Газеце беларусаў Амерыкі "Беларус" – 65 год

65 год таму, 20 верасня 1950 г., выйшаў першы друкаваны нумар газеты Беларуска-Амерыканскага Задзіночання "Беларус”. Гэты знакавы юбілей рэдакцыя газэты "Беларус" сумесна з Бруклінскім аддзелам БАЗА адзначыць у нядзелю, 25 кастрычніка 2015г.,  урачыстай імпрэзай, якая пройдзе ў грамадскай зале сабора Святога Кірылы Тураўскага. Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” перадае свае віншаванні з нагоды юбілею ўдзельнікам святочнага мерапрыемства і ўсім чытачам газеты. Змяшчаем гэтае віншаванне ніжэй на нашым сайце.

Шаноўныя сябры!

Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына” сардэчна віншуе рэдакцыю і ўсіх чытачоў газеты “Беларус” з 65-гадовым юбілеем.

Мала якія выданні могуць ганарыцца такім доўгім перыядам паслядоўнай, грунтоўнай працы. На працягу ўсіх гэтых гадоў газета “Беларус” асвятляе на сваіх старонках навіны з жыцця беларускіх арганізацый у Амерыцы, а таксама інфармуе чытачоў пра галоўныя падеі ў Беларусі. Такім чынам, газета -- не толькі выдатны сродак камунікацыі, які лучыць у адну супольнасць беларусаў Амерыкі, гэта і голас самой Беларусі ў Амерыцы!

Ведаем, што газета “Беларус”, як і многія іншыя беларускія выданні за мяжой, існуе галоўным чынам дзякуючы нястомнай працы яе заснавальнікаў і рэдактараў, нязгаснай энергіі невялікага кола беларусаў – энтузіястаў сваёй справы. Шчыра дзякуем вам за вашую працу!

Газета “Беларус” мае вялікае значэнне не толькі для беларускай супольнасці Амерыкі. Яна значная, аўтарытэтная, унікальная крыніца інфармацыі  і для беларусаў метраполіі пра беларускае жыццё ў Амерыцы. Выданне – яшчэ і невычэрпная скарбніца інфармацыі для даселадчыкаў і навукоўцаў, усіх тых, хто цікавіцца беларускай прысутнасцю ў свеце.

Яшчэ раз віншуем з юбілеем і жадаем усім супрацоўнікам рэдакцыі добрага здароўя, пазітыўных беларускіх навінаў, творчага натхнення, пашырэння кола чытачоў і прыхільнікаў і далейшых  поспехаў у справе папулярызацыі беларускай культуры ў Амерыцы.

Спадзяемся, што святочная імпрэза з нагоды юбілею падорыць вам шмат радасных, прыемных уражанняў і натхнення!

Будзьма разам!

Жыве Беларусь!