“Гісторыя паваеннай Рады БНР цяпер напісаная”: выйшаў трэці том дакументаў беларускага ўраду ў выгнанні

У заснаванай Згуртаваннем беларусаў свету “Бацькаўшчына” кніжнай серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” выйшла 28-я кніга - “Рада БНР 1982-1997. Падзеі, дакументы, асобы”. Яна стала працягам супольнай працы архівістаў Лявона Юрэвіча і Наталлі Гардзіенка, якія два гады таму сабралі пад адной вокладкай дакументы, датычныя дзейнасці Рады БНР часоў Міколы Абрамчыка, а летась выдалі аналагічны збор дакументаў, звязаных з беларускім дзяржаўным прадстаўніцтвам у выгнанні часоў кіравання Вінцэнта Жук-Грышкевіча.

Новае выданне ахоплівае перыяд, калі Радай БНР кіраваў Язэп Сажыч. Гэта быў цяжкі перыяд неадназначнасцяў, калі ўрады суседніх народаў на эміграцыі перасталі існаваць. Гістарычны нарыс, якім адкрываецца кніга, уводзіць чытача ў гэтыя абставіны і абмалёўвае варункі, у якіх працаваў беларускі ўрад у выгнанні, паказваючы як міжнародную сітуацыю ды знешнепалітычную дзейнасць Рады, так і яе ўнутраныя справы ды праблемы.

Збор дакументаў склалі пратаколы, ліставанне, бібліяграфія, біяграфічныя нарысы, хроніка дзейнасці, іншыя дакументы Рады БНР. Выданне аздобленае архіўнымі здымкамі.

Наталля Гадзіенка тлумачыць, што гэты том не быў запланаваны ад пачатку, але ён мусіў з’явіцца, каб стаць лагічным завяршэннем папярэдніх выданняў: “Спачатку мы не думалі рабіць трэцюю кнігу, бо перыяд прэзідэнцтва Язэпа Сажыча самы невыразны ў гісторыі Рады БНР. За выняткам аднаго-двух радных у гэты час, большасць была бяздзейная. Такая бяздзейнасць адбілася і ў дакументах, у адсутнасці публікацый пра Раду ў перыёдыках, у тым ліку ў газеце "Беларус". Аднак пасля заканчэння другой кнігі мы вырашылі, што гісторыя патрабуе завяршэння, і будзе лагічна напісаць яго сыходзячы з тых дакументаў, якія мы здолелі сабраць. Так ці інакш, гісторыя паваеннай Рады БНР цяпер напісаная. А наступны том, прысвечаны старшынёўству Івонкі Сурвіллы, - справа ўжо не гісторыкаў, а палітолагаў”.

Кніга “Рада БНР 1982-1997. Падзеі, дакументы, асобы” выдадзеная сумесна з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва і выйшла ў выдавецтве “Кнігазбор”.

Кнігу можна набыць у крамах Мінска: “Акадэмкніга” (пр-т Незалежнасці, 72), кнігарня “логвінаЎ” (пр-т Незалежнасці, 37А),  “Кнігарня пісьменніка” (вул. Казлова, 2), “Веды” (вул. К.Маркса, 36), “Светач” (пр-т Пераможцаў, 11), “Цэнтральны кніжны” (пр-т Незалежнасці, 19), “Кнігі & кніжачкі” (пр-т Незалежнасці, 14), Кніжная выстава-кірмаш “Мир книг” (вул. Янкі Купалы, 27), “Эўрыка” (вул. Куйбышава, 75), “Кніжная Шафа” (пр-т Дзяржынскага, 9). Таксама кніга ёсць у гарадзенскай краме “Праметэй” (вул. Савецкая, 10), а неўзабаве з’явіцца і ў іншых рэгіёнах.

Шукайце таксама ў інтэрнэт-крамах knihi.by і imbryk.by!

Інфармацыйны цэнтр МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”