Уладзімір Макей: Кансультатыўны савет можа стаць пляцоўкай для дыскусіі па распрацоўцы стратэгіі “Беларусь-дыяспара”, аб якой ішла размова на Сёмым з'ездзе беларусаў свету

8 верасня 2017 г. пад старшынствам Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Макея адбылося трэцяе пасяджэнне Кансультатыўнага савета пры Міністэрстве замежных спраў Беларусі па справах беларусаў замежжа.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел кіраўнікі беларускіх суполак за мяжой – члены Савета з 19 краін, а таксама прадстаўнікі дзяржаўных устаноў Беларусі.

У сваім выступленні У.Макей падкрэсліў, што дзяржава імкнецца аказваць максімальную падтрымку нашым суайчыннікам, якія пражываюць за мяжой. “Нам, я лічу, няма чаго дзяліць і нам не трэба сапернічаць. Мы ўсе хочам бачыць нашу родную Беларусь незалежнай, паважанай у свеце і квітнеючай”, – адзначыў Міністр.

У.Макей таксама выказаў думку аб тым, што Савет можа выступаць у якасці важнай пляцоўкі для дыскусіі па распрацоўцы дзяржаўнай стратэгіі “Беларусь-дыяспара” на перыяд да 2025 года, аб якой ішла размова на 7-м з'ездзе беларусаў свету.

Падчас пасяджэння абмеркаваны вынікі сумеснай работы, разгледжаны планы і перспектывы на будучыню, а таксама меры далейшай падтрымкі дыяспары з боку беларускай дзяржавы.

03_diaspora_3.jpg

Напярэдадні пасяджэння Кансультатыўнага савета на Траецкай набярэжнай г.Мінска быў урачыста адкрыты памятны знак “Беларусам замежжа”.

04_diaspora_5.jpg

Мерапрыемства адбылося ў дні правядзення ў г.Мінску Трэцяга фестывалю мастацтваў беларусаў свету і святкавання 950-годдзя горада Мінска.

Да даведкі: Кансультатыўны савет быў заснаваны ў 2015 годзе ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб беларусах замежжа”. Паводле згаданага заканадаўчага акта на Міністэрства замежных спраў ускладзены функцыі каардынатара развіцця супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай.

У склад Кансультатыўнага савета ўваходзяць суайчыннікі з 19 краін свету, у тым ліку Арменіі, ЗША, Ізраіля, Іспаніі, Італіі, Казахстана, Кыргызстана, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Узбекістана, Украіны, Францыі, ФРГ, Чэхіі, Швейцарыі, Эстоніі.

Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь