Радзім Гарэцкі. Згуртаванню беларусаў свету “Бацькаўшчына” – 25

Разбуральны крызіс сацыялістычнай эканомікі Савецкага Саюза прымусіў пачаць працэс перабудовы, які пад уплывам нацыянальных адраджэнняў у рэспубліках пайшоў так інтэнсіўна, што выклікаў стварэнне незалежных дзяржаў і гэтым поўны развал СССР. Кіраўнікі Расіі, Украіны і Беларусі ў Віскулях (Белавежская пушча) зафіксавалі развал Савецкага Саюза, каб захаваць хоць нейкае аб’яднанне былых рэспублік, абвесцілі Садружнасць незалежных дзяржаў (СНД), якая жыве да сучаснасці. Гэты працэс падштурхнуў і Чарнобыль (1986 г.)

Піша Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі

У Беларусі таксама пачаўся даволі кароткі, але моцны перыяд нацыянальнага адраджэння:

1987 г. – заснаванне Беларускага фонду культуры.

1988 г. – мітынгі з нагоды Дня памяці продкаў (Дзяды), памяці ахвяраў Курапатаў; стварэнне “Мартыролага Беларусі” і аргкамітэта Беларускага народнага фронту (БНФ).

1989 г. – устаноўчы з’езд у Вільні БНФ “Адраджэнне” на чале з Зянонам Пазьняком; устаноўчы з’езд Таварыства беларускай мовы імя Фр. Скарыны на чале з Нілам Гілевічам і выхад у свет бюлетэня ТБМ “Наша слова” (№ 1).

1990 г. – Вярхоўны Савет БССР прымае Закон аб мовах – беларуская адзіная дзяржаўная; прынята Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце БССР; 10.09–11.09 – Устаноўчая канферэнцыя Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

1991 г. – 25.08 – Дзень незалежнасці БССР, пастанова аб прыпыненні дзейнасці КПСС-КПБ у Беларусі; пастанова аб замене назвы БССР на Рэспубліку Беларусь, зацвярджэнне дзяржаўнага герба Пагоня і бел-чырвона-белага сцяга; 8.12 – стварэнне СНД.

У той жа час у Беларусі паступова стала вядома пра эміграцыю беларусаў (асабліва вельмі актыўную нацыянальна свядомую паваенную), агульная колькасць якой дасягнула прыблізна 30 % усіх беларусаў свету.

Узнікла натуральнае імкненне пазнаёміцца з беларусамі замежжа і аб’яднаць намаганні шчырых беларусаў па стварэнні і развіцці незалежнай дэмакратычнай дзяржавы Беларусі, каб у беларускай супольнасці свету ўзнікла культурна-асветніцкая арганізацыя з мэтай актыўнай працы па інтэгральным адраджэнні мовы, культуры, адукацыі, эканомікі. Ініцыятыву праявіў пісьменнік Яўген Лецка, які запрасіў у аргкамітэт шэраг прыхільнікаў беларушчыны (Яўген Адамовіч, Алег Бембель, Валер Герасімаў, Радзім Гарэцкі, Лявон Казыра, Аляксей Кароль, Арсень Ліс, Вячаслаў Рагойша, Лідзія Савік, Барыс Стук і інш.).

10 верасня 1990 г. у Доме літаратара прайшла ўстаноўчая канферэнцыя Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”.

У газеце “Літаратура і мастацтва” (14 верасня 1990 года) на першай старонцы пад назвай “Прывітанне, “Бацькаўшчына”!” надрукавана кароткае, але ёмістае паведамленне: “…На яе былі запрошаны прадстаўнікі ўсіх вядомых арганізатарам беларускіх зямляцтваў на тэрыторыі СССР, а таксама вядучых грамадскіх арганізацый Беласточчыны, госці са Злучаных Штатаў Амерыкі і Англіі. Пачалася канферэнцыя з таго, што навуковы супрацоўнік Інстытута кібернетыкі Акадэміі навук БССР А. Бураўкін прачытаў верш У. Караткевіча “Дзе мой край?”. Удзельнікаў вітаў народны фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Неруш”.

Са справаздачай аб рабоце, праведзенай аргкамітэтам, і перспектывах на будучае выступіў старшыня аргкамітэта Я. Лецка. На канферэнцыі аб задачах згуртавання гаварылі народны дэпутат СССР В.Быкаў, акадэмік Р.Гарэцкі, вядомыя навукоўцы, госці. Утворана Рада Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. На першым пасяджэнні яе старшынёй выбраны Я. Лецка, першым намеснікам В. Рагойша. Прэзідэнтам згуртавання канферэнцыя выбрала В. Быкава.”

