя ў першую чаргу мусяць выказацца самі сябры Згуртавання: і тыя, хто стаяў ля вытокаў, і тыя, хто нёс цяжар кіравання, і тыя, што далучыліся да арганізацыі пазней.
Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская, сённяшнія кіраўнікі МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
V з'езд беларусаў свету
Радзім Гарэцкі,
прэзідэнт Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына" ў 1993—2001 гадах, акадэмік НАН Беларусі, аўтар шматлікіх кніг і публікацый:
“Нягледзячы на многія цяжкасці жыцця ў тыя часы, шмат момантаў нават цяпер, праз 25 гадоў, успамінаюцца з цеплынёй і радасцю, і ўсе яны звязаныя з нацыянальным адраджэннем, элементамі вольнасці і надзеяй на светлую будучыню. Цяжка ўявіць, што кіраўнік дзяржавы Станіслаў Шушкевіч усюды размаўляў па-беларуску, а кіраўнік ураду Вячаслаў Кебіч на з’ездзе Таварыства беларускай мовы быў прыняты ў сябры ТБМ і абяцаў у наступным годзе выступіць на чыстай беларускай мове. У Акадэміі навук Беларусі першы і апошні раз адбыліся выбары прэзідэнта і кіраўніцтва Акадэміі без усякага ўзгаднення і ціску ўладных і партыйных структур. Я тады стаў віцэ-прэзідэнтам АН Беларусі. Ізаляцыя краіны скончылася, і адкрыўся шырокі прастор у свет. Усё больш пазнавалі сваіх суайчыннікаў як у новых краінах СНД, так і ў далёкім замежжы…
… Уплыў дзейнасці ЗБС “Бацькаўшчына” на нацыянальнае адраджэнне Беларусі і развіццё беларушчыны надзвычайны, і таму наша Згуртаванне будзе мацнець і пільна працаваць, пакуль на свеце жывуць беларусы, а гэта значыць — вечна!”.
Ганна Сурмач,
старшыня Рады Згуртавання ў 1993—2001 гадах, старшыня Беларуска-амерыканскага задзіночання:
“Сама ідэя прызнання наяўнасці беларускай эміграцыі ў свеце і стварэння Згуртавання беларусаў свету дзеля падтрымання пастаяннай сувязі краіны-маці і яе дыяспары была вялікім крокам у развіцці беларускай нацыі, які стаў магчымым з пачаткам нацыянальнага Адраджэння. І гэтая ідэя была паспяхова рэалізаваная ў 1990 годзе, калі мы — беларусы з Бацькаўшчыны і з замежжа — сабраліся разам у Доме літаратара і абвясцілі пра стварэнне новай арганізацыі. Так была адкрытая зусім новая старонка ў гісторыі краіны.
У той час высокай грамадскай актыўнасці стваралася шмат новых арганізацый, да сёння дажылі нямногія. Сярод іх і Згуртаванне "Бацькаўшчына". Арганізацыя можа з гонарам адзначаць свой 25-гадовы юбілей. Яна паспяхова выконвае сваю ролю — гуртаваць беларусаў па ўсім свеце. Перажыта шмат выпрабаванняў, цяжкасцяў, стратаў, як і раней, няма дастатковай падтрымкі з боку беларускай дзяржавы праз палітычную сітуацыю ў краіне. Але ёсць адказныя людзі, якія нясуць на сабе ўвесь цяжар гэтай працы, не здраджваюць ідэі, робяць што магчыма, каб трымаць сувязі з беларускім замежжам…
… Галоўны вынік нашай сумеснай працы — стварэнне сусветнай беларускай супольнасці, якая ўжо жыве самастойным жыццём, і перапыніць гэты працэс немагчыма. Беларусы з розных краінаў кантактуюць між сабою, сустракаюцца, супрацоўнічаюць, трымаюць сувязь з Бацькаўшчынаю. Цяпер ужо відавочна, што жыццёвая прастора беларускай нацыі не абмяжоўваецца геаграфічнымі рамкамі Беларусі. Беларусы жывуць у бальшыні краінаў свету, на ўсіх кантынентах. І не проста жывуць, а ствараюць адзіную супольнасць, якая ёсць беларускай нацыяй, прысутнай у сусвеце”.
Радзім Гарэцкі і Хведар Нюнька падчас адкрыцця шыльды М. Гарэцкаму
Янка Запруднік,
дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША, гісторык і публіцыст:
“Бацькаўшчына” для нас на чужыне была не толькі святым словам, на якое малілася душа й канцэнтраваліся думкі. Яно суправаджала нашы ўчынкі й нашы сны… беларусы замежжа сустрэлі й падтрымалі выказаную ў Мінску 25 гадоў таму ініцыятыву заснавання Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Нарэшце да беларусаў, раскіданых па цэлым свеце, прыйшло адчуванне, што скончылася “выгнанне”, знікла “ўцякацтва”, вярнулася пачуццё, што, дзе б ты ні быў, ты маеш за сабой родную духам Бацькаўшчыну, хоць і не ў цэлай самой уладзе, але ў людзях”.
