Да свайго 25-гадовага юбілею Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” ладзіць невялікае апытанне сябраў. Прапануем вам адказы Волі Галанавай, старшыні Маладзёвага клуба “Крывічы”, што ў Іркуцку.
1) Які найбольш уражвальны момант вы можаце згадаць з тых часоў, калі паўставала “Бацькаўшчына”?
На той момант мне было 5 год. Мы з бацькамі жылі ў сібірскай вёсцы і аб гэтай цудоўнай падзеі не чулі…
2) Пералічыце тры найбольш важныя, на ваш погляд, дасягненні "Бацькаўшчыны".
- Прыняцце “Закона аб суайчынніках”.
- Выданне энцыклапедыі “Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржавы”.
- Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”
3) Якія тры рэчы, на вашую думку, варта зрабіць “Бацькаўшчыне” ў сучаных умовах для ўмацавання нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў?
- Стварыць “Старажытны хутар” у Беларусі. Каб там стаяла хата ды іншыя забудовы. “Гаспадары” (працаўнікі) насілі традыцыйныя строі, размаўлялі па-беларуску, вялі гаспадарку (агарод, поля там якоя, можа коні, курачкі, качачкі). Каб гатавалі толькі беларускія стравы у печы. Каб не палілі святла, не трымалі тэлефонаў, тэлевізараў ды іншае “трасцы”. Госці, якія наведваюць хутар, маглі б на некаторы тэрмін пераўтварыцца ў беларусаў ну можа другой паловы XIX стагоддзя. Ніякіх гаджэтаў!!! І яшчэ, хай наведвальнікі маюць магчымасць пераапрануцца ў простую сялянскую вопратку, папрацаваці ці навучыцца штосьці рабіць рукамі…
- Стварыць курсы дзеля моладзі: мова, рамёствы, мастацтва, беларуская традыцыя выхоўваць дзетак, можа што яшчэ…
- Стварыць у нейкім парку у Мінску “Казачную хату” дзеля дзетак ды іхніх бацькоў. Каб там чыталі ды паказвалі беларускія казкі.
Фота: "Гомельская праўда"