Тут жа надрукаваны два фотаздымкі: прэзідыум канферэнцыі з трох чалавек (злева направа) Л. Казыра,  вядучы – Р. Гарэцкі, Я. Лецка; поўнасцю запоўненая зала.

Газета “Звязда (12 верасня 1990 г.) адклікнулася на гэтую падзею артыкулам з такой жа назвай, але больш падрабязна паведаміла пра змест выступленняў, фундатараў-заснавальнікаў (15 устаноў) і г.д. 30 верасня 1990 г. Вячаслаў Рагойша ў газеце “Звязда” выступіў з артыкулам “Бацькаўшчына кліча!”, у якім яскрава падкрэсліў галоўную мэту Згуртавання беларусаў свету (“уратаванне нацыі ад Чарнобыля духоўнага і Чарнобыля радыяцыйнага”) і больш шырока асвяціў думкі і прапановы ў шматлікіх выступленнях і выказваннях дэлегатаў канферэнцыі.

Нягледзячы на многія цяжкасці жыцця ў тыя часы, шмат момантаў нават цяпер, праз 25 гадоў, успамінаюцца з цеплынёй і радасцю, і ўсе яны звязаны з нацыянальным адраджэннем, элементамі вольнасці і надзеяй на светлую будучыню. Цяжка ўявіць, што кіраўнік дзяржавы Станіслаў Шушкевіч усюды размаўляў па-беларуску, а кіраўнік ураду Вячаслаў Кебіч на з’ездзе Таварыства беларускай мовы быў прыняты у сябры ТБМ і абяцаў у наступным годзе выступіць на чыстай беларускай мове. У Акадэміі навук Беларусі першы і апошні раз адбыліся выбары Прэзідэнта і кіраўніцтва Акадэміі без усякага ўзгаднення і націску ўладных і партыйных структур. Я тады стаў віцэ-прэзідэнтам АН Беларусі. Ізаляцыя краіны скончылася і адкрыўся шырокі прастор у свет. Усё больш пазнавалі сваіх суайчыннікаў як у новых краінах СНД, так і ў далёкім замежжы.

19-20 снежня 1992 года ў Мінску адбыўся Сход беларусаў блізкага замежжа, у якім больш за 200 дэлегатаў прадстаўлялі каля 2 мільёнаў нашых суродзічаў з неабсяжнай тэрыторыі былога Саюза, а цяпер краін СНД, а таксама Прыбалтыкі, Польшчы (Беласточчыны). Сход вітаў Старшыня Вярхоўнага Савета РБ С. Шушкевіч. Выступілі сябры Рады “Бацькаўшчыны” (у тым ліку Р. Гарэцкі[1]), прадстаўнікі Беларусі (у тым ліку работнікі міністэрстваў) і шматлікія госці. Пра Сход у газеце “Звязда” быў надрукаваны шэраг паведамленняў.

Найбольшае дасягненне ў дзейнасці ЗБС “Бацькаўшчына” – Першы з’езд беларусаў свету (8-10 ліпеня 1993 г.), які быў праведзены разам з урадавымі арганізацыямі Беларусі. Гэта быў адзіны ў жыцці беларускай нацыі з’езд беларусаў свету такога рангу і масштабу. Пра яго ўжо шмат пісалася ў газетах, часопісах, успамінах. Надрукавана спецыяльная кніга “Першы з’езд беларусаў свету (8-10 ліпеня 1993 г., г. Мінск). Матэрыялы і дакументы.” Беларускае гістарычнае таварыства. Беласток. 1997. – 335 с.

Былі створаны аргкамітэт па падрыхтоўцы З’езду (сустаршыні:  ад ЗБС – В. Быкаў, ад дзяржавы – міністр замежных спраў П. Краўчанка) і Рабочая група пад кіраўніцтвам сябра Рады ЗБС Г. Сурмач. Трэба падкрэсліць, што правядзенне З’езду фінансавалася прыблізна напалову грамадскімі сіламі і дзяржаваю. Галоўная ідэя З’езду – нацыянальнае адраджэнне Бацькаўшчыны, а асноўная тэма – будаўніцтва незалежнай дзяржавы Беларусі.