Вячка Целеш,
старшыня Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі “Маю гонар”, мастак, гісторык, пісьменнік:
“Для беларусаў на Бацькаўшчыне Адраджэнне было звязанае з пазітыўнымі пераменамі, гэта любоў да сваёй нацыянальнай мовы, гісторыі, спадчыны, культуры і мастацтва. Але там да перамен не ўсе былі гатовыя і не ўсе паставіліся да гэтага аднолькава. Тым не менш знайшліся ў Беларусі людзі — сапраўдныя патрыёты сваёй Бацькаўшчыны, якія зразумелі: адраджаць і будаваць сваю нацыянальную дэмакратычную дзяржаву патрэбна ўсім разам — беларусам на Бацькаўшчыне і тым, якія жывуць па-за яе межамі. Імі і быў арганізаваны ў 1990 г. Першы з’езд беларусаў блізкага замежжа, на якім было заснаванае Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Адной з галоўных мэтаў арганізацыі стала аб’яднанне ўсіх беларусаў для захавання ідэнтычнасці беларусаў у свеце. У тым з’ездзе ўзялі актыўны ўдзел і сябры “Світанку”.
Леанід Лыч,
доктар гістарычных навук, прафесар, сябра Рады Згуртавання:
“Я лічу, што акрамя беларусаў свету трэба праводзіць і з’езды беларусаў блізкага замежжа, маецца на ўвазе, з дзяржаваў, створаных на постсавецкай прасторы. Калі, скажам, з Прыбалтыкай і з некаторымі рэспублікамі Закаўказзя ў нас на дзяржаўным узроўні яшчэ не існуе цеснага супрацоўніцтва, то ў краінах сацыяльнай садружнасці, наадварот, адбываюцца нейкія працэсы, якія характэрныя для колішняга Саюза. І таму тое, што павінна вызначаць працу з беларускай эміграцыяй у блізкім замежжы, на постсавецкай тэрыторыі, і тое, што павінна вызначаць працу з беларусамі Вялікабрытаніі, Францыі, Канады, Германіі, Амерыкі — падыходы тут павінныя быць зусім розныя. Таму нам неабходна прадоўжыць традыцыю і склікаць з’езды беларусаў блізкага замежжа — тых беларусаў, якія жывуць на тэрыторыі Еўразійскага саюза, паколькі ідзе эканамічная, палітычная інтэграцыя, і яна будзе моцна ўплываць на этнакультурныя працэсы гэтых народаў, і яны будуць падлягаць у пэўнай ступені асіміляцыі — так, як некалі ў складзе СССР…
… У нас сярод нацыянальнай эліты вельмі многа прагрэсіўных ідэй. Стварыць дыскусійны клуб, дзе калі не два, дык хаця б раз на тыдзень маглі збірацца людзі нацыянальных пазіцый. Мы не супраць, каб прыйшлі і нашыя праціўнікі, каб з імі дыскусію праводзіць — глядзіш, і з гэтых праціўнікаў праз дзве-тры сустрэчы ўжо былі б людзі, якія б станавіліся на нашыя пазіцыі”.
Хведар Нюнька,
старшыня Таварыства беларускай культуры Літвы (1989—2014), беларускі грамадска-культурны дзеяч, сябра Прэзідыуму Рады БНР, сябра Рады “Бацькаўшчыны”, дырэктар Культурнага цэнтра імя Якуба Коласа ў Вільні:
“ЗБС “Бацькаўшчына” не мае такіх умоў і падтрымкі з боку ўладаў, якую маюць Літва і іншыя краіны Балтыі. Аднак і ў гэтых умовах кіраўніцтва “Бацькаўшчыны” выконвае вялікую і такую патрэбную працу па наладжванні кантактаў, выпуску і забяспечанні замежных беларусаў літаратурай і сувенірамі, а па магчымасці і дапамогаю ў вырашэнні арганізацыйных пытанняў, арганізацыі з’ездаў і канферэнцый беларусаў…
…На будучыню пажадаю кіраўніцтву і далей працаваць супраць русіфікацыі ў Беларусі і супраць асіміляцыі беларусаў за мяжою”.
