Валер Герасімаў — намеснік старшыні Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” і адзін з пачынальнікаў гэтай арганізацыі — святкуе 60-гадовы юбілей. Амаль 40 гадоў ён працуе з рэдкай кнігай і старадрукамі ў Прэзідэнцкай (раней — Урадавай) бібліятэцы. За гэты час Валер Герасімаў напісаў каля дзвюх сотняў артыкулаў, як навуковых, так і публіцыстычных, стаў аўтарам шэрагу дапаможнікаў і мастацкіх твораў. Багатую працу ён зрабіў на ніве нацыянальнага адраджэння, і асабліва варта адзначыць даследаванні лёсу старых і слаўных беларускіх кнігазбораў, што належалі вялікім князям літоўскім і польскім каралям, Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў, К. Езавітаву, М. Доўнар-Запольскаму і інш. Пісаў дзеяч і пра беларускую ваенную гісторыю, браў удзел у даследаванні і вяртанні ў Беларусь кніжнай спадчыны беларускага замежжа, а таксама ў складзе навукова-грамадскай рады Згуртавання “Бацькаўшчына” актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі аднаўлення вобразу крыжа Еўфрасінні Полацкай. Летась Валер Герасімаў выступіў сябрам журы прэміі імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў за кнігу ў галіне непрыдуманай літаратуры.
Спадар Валер кіраваў Аргкамітэтам па падрыхтоўцы і правядзенні Першага сходу беларусаў блізкага замежжа ў 1992 годзе і актыўна ўдзельнічаў у арганізацыі ўсіх шасці з’ездаў беларусаў свету. Два юбілеі (а ў гэтым годзе 25 гадоў ад заснавання ЗБС “Бацькаўшчына”) сталі добрай нагодай для грунтоўнай гутаркі з Валерам Герасімавым пра той час, калі паўставала Згуртаванне, і якое месца гэтая арганізацыя і агулам грамадская дзейнасць занялі ў яго жыцці.
Ніна Шыдлоўская, старшыня Рады і Управы МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"
Канец 1980-х, перабудова, Гарбачоў… Беларусь абуджаецца, Курапаты, Пазняк… Я працую ў той жа бібліятэцы, дзе і цяпер, — тады яна называлася Урадавай бібліятэкай БССР імя А.М. Горкага. Ствараю тут суполку Таварыства беларускай мовы, а чыноўнікам Дома Ураду прадаю кніжкі Міколы Ермаловіча, Уладзіміра Арлова, Андрэя Федарэнкі, Алеся Наварыча, рэпрынтныя копіі твораў Ластоўскага і Доўнар-Запольскага… Тады быў пад’ём, рамантыка, нацыянальнае адраджэнне, і самі чыноўнікі натхняліся на гэтыя справы. Але ўсё гэта было не вельмі проста, даводзілася недзе і, так бы мовіць, крыху абдурваць адміністрацыю. Напрыклад, правялі мы анкетаванне сваіх супрацоўнікаў: што яны чытаюць з беларускай літаратуры. Тагачасны дырэктар дазволіў гэтае апытанне, але з умовай не публікаваць матэрыялы. Але я ўсё роўна іх апрацаваў і даў у “Наша слова” — быў у нас невялічкі скандальчык, але ўсё скончылася нармалёва.