З’езд прайшоў у Дзяржаўным тэатры оперы і балета, які быў прыгожа аформлены пад панаваннем нацыянальных сімвалаў і харугвам спецыяльна падрыхтаванай Э. Агуновічам да з’езду. Зала была перапоўнена – прысутнічала больш за 1200 удзельнікаў, з іх прадстаўнікоў замежжа – 486 чалавек. Адкрыў З’езд уступным словам Васіль Быкаў, з прывітаннем выступілі кіраўнік краіны старшыня Вярхоўнага Савета РБ Станіслаў Шушкевіч і старшыня камісіі Вярхоўнага Савета па культуры, адукацыі і захаванні гістарычнай спадчыны, старшыня Таварыства беларускай мовы народны паэт Ніл Гілевіч. Асноўныя даклады: віцэ-прэзідэнт АН Беларусі, сябра Аргкамітэта і Рады ЗБС Р. Гарэцкі ад сусветнай беларускай супольнасці “Беларуская ідэя і адбудова беларускай дзяржаўнасці”; намеснік старшыні Савета Міністраў М. Дзямчук – ад ураду РБ “Эканамічная сітуацыя і магчымасці выхаду з крызісу”; ад заходняй дыяспары Я. Запруднік (ЗША); справаздачны даклад старшыня Рады Я. Лецка “Згуртаванне  беларусаў свету “Бацькаўшчына” на цярністым шляху яднання беларусаў свету”.

996 дэлегатаў з Беларусі і замежжа Прэзідэнтам ЗБС “Бацькаўшчына” абрала Радзіма Гарэцкага, Вялікую Раду ў складзе 97 чалавек, рэвізійную камісію з 3-х чалавек. У выніку першага пасяджэння Вялікай Рады старшынёй Рады абрана Ганна Сурмач, старшынёй рэвізійнай камісіі – Ірына Жарская. Намеснікамі старшыні Рады абраныя Антон Сабалеўскі, Ніна Загорская, Уладзімір Мамонька, Барыс Стук.

Я не мог адмовіцца ад прапановы Васіля Быкава балатавацца ў прэзідэнты ЗБС “Бацькаўшчына”, бо належаў да той даволі шматлікай кагорты шчырых беларусаў, якія марылі пра стварэнне незалежнай дэмакратычнай багатай еўрапейскай беларускай Беларусі. Хаця я быў вельмі загружаны па сваёй асноўнай працы ў Акадэміі навук, але не мог не ўдзельнічаць ва многіх пералічаных раней грамадскіх справах: удзел ва ўстаноўчым з’ездзе БНФ, а затым у Калегіі радцаў БНФ пры Сойме і ў ценявым кабінеце ўзначаліў Міністэрства рэсурсаў, сябра Рады ТБМ, Беларускага фонда культуры, Беларускага экалагічнага таварыства, прэзідэнт Фонду імя братоў Луцкевічаў, ганаровы сябра Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў і інш.

Знаёмства з замежнымі дэлегатамі Першага з’езда асабліва Паўночнай Амерыкі зрабіла на мяне вялікае ўражанне – большасць з іх аказаліся блізкімі сваёй беларускасцю. Яшчэ больш са многімі з іх зблізіўся і нават пасябраваў, калі ў 1994 г. разам са старшынёй Рады Згуртавання  Ганнай Сурмач наведалі ЗША і Канаду, а затым узялі ўдзел у 21-й Сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі. Хочацца ўзгадаць сустрэчы з такімі выдатнымі дзеячамі беларускай эміграцыі як Вітаўт і Зора Кіпелі, Янка і Надзя Запруднікі, Антон Шукелойц, Ала Орса-Рамана, Расціслаў Завістовіч, Васіль Мельяновіч, Вера і Вітаўт Рамукі, Вера і Мікола Прускі, архіепіскап Мікалай, Мікола Ганько, Раіса Жук-Грышкевіч, Івонка Сурвілла, айцец Аляксандр Надсан, Юля і Павел Андрусішыны, Вольга і Масей Сяднёвы і многія іншыя.

Апошняй значнай падзеяй перыяду нацыянальнага адраджэння было прыняцце 15 сакавіка 1994 г. Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь на 13-ай сесіі Вярхоўнага Савета РБ пад старшынствам Мячыслава Грыба.

Ужо 10 ліпеня 1994 г. быў выбраны першы Прэзідэнт РБ А.Р. Лукашэнка. Сітуацыя ў краіне (асабліва пасля сумнага рэферэндума 1995 года і папраўкаў да Канстытуцыі РБ у 1996 годзе) рэзка змянілася – атрымаўся паварот у савецкае мінулае, адмоўныя адносіны да нацыянальнага адраджэння, незалежнасці і г.д. Улады Беларусі пачалі праводзіць падзел беларускай грамадкасці на “чэсных” і “нячэсных”, “нашых” і “не нашых”, што закранула і многія суполкі беларусаў за мяжой (асабліва ў СНД).