Юбілей Генадзя Бураўкіна, Мінск, 2011
Лідзія Савік,
даследчыца літаратуры, адна з заснавальніц Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, сябра Рады:
“Гэта была такая эйфарыя! Мы дзень і ноч працавалі. У замежжы беларусы памяталі Бацькаўшчыну, мову памяталі, выдавалі творы — гэта вельмі нас прываблівала. Божа, колькі людзей прыехала! Мы ездзілі іх сустракаць, а яны сыходзілі з самалётаў, падалі на калені… Тады ўздым быў, людзі загаварылі па-беларуску, столькі падзей было!
Пра з’езд быў вялікі розгалас, і не толькі ў Беларусі, бо сюды амаль з усяго свету людзі прыехалі. Дзякуючы нашым эмігрантам свет даведаўся, што ёсць такая краіна — Беларусь…
… Вельмі добра, што была створаная такая арганізацыя, якая вельмі шмат зрабіла для беларускай справы. Не дае згаснуць гэтай беларускай свечачцы, дагарэць да палічкі і знікнуць зусім… Канечне, на з’езды прыязджае ўжо не столькі людзей, як на першы — той быў самы значны, самы вялікі, падзея была: тады ж яшчэ і ўрад спрычыніўся, і газеты, і часопісы шмат пісалі. Але я лічу, што вельмі правільная пазіцыя была, калі мы стваралі гэтую арганізацыю, — захаваць беларушчыну, захаваць нашую нацыю, культуру, гісторыю. Я лічу, што Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” — вельмі вялікае дасягненне беларускай нацыянальнай ідэі. А што такое нацыянальная ідэя? Гэта патрыятызм, захаванне сваёй мовы, сваёй культуры, гісторыі. І дзякаваць Богу, што Бацькаўшчына ўсё-ткі існуе, нягледзячы на такія нялёгкія апошнія 20 гадоў умовы. Я лічу, што “Бацькаўшчына” — адна з самых уплывовых і значных нашых арганізацый па ажыццяўленні беларускай нацыянальнай ідэі”.
Барыс Пятровіч (Сачанка),
старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў, сябра Рады Згуртавання:
“Прыемна ўсведамляць, што ля вытокаў Згуртавання стаялі і пісьменнікі, а менавіта такія слынныя асобы, як Васіль Быкаў, Ніл Гілевіч, Генадзь Бураўкін, Рыгор Барадулін”.
Пятрусь Капчык,
старшыня беларускай суполкі “Зорка Венера” з украінскага Ізяслава, сябра Рады Згуртавання:
“Для ўмацавання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў патрэбная нацыянальная беларуская дзяржава з адной дзяржаўнай мовай, усе іншыя "патугі" так і застануцца, прабачце, патугамі. Даваць парады ў мяне няма жадання, таму што гэта ўсё роўна не будзе выканана: я добра ведаю стан рэчаў у краіне з мовай, культурай, адукацыяй і сродкамі масавай інфармацыі, прабачце!.. Маю душу грэе думка, што недзе ў Мінску на вул. Кузьмы Чорнага знаходзіцца "выспа беларускасці" ў амаль цалкам ужо зрусіфікаванай краіне, дзе я нарадзіўся і рос, — ЗБС "Бацькаўшчына" і Саюз беларускіх пісьменнікаў, і дзякуй Пану Богу, што вы ёсць у нас, беларусаў замежжа, вы — наша надзея і спадзеў, што "хоць нас і небагата, але мы ёсць", і русіфікатарам трэба пра гэта памятаць!!!”
Іна Снарская,
беларуская паэтка, што жыве ва Украіне, старшыня Культурна-асветнага аб’яднання беларусаў Палтавы “Агніца”, сябра Рады Згуртавання:
“Найбольш яскравай падзеяй для мяне быў Першы з'езд беларусаў свету. Уся атмасфера таго з'езду была прасякнутая адчуваннем сапраўднага свята, надзеяй на адраджэнне Беларусі. На вуліцах Мінска, у транспарце мы, удзельнікі з'езду, размаўлялі па-беларуску, нам прыязна ўсміхаліся людзі. Мы расказвалі, адкуль мы, з якіх краінаў прыехалі, жыхары Мінска распытвалі пра наш з'езд. Я добра памятаю выступ Васіля Быкава. Адчуваючы веліч гэтага чалавека і пісьменніка, мне цяжка было стрымаць слёзы. Не магу не ўспомніць той момант, як на прыступках Опернага тэатра са свечкамі ў руках мы спявалі "Магутны Божа".
Лёля Міхалюк,
шмат гадоў кіравала Згуртаваннем беларусаў у Вялікабрытаніі і сёння з’яўляецца ганаровым старшынёй гэтай арганізацыі, сябра Рады “Бацькаўшчыны”:
“У цяперашніх варунках нельга вымагаць немагчымага. Найбольш важна, з улікам усіх цяжкасцяў сённяшняга дня, тое, што “Бацькаўшчына” яшчэ існуе. А яшчэ тая вялікая праца, якую “Бацькаўшчына” робіць дзеля прэзентацыі беларушчыны навонкі — хочацца, каб і надалей так было. Надзвычай важна, што “Бацькаўшчына” стараецца захаваць беларускую мову, бо нацыя не можа існаваць без мовы”.
