Іна Снарская: “Якімі маладымі мы былі...”

Да свайго 25-гадовага юбілею Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” звярнулася да некаторых сябраў Рады з бліц-апытаннем. Вашай увазе - адказы Іны Снарскай, беларускай паэткі, што жыве ва Украіне, старшыні Культурна-асветнага аб’яднання беларусаў Палтавы “Агніца”.

Які найбольш уражвальны момант вы можаце згадаць з тых часоў, калі паўставала “Бацькаўшчына”?

Найбольш яскравай падзеяй для мяне быў Першы з'езд беларусаў свету. Уся атмасфера таго з'езду была прасякнута адчуваннем сапраўднага свята, надзеяй на адраджэнне Беларусі. На вуліцах Мінска, у транспарце мы, удзельнікі з'езду, размаўлялі па-беларуску, нам прыязна пасміхаліся людзі. Мы расказвалі адкуль мы, з якіх краінаў прыехалі, жыхары Мінска распытвалі пра наш з'езд. Я добра памятаю выступ Васіля Быкава. Адчуваючы веліч гэтага чалавека і пісьменніка, мне цяжка было стрымаць слёзы... Не магу не ўспомніць той момант, як на прыступках Опернага тэатру са свечкамі ў руках мы спявалі "Магутны Божа". Ах, Божа ж мой, якімі маладымі мы былі...

Знаёмства з якімі людзьмі ў кантэксце тых падзеяў стала для вас знакавым і чаму?

Шмат было цікавых сустрэчаў, знаёмстваў... На кожным з'ездзе "Бацькаўшчыны" адбывалася нешта асаблівае, што пакідала след у душы. Але хочацца падзяліцца менавіта гэтакім эпізодам... Падчас аднаго са з'ездаў я асабіста пазнаёмілася са Станіславам Шушкевічам. Так трапілася, што мы сядзелі поруч у зале. Я падпісала яму сваю кнігу паэзіі. Сказала, што прыехала з Палтавы разам з беларусам, які ўжо 40 гадоў не быў на Радзіме. І раптам спадар Шушкевіч прапанаваў: "А давайце я Вас з Вашым сябрам на сваёй машыне па Мінску пакатаю. Падчас перапынку зраблю вам невялічкую экскурсію". Як я магла адмовіцца ад такога падарунка? Ды найбольш зрадзеў 80-гадовы Алег Плюшч. Ён пасля і ў Палтаве гэты выпадак успамінаў, усім сваім знаёмым разказваваў, як сам Станіслаў Шушкевіч, першы Прэзідэнт Беларусі, яго па Мінску на ўласным аўто катаў. На жаль, Алег Барысавіч на наступны год памёр. Ужо падчас з'езду ён ведаў, што цяжка хворы. Уяўляеце, чым была для яго гэта экскурсія Станіслава Шушкевіча?

Пералічыце тры найбольш важныя, на ваш погляд, дасягненні "Бацькаўшчыны".

Найбольш знакавай справай "Бацькаўшчыны" лічу праект "Будзьма беларусамі!", а таксама выпуск кніг пра выдатных дзеячаў беларускага замежжа, навогул кнігадрук "Бацькаўшчыны" ад беларускіх паштовак і абетак да выпуску твораў знакамітых пісьменнікаў. (Дарэчы, мая трэцяя кніга паэзіі "Лясная панна", яка выйшла ў "Беларускім кнігазборы" у 2001-м годзе, адбылася дзякуючы падтрымцы пробашча Чырвонага Касцёла кс. Уладзіслава Завальнюка і ЗБС "Бацькаўшчына". Прынагодна хачу падзякаваць яшчэ раз). Усе музычныя і мастацкія праекты "Бацькаўшчыны" - бясспрэчны ўклад у розвітак беларускай культуры.

Якія тры рэчы, на вашую думку, варта зрабіць “Бацькаўшчыне” ў сучаных умовах для ўмацавання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў?

Як бы я ведала...

Запрашаем сябраў Згуртавання далучацца да бліц-апытання! Свае адказы вы можаце дасылаць на адрас zbsb.minsk@gmail.com.