Абыходзячы складанасці, ладзілі ў бібліятэцы сустрэчы з незалежным гісторыкам Міколам Ермаловічам, паэтам-геніем Анатолем Сысам, бардам Алесем Камоцкім, мастаком-імпрэсіяністам Уладзімірам Акулавым, прадстаўнікамі маладой нацыянальна арыентаванай інтэлігенцыі з кола грамадска-культурніцкіх аб'яднанняў “Тутэйшыя” і “Талака”. Праўда, калі збіраліся рабіць сустрэчу з “Тутэйшымі”, у апошнюю хвіліну нам забаранілі, хоць мы ўжо аб’явы надрукавалі. Чыноўнікі даведаліся, што гэта “не тыя людзі”, “не тыя літаратары”. Ішло такое змаганне камуністычнага духу з нацыянальным у пачатку 1990-х…
Паседжанні “Талакі” праходзілі там, дзе цяпер Тэатр музычнай эстрады, па вуліцы Маскоўскай, “Тутэйшых” — у Доме літаратара на Фрунзе, 5. На некаторыя з іх я хадзіў, мне падабалася адчуваць гэткую атмасферу ўсеагульнага нацыянальнага ўзрушання. Як і многія іншыя рабілі (прыкладам, Алесь Бяляцкі ці Вінцук Вячорка), я ахвяраваў асабістым дзеля грамадскай справы і кінуў аспірантуру ў Ленінградскім універсітэце культуры. Між іншым, асабліва не шкадую, бо шчыльна заняўся напісаннем артыкулаў на раней забароненыя тэмы нацыянальнай тэматыкі, якія Анатоль Вярцінскі друкаваў у "ЛіМе", — ганаруся тым, што яны былі аднымі з першых. Быў, прыкладам, такі матэрыял “Беларускае войска — за і супраць” — першы ў пасляваенныя гады па гэтай праблематыцы артыкул у легальнай тутэйшай прэсе, не ў замежнай. Гэта быў аналіз беларусізацыі 1920—1930-х гадоў, аналіз усіх перыядаў беларускага войска. Дарэчы, у маім, аўтарскім, варыянце было – "за ці супраць?", я ж, вядома, адстойваў і аргументаваў толькі "за", але нават для "рэвалюцыйнага" тады "ЛіМа" з такім падыходам нельга было абысці цэнзурныя рагаткі. Беларуская вайсковая тэма ў мяне потым скразной сталася. Мне было лягчэй палемізаваць з гісторыкамі камуністычнай арыентацыі, бо я не быў абмежаваны вузкапрафесійнай этыкай, ды і працаваў у бібліятэчнай, а не ва ўстанове гістарычнага профілю. Крыніцамі былі, найперш, выданні тагачаснага беларускага замежжа.
Гэта быў час, калі мы ўсе пайшлі ў палітыку, мы ўсе — навукоўцы, творчая інтэлігенцыя, простыя служачыя — аддаваліся гэтай справе шчыра і з грамадскай ініцыятывы пісалі пра мову, пра дзеячаў адраджэння, удзельнічалі ў першых вольных мітынгах па адзначэнні Дзядоў, супраць будаўніцтва лініі метро пад Верхнім горадам Мінска, зносу старажытных мінскіх будынкаў, спявалі разам народныя беларускія песні ("спеўкі" былі так званыя). Памятаю, Зянон Пазняк, з якім я тады пазнаёміўся, сказаў так сабе разважліва, зважаючы на грунтоўнасць маіх публікацый (адна з іх, дарэчы, была скіравана супраць ганьбавальнікаў нацыянальнай нівы ў абарону памяці дзеячаў беларускай хрысціянскай дэмакратыі Адама Станкевіча, Янкі Пазняка і іншых), што думаў недзе пра мае гадоў шэсцьдзесят (на самой справе было крыху больш за трыццаць).
Заўважыў мяне і пісьменнік Яўген Лецка, які тады заняўся беларускай дыяспарай і якому было наканавана распачаць справу стварэння Згуртавання беларусаў свету. Разам з Васілём Быкавым яны былі ініцыятарамі. Яўген Лецка быў актыўным чытачом нашай бібліятэкі. Ён да мяне прыгледзеўся і, убачыўшы, што хлопец, здаецца, нядрэнны, нацыянальна арыентаваны, вырашыў заангажаваць мяне займацца беларускай дыяспарай. Я пагадзіўся, і мы правялі арганізацыйнае пасяджэнне. Згадаю толькі некалькі імёнаў: Яўген Лецка, Арсень Ліс, Вячаслаў Рагойша, Яўген Адамовіч, Алег Бембель (Зніч), Барыс Стук, Мікола Люцко… Алена Макоўская ўжо недзе была каля нас, хоць яна была такая маладая дзяўчына, але вельмі таленавітая, пасля Інстытута замежных моваў… Крышачку пазней прыйшла Ніна Шыдлоўская. Гэта было спалучэнне мудрасці нашых апосталаў, творчай інтэлігенцыі і адначасова смелай моладзі, якая акунулася ў гэтую палітыку! Бо, забягаючы наперад, хачу сказаць, што і Алена Макоўская, і Ніна Шыдлоўская, якія цяпер узначальваюць “Бацькаўшчыну”, — гэта, як на мяне, проста гераічныя жанчыны. Яны вельмі шмат зрабілі, каб “Бацькаўшчына” развівалася, яны перанялі эстафету ад Яўгена Лецкі і Ганны Сурмач, ад старэйшых пакаленняў, ад таго ж Васіля Быкава і Радзіма Гарэцкага, і годна робяць гэтую справу сёння.