Падайшоў час правядзення ІІ з’езда беларусаў свету (25–28 ліпеня 1997 г.). Прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта (палкоўнік С. Посахаў) і Савета Міністраў (У. Русакевіч) пры сустрэчы з кіраўнікамі ЗБС патрабавалі, каб з’езд прайшоў у поўным прэзідэнцкім кірунку (двухмоў’е, вяртанне савецкіх сімвалаў, аб’яднанне з Расіяй і г.д.). Хаця ЗБС не палітычная міжнародная супольнасць беларусаў, а культурна-асветніцкая, але яе задачы, мэта – спрыянне нацыянальнаму адраджэнню Беларусі, яе мовы, культуры, духоўнасці і маралі, гістарычнай памяці, аднаўленню дзяржаўнасці, незалежнасці. Мы не згадзіліся з такімі прапановамі і тым самым замест падтрымкі (не толькі фінансавай) атрымалі шматлікія перашкоды з дазволам на памяшканне і г.д. Правядзенне Другога з’езда беларусаў свету патрабавала ад кіраўніцтва ЗБС вялікіх намаганняў і значнай вытрымкі.

З’езд усё ж прайшоў 25 ліпеня 1997 года, але намнога больш сціпла і з меншай колькасцю дэлегатаў (асабліва з боку беларусаў “далёкага” замежжа, якія не захацелі ехаць у Беларусь з такім новым рэжымам). Дзякуючы адмысловым дзеянням віцэ-прэм’ера У. Замяталіна (другога палкоўніка – “ідыёлага” дзяржавы), ад якога павінны былі атрымаць канчатковы дазвол на памяшканне, змаглі правесці пасяджэнне Вялікай рады толькі у 1830. Тэма з’езда вельмі актуальная – “Праблемы захавання беларускай прысутнасці ў свеце”. Калі прывітальнае слова Васіля Быкава ўдзельнікі з’езда прынялі з вялікай удзячнасцю, дык зварот Прэзідэнта РБ А.Р. Лукашэнкі, які зачытаў намеснік міністра культуры, выклікаў шум, крыкі нязгоды з шэрагам яго выказванняў. Шмат прысутных пазналі больш дэмакратычную парламенцкую краіну і цяжка ўспрымалі дыктатарскую і дэмагагічную прэзідэнцкую. Шэраг прапрэзідэнцкіх выступленняў таксама выклікалі нязгоду. Прэзідэнтам ЗБС “Бацькаўшчына” зноў быў абраны Р. Гарэцкі, а старшынёй Рады – Г. Сурмач.

У апошні дзень з’езда –28 ліпеня Прэзідэнт РБ (праз С. Посахава) па сваім спісе запрасіў каля 80 прадстаўнікоў дыяспары, а ад кіраўніцтва ЗБС – яго прэзідэнта і старшыню Рады. На сустрэчы прысутнічалі многія кіраўнікі ўладных структур РБ. Прэзідэнт РБ гаварыў аб сваёй увазе да дыяспары, абяцаючы ёй усялякую дапамогу і ў зняважлівай форме абвінаваціў апазіцыю і кіраўніцтва ЗБС у фантастычным нацыяналізме, што яны заклікаюць да крыжовага паходу на РБ, сцэнарый якога напісаны даўно і робіцца “за зялёненькія” і г.д. Шэраг прадстаўнікоў Латвіі (В. Піскунова), Кіргізіі (Н. Міронава), Малдовы (А. Лапацьева), Мурманска (С. Дашчынскі), Польшчы (Я. Сычоўскі), Харкава (В. Самуйленка), Таліна (Н. Савінава) падтрымалі такі выступ, а прадстаўнікі Літвы (Ю. Мартынене, А. Давідзюк), Аўстраліі (Антух Мікалай), ЗША (Д. Пацэвіч), наадварот, абаранялі кіраўніцтва ЗБС.

Выступленне прэзідэнта РБ і асабліва яго заключнае слова прадстаўнікі ўлад і большасць дэлегатаў з’езда сустракалі апладысментамі. У заключным слове гучалі нават пагрозы: “Конечно, поверьте, у меня хватило бы власти, чтобы поставить на место Гарецкого и Сурмач. Но я не хотел это делать с какими-то, знаете, диктаторскими замашками. Хотел, чтобы вы сами приехали в страну и убедились, кто есть кто и что здесь происходит. Вы убедились? Убедились!” (Апладысменты). Далей прыблізна так: “Сегодня вы говорите – большинство, кто разбирается, кто ближе живёт к Беларуси – “не трэба нам такая организация”. Давайте подумаем, как до родного края собрать. Давайте создадим организацию, которая будет действовать в общих интересах. И мы создадим, как бы ни противились этому гарецкие, позняки и борщевские” (Апладысменты). Ён адразу пакінуў залу сустрэчы. Мае намаганні атрымаць слова не мелі поспеху. Я тады прымусіў каманду тэлебачання праслухаць і запісаць мой кароткі выступ, у якім я растлумачыў сапраўдныя задачы ЗБС, зафіксаваныя ў статуце. Яны сумленна запісалі, але ў вестках па TV не паказалі.