Алег Рудакоў,
заснавальнік і шматгадовы кіраўнік Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, актыўны сябра Моладзевага клуба “Крывічы”, намеснік старшыні Федэральнай нацыянальнай культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі", сябра Рады “Бацькаўшчыны”:
“У век глабалізацыі нацыянальная ідэнтычнасць можа захавацца толькі пры адной умове: калі беларусы будуць адраджаць, захоўваць і развіваць сваю традыцыйную нацыянальную культуру. Гэта можна зрабіць толькі пры ўмове правядзення нацыянальных абрадавых святаў у выглядзе не дробнай тусоўкі, а агульнага масавага фэсту. Гэта мы робім у Іркуцку. Праз нацыянальныя святы, якія мы ладзім з інтэрактывам (песні, танцы, культ нацыянальных строяў, культ нацыянальных рамёстваў), усё гэта дае магчымасць зацікавіць моладзь, якой якраз у будучыні і трэба будзе працягваць працу па захаванні нацыянальнай адметнасці.
Акрамя з’езду “Бацькаўшчыне” трэба ўзяцца за правядзенне “Беларускага Кірмашу” — няхай адзін раз на тры гады, але каб гэта быў не толькі фестываль беларускай песні, але і майстар-класы па рамёствах, майстар-класы па танцах, па інтэрактыўным вывучэнні беларускай мовы і інш.
Лічу, што прыйшоў такі час, калі трэба вылучыць маладзёвае крыло “Бацькаўшчыны”. Дзеля гэтага правесці Першы беларускі ўсясветны маладзёвы з’езд (БУМЗ), які зробіць аналіз пытання далучэння моладзі ў розных краінах і ў самой Беларусі да беларускага руху, а таксама распрацуе асноўныя кірункі дзейнасці дзеля дасягнення гэтай мэты”.
Валер Герасімаў,
намеснік старшыні Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” і адзін з пачынальнікаў гэтай арганізацыі:
"Гэта быў час, калі мы ўсе пайшлі ў палітыку, мы ўсе — навукоўцы, творчая інтэлігенцыя, простыя служачыя — аддаваліся гэтай справе шчыра і з грамадскай ініцыятывы пісалі пра мову, пра дзеячаў адраджэння, удзельнічалі ў першых вольных мітынгах па адзначэнні Дзядоў, супраць будаўніцтва лініі метро пад Верхнім горадам Мінска, зносу старажытных мінскіх будынкаў, спявалі разам народныя беларускія песні ("спеўкі" былі так званыя). Памятаю, Зянон Пазняк, з якім я тады пазнаёміўся, сказаў так сабе разважліва, зважаючы на грунтоўнасць маіх публікацый (адна з іх, дарэчы, была скіраваная супраць ганьбавальнікаў нацыянальнай нівы ў абарону памяці дзеячаў беларускай хрысціянскай дэмакратыі Адама Станкевіча, Янкі Пазняка і іншых), што думаў недзе пра мае гадоў шэсцьдзесят (на самай справе было крыху больш за трыццаць).
“Бацькаўшчына” — арганізацыя, якая яднае беларусаў з усяго свету, усіх веравызнанняў, незалежна нават ад крыві — галоўнае палітычнае грамадзянства і ўсведамленне сябе беларусам. Але ніколі “Бацькаўшчына” не ахвяравала прынцыпамі: нацыянальная культура, нацыянальная мова, нацыянальная сімволіка, бел-чырвона-белы сцяг і “Пагоня” — гэта тыя “слупы” нацыянальнай свядомасці, на якіх “Бацькаўшчына” трымалася заўсёды. Лічу, што і цяпер кіраўніцтва “Бацькаўшчыны” ідзе правільным шляхам”.
…Я думаю, што развіццё беларускай нацыі, беларускага народа незваротнае, а неспрыяльныя дробязі на нашай дарозе адыдуць у былое. Я захоўваю гэты аптымізм, нейкую трываласць і веру дзякуючы “Бацькаўшчыне” і людзям, якія там працуюць і працавалі. Яны працуюць прафесійна, абганяючы ў імпэце дзяржаўныя структуры…”
P.S. Цалкам допісы гэтых і іншых асоб можна прачытаць на сайце "Бацькаўшчыны" zbsb.org.
Артыкул надрукаваны ў газеце "Народная Воля" №102 (4047), 29 снежня 2015