“Бацькаўшчына” — арганізацыя, якая яднае беларусаў з усяго свету, усіх веравызнанняў, незалежна нават ад крыві — галоўнае палітычнае грамадзянства і ўсведамленне сябе беларусам. Але ніколі “Бацькаўшчына” не ахвяравала прынцыпамі: нацыянальная культура, нацыянальная мова, нацыянальная сімволіка, бел-чырвона-белы сцяг і “Пагоня” — гэта тыя “слупы” нацыянальнай свядомасці, на якіх “Бацькаўшчына” трымалася заўсёды. Лічу, што і цяпер кіраўніцтва “Бацькаўшчыны” ідзе правільным шляхам.
Вяртаючыся ў 1990-я гады, згадаю, што мы правялі некалькі пасяджэнняў, і асаблівага супрацьдзеяння з боку ўладаў тады не было, таму што ішла актыўная беларусізацыя, актыўнае нацыянальнае адраджэнне, шмат хто з чыноўнікаў нас падтрымліваў. Але даводзілася бегаць, таму што ніколі не было для “Бацькаўшчыны” спрыяльных абставін. Шукалі офіс — я помню, як Яўген Лецка палову Мінска аббегаў, усе выканаўчыя структуры… Памяшканняў не давалі так лёгка. Мы дамаўляліся з нейкімі прадпрымальнікамі, былі то ў адным канцы горада, то ў іншым і, нарэшце, "выбілі" на Рэвалюцыйнай, 15, будынак — і вось тут ужо падключыўся Савет Міністраў. Адраджэнне набрала такую вагу, што з намі ўжо лічыліся. Савет Міністраў прыняў спецыяльную пастанову аб спрыянні дзейнасці Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, у якой гаварылася пра ладжанне Беларускага дому, Беларускай сядзібы. На Рэвалюцыйнай, 15 разам з Адамам Мальдзісам, які ўзначальваў Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Францыска Скарыны, мы нешта такое і зрабілі. Разам з Цэнтрам, у якім была найбагатая бібліятэка беларускай дыяспары, мы ладзілі Беларускі дом, але, на жаль, пазней улады выціснулі нас, фактычна забралі памяшканне, як і Дом літаратара ў пісьменнікаў.
“Бацькаўшчына” згуртавала ўжо ў новым часе беларусаў усяго свету. Таму што пасляваенная дыяспара — гэта таксама, безумоўна, неардынарныя людзі. І Янка Запруднік, і Вітаўт Кіпель, і шмат-шмат хто іншы, Чэслаў Сіповіч са старэйшага пакалення, айцец Аляксандр Надсан… Толькі цяпер, калі Беларусь жыве ў такім складаным свеце, і геапалітычным, і ўнутраным, калі нацыянальнае адраджэнне то прытухае, то разгараецца, калі нашыя дзеячы часта вымушаныя іміграваць, шукаць палітычнага прытулку — толькі цяпер, можа, калі праз нашае пакаленне гэта праходзіць, мы разумеем тыя абставіны, пачуцці людзей, якія з’ехалі ад сталінскіх рэпрэсій, як ім было горка, як ім было адзінока, як ім было цяжка прыстасоўвацца ў заходнім свеце. Гэта няпраўда, што іх там фінансавалі ўсякія замежныя разведкі. За мяжу сотні тысяч беларусаў выехалі — яны мучыліся, канечне, па першым часе, прыстасоўваліся. І тыя з іх, што не забылі пра Беларусь так далёка ад Радзімы, захавалі мову, культуру… Тут мы ўжо ў Беларусі не размаўляем па-беларуску на вуліцах, у побыце, з чыноўнікамі — а яны змаглі гэта там захаваць!
Калі мы пачалі рыхтаваць Першы сход беларусаў блізкага замежжа, Яўген Лецка прапанаваў старшынёй аргкамітэта зрабіць мяне. Праз газету “ЛіМ” далі абвесткі са сваімі хатнімі тэлефонамі (мабільнікаў тады не было), і людзі адгукнуліся — вось адтуль ужо і пачалося такое актыўнае жыццё. Лецка з’ездзіў у Амерыку, у Аўстралію, завязаў сувязі з беларусамі далёкага замежжа. А першы сход прайшоў вельмі ўдала, ён быў “генеральнай рэпетыцыяй” Першага з’езду беларусаў свету. Мы адпрацавалі, наладзілі кантакты, узялі адрасы беларусаў замежжа, створаных імі культурніцкіх суполак. Гэта ж каштавала і нейкіх грошай — па тэлефоне пазваніць за мяжу, квіткі аплаціць, але мы рабілі ўсё на свае сродкі, на свае складкі, ніхто нас не фінансаваў. Дзяржава ніколі нам капейкі не дала, акрамя таго, дзе яна парытэтна выступала.