Паміж Другім і Трэцім з’ездамі беларусаў свету і напрамкі дзейнасці, і інтэнсіўнасць не змяніліся і не зменшылася, хаця сітуацыя ў краіне для гэтага стала яшчэ больш цяжкая і мала спрыяльная.

Тады самай небяспечнай для Беларусі стала праблема захавання незалежнасці. А. Лукашэнка ўсяляк імкнуўся здзейсніць поўную інтэграцыю з Расіяй і стаць на чале адзінай саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі. Дастаткова ўзгадаць некаторыя цытаты з яго выказваннняў і падзей таго часу. “Беларусь для меня – пройденный этап!” “Это будет такой союз, которого не видел мир”. “Белорусы – это русские, только со знаком качества”. “Объединение наших народов – дело святое”. У 1998 г. была падпісана дэхкларацыя аб аб’яднанні Беларусі і Расіі ў Саюзную дзяржаву. 1999 год стаў кульмінацыяй працэса аб’яднання. “Я предложил Борису Ельцину, чтобы он стал президентом Союза, я согласен занять место вице-президента”. “Мы можем создать мощнейшую империю, могучую и сильную”. 8 снежня 1999 года ў Маскве быў падпісаны Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

Па ініцыятыве грамадкасці адбыўся Усебеларускі з’езд за незалежнасць, быў прыняты Акт незалежнасці Беларусі, які абвесціў незаконнымі любыя пагадненні і рашэнні, скіраваныя на скасаванне альбо абмежаванне суверэнітэту нашай краіны.

Націск улад на ЗБС, якое падтрымлівала барацьбу за незалежнасць, не памяншаўся, і ў 1999 г. абвесцілі, што пачала працаваць як альтэрнатыва “Бацькаўшчыне” Міжнародная асацыяцыя “Святло Радзімы”, якая па выказваннях М. Мясніковіча, С. Посахава павінна правесці Кангрэс суайчыннікаў пад патранажам дзяржавы. Управа ЗБС даслала канцэпцыю ІІІ з’езда беларусаў свету, галоўная тэма якога “Беларусь і беларусы на мяжы тысячагоддзяў”, а час правядзення 5–6 ліпеня 2001 г. (роўна праз 4 гады пасля папярэдняга з’езду, згодна статута ЗБС). Намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па справах рэлігіі і нацыянальнасцей сп. Іван Яновіч у якасці адказу надрукаваў у газеце “Голас Радзімы” артыкул, у якім абвінаваціў нас у тым, што ІІІ з’езд – гэта “палітычная акцыя”, якая спецыяльна праводзіцца перад прэзідэнцкімі выбарамі, каб “узмацніць напружанасць у грамадстве”. Абвесціў, што Дзяржкамітэт ужо рыхтуе Кангрэс суайчыннікаў у 2002 г. У артыкуле давалася рэкамендацыя ігнараваць ІІІ з’езд, да чаго пазней далучыліся беларускія пасольствы ў некаторых краінах.

І ў гэты раз “камедыя” з памяшканнем зноў паўтарылася, але нарэшце дабіліся дазволу правесці з’езд у Доме літаратара. Да ІІІ з’езда ЗБС “Бацькаўшчына” выдала спецыяльную кнігу (на беларускай і ангельскай мовах) “Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы”. На з’ездзе прысутнічалі 139 дэлегатаў і 35 гасцей з краін замежжа; 144 дэлегаты і 157 гасцей з Беларусі. Некаторыя ўдзельнікі нават ІІ з’езда беларусаў свету пасылалі толькі вітанне ІІІ з’езду, таму што вымушаны былі эмігрыраваць у іншыя краіны. Сярод іх Васіль Быкаў прыслаў вітанне з Франкфурта-на-Майне (Германія), Ганна Сурмач ад імя суполкі “Скарына” (Чэхія), стаўшы старшынёй гэтай суполкі. Таму справаздачны даклад аб дзейнасці ЗБС “Бацькаўшчына” рабіў выконваючы абавязкі старшыні Рады Валер Герасімаў.

