10 снежня 2015 года беларуская пісьменніца Святлана Алексіевіч атрымала з рук караля Швецыі Карла XVI Густава Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры за 2015 год. Спецыяльны камітэт Шведскай акадэміі прысудзіў ёй гэтую прэмію 8 кастрычніка 2015 года за "шматгалосае гучанне яе прозы і ўвекавечанне пакут і мужнасці".
У сваёй банкетнай прамове пасля атрымання прэміі Святлана Алексіевіч расказала свету пра Беларусь, а таксама з удзячнасцю ўзгадала сваіх “настаўнікаў” - беларускіх пісьменнікаў Васіля Быкава і Алеся Адамовіча.
“Мяне называюць пісьменнікам катастрофаў, гэта няпраўда, я ўвесь час шукаю словы любові. Нянавісць нас не ўратуе. Нас уратуе толькі любоў. Я спадзяюся...”, -- сказала Святлана Алексіевіч у прамове.
Дзякуючы Святлане Алексіевіч упершыню з нобелеўскай трыбуны прагучала беларуская мова.
Адразу пасля атрымання прэміі кіраўніцтва Саюза беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч (Сачанка) і Алесь Пашкевіч разам з кіраўнікамі “Бацькаўшчыны” Аленай Макоўскай і Нінай Шыдлоўскай асабіста павіншавалі першага беларускага набеліата. Трэба адзначыць, што і прадстаўнікі Саюза і прадстаўнікі “Бацькаўшчыны” былі запрошаны на цэрымонію ўручэння Нобелеўскай прэміі па запрашэнні Саюза шведскіх пісьменнікаў, з якім плённа супрацоўнічаюць ужо амаль 8 год.
Пра ўражанні ад цырымоніі распавядае Ніна Шыдлоўская:
“Мы шчыра ўдзячныя Шведскаму саюзу пісьменнікаў за магчымасць прысутнічаць на ўручэнні Нобелеўскай прэміі. Цырымонія была вельмі прыгожая і ўрачыстая. Пасля таго як спадарыня Святлана атрымала прэмію з рук караля, у зале быў сапраўдны шквал апладысментаў. Нашаму набеліату апладзіравалі нашмат даўжэй, чым іншым. Мы лічым гэта заслужанай ацэнкай творчасці Святланы Алексіевіч. І канешне ж для ўсіх нас гэта быў вельмі хвалюючы і ўзнёслы момант”.
Алена Макоўская адзначыла значнасць падзеі і дадала : “Адразу пасля ўручэння прэміі мы разам з іншымі беларусамі, а таксама нашымі шведскімі сябрамі падняліся на сцэну, каб павіншаваць спадарыню Святлану. Відаць было, што яна гэтага не чакала і была вельмі ўсцешана. Толькі пасля заканчэння цырымоніі мы зразумелі наколькі хваляваліся, бо гэта сапраўды знакавы, адказны момант для ўсёй нашай краіны. Мы вельмі ганарымся тым, што нам пашчасціла прысутнічаць на цырымоніі ўручэння першай у гісторыі незалежнай Беларусі Нобелеўскай прэміі”.
Банкетная прамова Святланы Алексіевіч (ТЭКСТ)
Узнагароджанне ў Стакгольмскай канцэртнай залі (ЗАПІС)
Беларусы на Нобелі!! Надзея Кандрусевіч, Ніна Шыдлоўская, Алена Макоўская! Фота з сацыяльнай сеткі facebook.com
Барыс Пятровіч (злева) і Алесь Пашкевіч (справа). Фота з сацыяльнай сеткі facebook.com
Святлана Алексіевіч прымае віншаванні. Фота: svaboda.org
Сьвятлана Алексіевіч, яе перакладчыца Кайса Эбэрг Ліндстэн, Барыс Пятровіч. Фота: svaboda.org
Фота: svaboda.org