Першы з’езд беларусаў свету, які прайшоў крыху пазней, адбыўся на самым высокім узроўні, на парытэтных пачатках, таму што, безумоўна, мы баяліся ўплыву дзяржавы, яшчэ тагачаснай, наскрозь пранізанай каенсерватыўным камуністычным духам, хоць яна з кожным днём станавілася ўсё больш нацыянальна арыентаванай. Дзяржава ўзяла на сябе функцыю візавага забеспячэння, спрыянне з гатэлямі, частку культурнай праграмы, а ўсю арганізацыйную працу выконвала “Бацькаўшчына”.
Калі казаць пра дзяржаўную ролю, то Пётр Краўчанка тады быў міністрам замежных справаў, ён і ўзначальваў ад дзяржавы аргкамітэт па падрыхтоўцы з'езда. Яўген Лецка і Ганна Сурмач узначальвалі аргкамітэт ад грамадскасці, ад “Бацькаўшчыны”. У нас праходзілі сумесныя пасяджэнні. Хачу падкрэсліць, з Пятром Краўчанкам я і цяпер супрацоўнічаю: ён бібліяфіл, я бібліятэкар — дык вось, ён шмат зрабіў тады для адкрыцця памятных дошак выбітных беларусаў за мяжой (Скарыны, найперш), спрычыніўся да пошуку крыжа Еўфрасінні Полацкай. І тут я станоўча ацэньваю чыноўнікаў, якія свядома пачалі працаваць на нацыянальнае адраджэнне. Шкада толькі, што ў іх міжсобку часта не хапае ўзаемаразумення.
А “Бацькаўшчына” — якраз тая арганізацыя, якая можа быць платформай і для палітычных партый, і для рэлігійных арганізацый, і для грамадскіх рухаў. Гэтая традыцыя была закладзеная яшчэ гарантам міру, лагоды на Беларусі, нашым нацыянальным апосталам Васілём Быкавым. Ён быў маўклівы, на пасяджэннях “Бацькаўшчыны” звычайна нават крышачку пахмурны такі. Але рашэнне правільнае заўсёды мог падказаць. Выдатна помню, як мы сядзелі на Першым з’ездзе беларусаў свету побач, і ў мяне быў стос газет “Рокаш”. Гэтая газета выдавалася патрыятычнымі беларускімі вайскоўцамі ў Казахстане на вайсковай апаратуры, напаўлегальна. Станіслаў Суднік і Валеры Супаненка (яны вярнуліся потым на Беларусь, але, на жаль, нядоўга пратрымаліся ў войску новаўтворанай дзяржавы) рассылалі яе па ўсім Савецкім Саюзе сваім сябрам. Памятаю, Васіль Быкаў сядзеў у прэзідыуме паблізу і так вочы скасіў: “А што гэта за газета такая?” — узяў яе і гартаў з вялікай цікаўнасцю...
Ён быў такі спакойны, мудры, разважлівы чалавек. Калі б яго слухалі ўсе, наша дзяржава была б крышачку, а можа і нашмат лепшая і далей бы ў сваім развіцці пайшла. Гэта адносіцца і да іншых нашых выбітных людзей, таму што праз “Бацькаўшчыну” я пазнаёміўся з такімі адметнымі асобамі, творцамі, як Радзім Гарэцкі, Анатоль і Валянцін Грыцкевічы, Арсень Ліс, Адам Мальдзіс, Вячаслаў Рагойша, Аляксей Марачкін і Мікола Купава, Янка Запруднік, Вітаўт Кіпель, айцец Аляксандр Надсан… Відаць, усе навуковыя беларускія творчыя сілы прайшлі праз “Бацькаўшчыну”. Таму што “Бацькаўшчына” існуе ўжо 25 гадоў, і ў нашую Раду выбіраюцца самыя выбітныя беларусы з усяго свету.