Пазней задалося надрукаваць кнігу “Другі і Трэці з’езды беларусаў свету. Матэрыялы і дакументы”; Уклад. А. Макоўская. – Мн. Бел. кнігазбор, 2004. – 372 с. Таму я не буду нагадваць пра змест і аўтараў галоўных дакладаў, выніковых дакументах і іншых матэрыялах, а супынюся на некаторых момантах. Нармальнай працы ЗБС “Бацькаўшчына” перашкаджалі не толькі адмоўныя адносіны кіраўніка дзяржавы і ўсіх уладных структур, што ледзь не прыводзіла да ліквідацыі ЗБС, але і амаль непрымірымыя спрэчкі, амбіцыйныя паводзіны ў самім кіраўніцтве ЗБС, асабліва ў Малой радзе і Управе. З самага пачатку майго прэзідэнцтва ў ЗБС “Бацькаўшчына” такія адносіны склаліся паміж Ганнай Сурмач і Яўгенам Лецкам. На змяншэнне гэтых канфліктаў прыходзілася траціць шмат сіл. Не зусім проста прайшлі выбары кіруючых органаў ЗБС “Бацькаўшчына”. Сябры Управы прапанавалі мне заставацца прэзідэнтам, але я адмовіўся, бо то быў бы трэці тэрмін, а я не хацеў парушаць наш статут, па якім гэтую пасаду можна займаць толькі два. Параіўшыся з шэрагам сяброў Управы і Рады, я прапанаваў кандыдатуру вядомага гісторыка прафесара Анатоля Грыцкевіча, які даў згоду. На канчатковым абмеркаванні нечакана вылучыў сваю кандыдатуру сябра Управы вядомы літаратуразнавец, прафесар Іван Саверчанка. Пасля спрэчак кандыдаты атрымалі вельмі блізкія колькасці галасоў, але Саверчанка перамог толькі на 2 галасы (а ўсіх было 18 сяброў Управы). Ён настолькі быў упэўнены ў сваёй перамозе, што гэта стала прыкметна ў яго паводзінах. На жаль, тады адбыліся не зусім карэктныя выказванні агітуючых за розныя кандыдатуры. Прэзідэнтам ЗБС “Бацькаўшчына” быў абраны Анатоль Грыцкевіч, а старшынёй Рады – Алена Макоўская.

Ужо ў 2002 годзе У. Пуцін прапанаваў кіраўніку нашай дзяржавы, каб Рэспубліка Беларусь вайшла ў склад Расійскай Федэрацыі нават не ў якасці аўтаномнай рэспублікі, а абласцямі. Пасля такой прапановы Прэзідэнт РБ ператварыўся з інтэгратара ў “незалежніка” і пачаў гаварыць мовай БНФ (а за ім і дзяржаўныя СМІ), абвінавачваючы Расію ў “імперскасці”. Але адносіны да ЗБС “Бацькаўшчына” заставаліся без асаблівых змен. ЗБС, як і Скарынаўскі навукова-асветны цэнтр, было пазбаўлена памяшкання. Тым не менш ЗБС працягвала актыўную працу.

16–17 ліпеня 2005 года у Міжнародным адукацыйным цэнтры (Мінск) прайшоў IV з’езд беларусаў свету. Удзел прынялі 144 дэлегата з Беларусі і 134 – з замежжа. Прысутнічалі прадстаўнік Мінюста і Камітэта па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў, а таксама пасол ЗША Джордж Крол, першы сакратар амбасады Польшчы Марыуш Семаковіч і прадстаўнік амбасады Францыі Лауры Трэгерэ. Адкрыццё з’езда пачалося з выканання гімна ЗБС “Бацькаўшчына”, які першы раз прагучаў на ІІІ з’ездзе і які быў у апрацоўцы Вячаслава Кузняцова ўзяты са старажытнага “Полацкага сшытка”, знойдзенага Адамам Міцкевічам і распрацаваным Віктарам Скарабагатавым. З прывітальным словам на беларускай мове выступіў Джордж Крол. Асноўныя даклады зрабілі: старшыня[2] ЗБС “Бацькаўшчына” Анатоль Грыцкевіч, Янка Запруднік (ЗША), Алег Гардзіенка, Аляксей Кароль, Вітаўт Кіпель (ЗША), Леанід Злотнікаў. Справаздачны даклад зрабіла старшыня Рады ЗБС Алена Макоўская. Новым кіраўніком ЗБС “Бацькаўшчына” быў абраны вядомы беларускі мастак і грамадскі дзеяч Аляксей Марачкін, старшынёй Рады перавыбрана Алена Макоўская, а яе намеснікамі Ніна Шыдлоўская, Валеры Герасімаў і Барыс Стук.

