Дарагія суродзічы!
Сёння мы адзначаем важную, гістарычную дату: 27 лістапада ў 1920 годзе пачаўся Слуцкі збройны чын. 95 гадоў таму з адвагай і верай у сэрцах першы Слуцкі полк Беларускай Народнай Рэспублікі ўступіў у бой з бальшавікамі за незалежнасць Беларусі. Удзельнікі гэтага ўздыму паказалі сваю самаадданасць і рашучасць у адстойванні волі і свабоды свайго краю. Толькі няроўнасць сілаў змусіла іх адступіць, але яны засведчылі сваю годнасць і самаахвярнасць і ўвайшлі ў гісторыю героямі.
Таму сённяшні памятны дзень мы называем Днём Герояў – тых, што паслужылі на многія гады наперад нам прыкладам. Беларусі і сёння патрэбныя свае Героі, што рашучымі дзеямі гатовыя абараняць Радзіму ад тых, хто пасягае на яе незалежнасць.
Давайце ж успомнім пра мужнасць слуцкіх змагароў, пра тыя чыстыя ідэалы, што яны неслі ў сэрцах! Няхай гэтая памяць натхняе нас усіх і дае нам сілы і веры ў сябе! Няхай нашая Бацькаўшчына адчувае любоў яе сыноў і дачок і ганарыцца імі!
Слава Героям! Жыве Беларусь!
Управа МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”