Дзякуючы “Бацькаўшчыне”, якая дала кантакты беларусаў Вялікабрытаніі, кантакты айца Аляксандра Надсана, я быў адным з арганізатараў паездкі па лініі Беларускай бібліятэчнай асацыяцыі. Акрамя ўсяго мы наведалі ў Вялікабрытаніі бібліятэку і музей імя Ф. Скарыны ў Лондане. Шмат для каго гэта быў проста шок. Бібліятэкары, адукаваныя людзі, нават не думалі, што недзе на замежжы можна сабраць гэтулькі кніжных рэдкасцяў. Мы там бегалі, вохкалі, таму што гэта і бібліятэка, і музей, і архіў, дзе сабраныя і беларуская нацыянальная сімволіка, і нацыянальныя строі ўсіх часоў, быў там Статут ВКЛ 1588 года выдання, які ў Беларусі толькі пару гадоў таму з’явіўся, кнігі Бібліі, выдадзеныя Сакрынам, — і ўсё гэта ашчадна зберагаецца дзякуючы высілкам нашай беларускай дыяспары.
“Бацькаўшчына” развівалася, прыходзілі новыя людзі, мяняліся ўмовы — на пачатку 1990-х яны былі больш спрыяльныя, чым пазней. “Бацькаўшчына” асабліва не лезла ў палітыку, бо гэта супярэчыла б яе статуту, але прынцыпамі мы не ахвяравалі.
Вялікая справа ЗБС, што яно запачаткавала кнігавыдавецкую серыю “Бібліятэка Бацькаўшчыны”, прысвечаную творчасці і дзеячам беларуская дыяспары. Ужо выйшла багата кніг. А працэс гэты няпросты — трэба і сродкі, і дамаўляцца з людзьмі, а эмігранты — народ асцярожны, яны за свой век усяго пабачылі, гора нагараваліся і не кожнаму адкрыюцца. Дзякуй новай генерацыі беларускіх даследчыкаў, такім як Алег Гардзіенка, Наталля Гардзіенка, Лявон Юрэвіч, Сяргей Шупа, якія там перарылі і выратавалі безліч архіваў, перавезлі частку сюды ў Беларусь.
Я думаю, што развіццё беларускай нацыі, беларускага народа — незваротнае, а неспрыяльныя дробязі на нашай дарозе адыдуць у былое. Я захоўваю гэты аптымізм, нейкую трываласць і веру дзякуючы “Бацькаўшчыне” і людзям, якія там працуюць і працавалі. Яны працуюць прафесійна, абганяючы ў імпэце дзяржаўныя структуры. Таму што, на жаль, сёння, як бы дзяржава ні казала, гэта больш дэкларатыўныя заявы аб падтрымцы дыяспары. Канечне, пасольствы працуюць на месцах з дыяспарай, Міністэрства культуры арганізоўвае нейкія канцэрты, нейкія касцюмы закупляе, але гэта мае крышачку паказное, а часам палітызаванае, адценне.
Такія згуртаванні, як “Бацькаўшчына” існуюць ва ўсім свеце. У Францыі гэта інстытуты франкафоніі, у Германіі — інстытуты Гётэ. Яны па-рознаму называюцца, але ўсе гэтыя сацыяльныя інстытуцыі створаныя дзеля прапаганды сваёй нацыі, сваёй мовы і культуры ва ўсім свеце. “Бацькаўшчына” выконвае аналагічную ролю. Ва Украіне таксама праводзяцца з’езды ўкраінцаў свету. Я ездзіў ва Украіну, мы дзяліліся з імі вопытам. З украінскімі суполкамі беларусы за мяжой супрацоўнічаюць вельмі шчыльна. Мы хочам, каб Беларусь займала ў свеце годнае месца, але дагэтуль, на жаль, беларускія суполкі часта былі слабенькія, часта ўлучаліся ў расійскія, польскія, габрэйскія суполкі, раствараліся.
“Бацькаўшчына” вядзе шмат праектаў — і выдавецкія, і фестываль беларускамоўнай рэкламнай камунікацыі “Аднак!”, праводзіць кампанію “Будзьма беларусамі!”. Колькі гадоў таму грамадства, можа быць, і не разумела да канца значэння культурніцкіх праектаў, якія ініцыявала “Бацькаўшчына”, але час паказвае, што гэтыя пачынанні сёння робяцца стрыжнем культурнай палітыкі. Мы кажам сёння пра палітычную адлігу, пашырэнне беларускасці, бачым беларускамоўныя рэкламныя шчыты на вуліцах — а ўсё гэта пачынала “Бацькаўшчына”. Я думаю, чыноўнікі вучыліся на яе вопыце. “Бацькаўшчына” актыўна шукае новыя формы. Яна выжыла ў XX стагоддзі і выдатна пачала стагоддзе XXI.
Гутарыла Алеся Башарымава, прэс-сакратар МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”