18–19 ліпеня 2009 года ў будынку Міжнароднага адукацыйнага цэнтра адбыўся V з’езд беларусаў свету. Удзел у ім узялі 252 дэлегаты з 18 краін свету. Яшчэ раней была зроблена прапанова аб заснаванні новага Міжнароднага грамадскага аб’яднання “Беларускі Дом”, якая фактычна замяняла ЗБС “Бацькаўшчына” і ў той жа час яно павінна быць унітарным прадпрыемствам “Беларускі Дом” з усімі правамі юрыдычнай асобы, якая ведае фінансавым забеспячэннем. Управа ЗБС не пагадзілася з гэтай прапановай і вырашыла захаваць самастойнасць “Бацькаўшчыны”, кіраўніком прапанаваць Алену Макоўскую, а старшынёй Рады Ніну Шыдлоўскую. Увечары 17 ліпеня адбылося пасяджэнне Вялікай Рады, на якой абмеркавалі праекты выніковых дакументаў, кандыдатуры на пасаду кіраўніка і старшыні Рады ЗБС, сяброў Вяліккай Рады і Управы. Мне, як аднаму са сустаршынь аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні з’езда, давялося весці пасяджэнне. Найбольш гарачыя спрэчкі выклікала абмеркаванне кіраўніка ЗБС і старшыні Рады, бо паступіла некалькі кандыдатур. Я агучыў прапанову Управы і гэтыя кандыдатуры былі падтрыманы, бо Алена Макоўская і Ніна Шыдлоўская ўсю працу ЗБС “Бацькаўшчына (асабліва ў сувязі з дыяспарай беларусаў) паміж IV і V з’ездамі, па падрыхтоўцы і правядзенні апошняга ўзялі на сябе. Таму іх добра ведалі ўсе сябры ЗБС, ацаніўшы іх выключныя якасці як адказных і актыўных кіраўнікоў Згуртавання. На самім з’ездзе кіраўніком МГА “ЗБС “Бацькаўшчына” амаль аднагалосна (два дэлегаты ўстрымаліся) была абраная Алена Макоўская, старшынёй Рады – Ніна Шыдлоўская, намеснікамі старшыні – Валеры Герасімаў і Барыс Стук.

З прывітальнымі словамі па-беларуску выступіў амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, Міністр культуры Павел Латушка і ўпаўнаважаны па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў Леанід Гуляка. Быў заслуханы аудыёзварот старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы. Асноўная тэма з’езду – “Нацыянальная ідэнтычнасць беларусаў у сучасным свеце: праблемы захавання і развіцця”. Даклады па гэтай тэматыцы зрабілі Аляксей Марачкін, Наталля Гардзіенка, Янка Запруднік, Алег Рудакоў. Справаздачны даклад аб дзейнасці ЗБС “Бацькаўшчына” зрабіла старшыня Рады Алена Макоўская. Працавалі тры секцыі: “Сродкі нацыянальнай ідэнтыфікацыі беларусаў у Беларусі і свеце (мова, літаратура, мастацтва, друк і г.д.), “Магчымасці ўзаемадзеяння метраполіі і дыяспары ў захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці і культурнай спадчыны беларусаў”, “Беларуская ідэнтычнасць у еўрапейскім кантэксце”. Быў прыняты шэраг выніковых дакументаў: Праграма “Беларусы ў свеце” (2009–2013), выніковая рэзалюцыя па тэме з’езда, зварот аб стварэнні дзяржаўных органаў і ўстаноў па справах беларускай дыяспары, зварот аб прыняцці закону “Аб беларусах замежжа”, зварот “Беларуская мова – аснова незалежнасці Беларусі”, зварот аб святкаванні 600-годдзя Грунвальдскай бітвы і інш.

23–24 ліпеня 2013 года ў Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Рау адбыўся VІ з’езд беларусаў свету. Прысутнічала 239 дэлегатаў і 95 гасцей з 21 краіны замежжа і самой Беларусі. Былі прадстаўнікі амбасадаў Украіны, ЗША, Польшчы і Нідэрландаў, а таксама 14 прадстаўнікоў дзяржаўных устаноў. Галоўная тэма: “Беларуская нацыя ва ўмовах глабалізацыі: выклікі і магчымасці”. З’езд віталі міністр культуры Барыс Святлоў, прадстаўнік праваслаўнай канфесіі пратаірэй Сяргей Гардун і ад каталіцкай канфесіі айцец Яўген Усошын. Шмат вітанняў прыйшло ад дзеячоў беларускага замежжа. З асноўнымі дакладамі выступілі Алена Макоўская (“Актуальныя праблемы ўзаемадачынення дыяспары і метраполіі”), Наталля Гардзіенка (“Беларускае замежжа: сучасны стан, праблемы, перспектывы”), Алеся Кіпель (“Гістарычнае параўнанне і дасведчанне змены хваляў і пакаленняў беларусаў у Амерыцы”), Алег Рудакоў (“Перспектывы развіцця беларускага патрыятызму ў адрыве ад метраполіі”). Справаздачны даклад пра дзейнасць ЗБС “Бацькаўшчына” зрабіла Ніна Шыдлоўская.

Працавалі тры секцыі: “Магчымасці ўнутраных сіл Беларусі і дыяспары па ўмацаванні нацыянальнай ідэнтычнасці”, “Новая” і “старая” эміграцыя: супраца на карысць нацыянальнага развіцця”, “Культурная спадчына беларускага замежжа”. Былі арганізаваны выставы, прысвечаныя 20-годдзю Першага з’езда беларусаў свету; выстава аб спадчыне беларускай эміграцыі на захадзе. Увечары адбыўся цудоўны канцэрт, у якім выступілі беларускія калектывы і салісты з замежжа.

Была прынятая выніковая рэзалюцыя дэлегатаў VІ з’езду беларусаў свету, у якой падкрэслівалася, што “нацыянальная ідэнтычнасць – апірышча развіцця беларускага народа”, “мова – найважнейшая аснова нацыянальнай самабытнасці, галоўны фактар захавання беларускай нацыі і дзяржавы”, “каб бела-чырвона-белы сцяг і старажытны герб “Пагоня” быў уключаны ў пералік нацыянальных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь” і інш. Прыняты выніковыя дакументы: Праграма “Беларусы замежжа” (2013–2017), заявы “Аб захаванні гістарычна-культурнай спадчыны”, “Аб транслітарацыі найменняў беларускіх геаграфічных аб’ектаў”, “Аб акце добрай волі” (вызваліць са зняволення людзей, якія пакараны за свае палітычныя перакананні) і інш.

Усе дэлегаты ўпэўніліся ў добрай працы існуючага кіраўніцтва “Бацькаўшчыны” і таму аднагалосна пераабралі кіраўніком ЗБС Алену Макоўскую, старшынёй Рады – Ніну Шыдлоўскую, намеснікамі старшыні – Валерыя Герасімава і Барыса Стука.

Нягледзячы на станоўчае і даволі спакойнае правядзенне VІ з’езда беларусаў свету, але ведаючы ўсё ж жорсткія адносіны ўлад да ўсякай беларушчыны (у тым ліку і да “Бацькаўшчыны”), Лявон Баршчэўскі у “Народнай Волі” (26 ліпеня 2013 г.) надрукаваў у рубрыцы “Незашораным вокам” артыкул “Ці дажыве Згуртаванне беларусаў свету як легальная арганізацыя да наступнага з’езда?”.

Тым не менш ЗБС “Бацькаўшчына” працягвае вельмі актыўна працаваць па самых разнастайных напрамках. Асабліва трэба адзначыць рэгулярнае выданне інфармацыйнага бюлетэня “Беларусы ў свеце”, стварэнне ў 2004 годзе серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, у якой ужо выдадзена амаль тры дзясяткі кніг, а ў 2008 годзе - падсерыі “Людзі Беларусі”; шырокую культурніцкую кампанію “Будзьма беларусамі!”; фестываль беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі “Аднак!”, розных праектаў па выданню календароў і г.д.; стварэнне “Цэнтра камплектавання і вывучэння дакументацыйнай спадчыны беларускага замежжа” (разам з Беларускім дзяржаўным архівам-музем літаратуры і мастацтва); удзел у шматгранным жыцці беларусаў свету і інш.

Уплыў дзейнасці ЗБС “Бацькаўшчына” на нацыянальнае адраджэнне Беларусі і развіццё беларушчыны ва ўсім свеце надзвычайны, і таму наша Згуртаванне будзе мацнець і пільна працаваць, пакуль на свеце жывуць беларусы, а гэта значыць - вечна!

10.11.2015 г.                                                                            Радзім Гарэцкі



[1] Выступленне “Беларусы павінны аб’ядноўвацца” надрукавана ў маёй кнізе “Жыццёвы меланж” (Мн., “Кнігазбор”, 2003)

[2] Указам Прэзідэнта РБ назву “прэзідэнт” павінен мець толькі адзін чалавек, а ўсе іншыя – “кіраўнік ці старшыня”.


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение