Пратэст на забарону ўезду айца Святаслава Логіна ў Беларусь

На імя кіраўніцтва Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” 29 верасня прыйшоў ліст ад сябра Рады арганізацыі архіяпіскапа Святаслава Логіна, у якім ён віншуе кіраўніцтва і сябраў Рады Згуртавання са святам Уздзвіжання ды з 25-годдзем дзейнасці “Бацькаўшчыны”, а таксама піша пра сваю спробу наведаць Беларусь. Мы змяшчалі на нашым сайце інфармацыю пра тое, што айцу Святаславу забаранілі ўезд у краіну.

Вось што ён сам піша пра гэта.

“У канцы ліпеня - жніўні 2015 г. я хацеў наведаць Беларусь - сваякоў у вёсцы майго дзеда на Наваградчыне, вернікаў БАПЦ у Мінску, ЗБС "Бацькаўшчына" і многія іншыя месцы. Але 31 ліпеня пры ўездзе ў Беларусь з боку Украіны ў Гомельскай вобласьці (памежны пункт "Новая Гута") я быў затрыманы, дзе было аб'яўлена, што мне забаронены ўезд у Рэспубліку Беларусь і пастаўлена ў пашпарт пячатка "УЕЗД ЗАБАРОНЕНЫ". Прычыны Беларуская памежнае служба не ведае (гэта рашэнне прыняў КДБ РБ і паставіў у камп'ютар).

Таму са святарамі БАПЦ і нашымі вернікамі ў Беларусі мы спаткаліся ва Украіне, дзе праводзілі Набажэнствы. Тамака сустракаліся з беларусамі новае хвалі эміграцыі, якіх цяпер шмат прыехала ва Украіну.

Амаль месяц, як я павярнуўся на Амерыканскі кантынент, дзе праваджу Набажэнствы (Нью-Ёрк, Таронта...)”.

У Нью-Ёрку айцец Святаслаў мае намер звярнуцца ў беларускае консульства, каб высветліць прычыны забароны ўезду і зняць гэтую забарону. На яго думку, яна можа быць звязаная “з расійска-украінскай вайной, бо вернікі Парафіяў БАПЦ збіраюць дапамогу Украінскай Арміі; з палітыкай Беларускага Экзархата РПЦ, які цяпер ачольвае яры расійскі шавініст; з уплывам Расіі на тое, каго не ўпускаць у Беларусь паводле папярэдніх двух пунктаў”.

Мы публікуем тэкст пратэсту ў сувязі з забаронай уезду ў Беларусь айца Святаслава.

ПРАТЭСТ

супраць забароны ўезду на Беларусь

кіраўніку Беларускае Аўтакефальнае Правслаўнае Царквы 31 ліпеня 2015 года

Парафіяльная Рада Кафедральнага Сабору Св. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы (БАПЦ) выказвае пратэст супроць дзеянняў беларускіх уладаў, па волі якіх не быў дапушчаны наведаць Беларусь па духоўных справах Яго Міласць Найпачаснейшы Святаслаў Архіяпіскап Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы (Вячаслаў Логін).

Архіяпіскап Святаслаў, як Першы Ярарх, кіруе Беларускаю Аўтакефальнаю Праваслаўнаю Царквою і апякуецца беларускімі праваслаўнымі вернікамі ва ўсім беларускім замежжы і таксама прыходамі БАПЦ у Беларусі. Ягоныя візіты на Бацькаўшчыну заўсёды чакаюцца вернікамі і даюць неабходную ў наш цяжкі час духоўную падтрымку тым, хто хоча быць пад апекаю менавіта беларускай царквы, а не царкоўных структураў, падпарадкаваных Маскоўскаму патрыярхату. І гэта ёсць законнае права кожнага грамадзяніна Беларусі - належаць да той царквы, да якой хоча і дзе адчувае сябе больш свабодна.

У Беларусі царква аддзелена ад дзяржавы - на якой падставе тады чыняцца перашкоды з боку дзяржавы, каб вернікі БАПЦ не мелі магчымасці сустракацца са сваім Ярархам?

Расціслаў Гарошка

Старшыня Парафіяльнае Рады Сабору Св. Кірылы Тураўскага БАПЦ ў Нью-Ёрку


Текст сообщения*
Загрузить файл или картинкуПеретащить с помощью Drag'n'drop
Перетащите файлы
Ничего не найдено
Отправить Отменить
Защита от автоматических сообщений
Загрузить изображение