Рыгор Барадулін — дзённікі і запісы, падарожжы і ўспаміны

Другі выпуск «Дзённікаў і запісаў (1970—1978)» народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна пабачыў свет у выдавецтве «Кнігазбор» дзякуючы супольным намаганням МГА «ЗБС “Бацькаўшчына”» і ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў». Нагадаем, выхад першага выпуску быў прымеркаваны да 80-годдзя з дня нараджэння Рыгора Іванавіча.

У новай кнізе сабраныя рабочыя штодзённікі, запісы шматлікіх паездак па беларускіх гарадах і вёсках, нататкі ў часе вандровак па рэспубліках былога Савецкага Саюза, а таксама зацемкі пра ўбачанае ў Даніі, Фінляндыі і Швецыі.

У другі выпуск увайшлі раней не друкаваныя ў зборніках вершы, сяброўскія эпіграмы, дарчыя рыфмаваныя надпісы на кнігах, а таксама асобныя вершы, прысвечаныя самому дзядзьку Рыгору, у тым ліку фотаздымкі, малюнкі сяброў і новых знаёмцаў.

1970-я гады для Рыгора Барадуліна, як адзначае ўкладальніца кнігі і аўтарка прадмовы да яе Наталля Давыдзенка, “гады неўпрыкмет пасталелай маладосці з яе гарачымі жаданнямі, прагай новых уражанняў і сустрэч, душэўных зрываў і напружанай творчай працы”. У 1971 годзе не стала самага роднага і блізкага чалавека для Рыгора Іванавіча — яго маці. У гэты час паэт піша паэму ў памяць пра яе “Бяроза з лістам гаварыла…”

Выйшлі ў азначаны перыяд паэтычныя кнігі, зборнікі гумару, перакладаў паэзіі Лоркі і Ясеніна, тры кніжкі вершаў для дзяцей.

«Нешта трэба, проста неабходна напісаць пра Ушаччыну, пра тое, што ў мяне асталося ад мамы ў памяці і ў такіх-сякіх запісах. Тут павінны будуць быць і вершы, і проза, і прыбабунькі, і матэрыялы ўшацкага слоўніка. І ўсё гэта павінна чытацца, каб не наганяла сон салодкі…» (3 лістапада 1974)

«Родная мова мая, апошнім мамантам быць не хачу! Гучы не толькі па радыё. Я ніколі не здраджваў табе, не здраджу, ты вечная, ты чыстая, як мая родная Віцебшчына. Цяжка быць нацрэліквіяй на ўсялякіх урачыстасцях, толькі са сцэн гаварыць на мове сваёй. Народ не вінаваты. Зямля не вінавата <…>» (17 сакавіка 1973)

***

Звонкія крыгі і аблачыны,

Разлінееныя ліўнем лагчыны,

Роўнядзь змоўклая, снегавая,

Што ўсе сакрэты вясне хавае,

Былі старонкамі,

Іх запаўняў я

            радкамі таропкімі.

1974

Шукайце другі выпуск “Дзённікаў і запісаў” Рыгора Барадуліна ў мінскіх крамах: “Акадэмкніга” (пр-т Незалежнасці, 72); “Кнігарня логвінаЎ” (пр-т Незалежнасці, 37А); “Кніжны салон” (вул. Калініна, 5); “Кнігарня пісьменніка” (вул. Казлова, 2); “Веды” (вул. К. Маркса, 36); “Светач” (пр-т Пераможцаў, 11); “Цэнтральны кніжны” (пр-т Незалежнасці, 19); Кніжная выстава-кірмаш “Мир книг” (вул. Янкі Купалы, 27).

 І ў інтэрнэт-крамах knihi.by і prastora.by.     

 Прэс-служба ГА "Саюз беларускіх пісьменнікаў"


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение