Лета сканчаецца, але знаёмства з адметным і цікавым не спыняецца. "Бібліятэка Бацькаўшчыны" прапаноўвае цікаўнаму чытачу новую кнігу, якая распачынае падсерыю "Людзі эміграцыі". Такім чынам, саракавым нумарам у "Бібліятэцы" і першым у "Людзях эміграцыі" стаў том з назвай, якая гаворыць сама за сябе: "Зора Кіпель".
Гэтая кніга, укладзеная і грунтоўна пракаментаная вядомымі даследчыкамі эміграцыі, гісторыкамі Наталляй Гардзіенка (куратарам падсерыі) і Лявонам Юрэвічам, у поўнай меры выконвае задачу новага выдавецкага накірунку нашага Згуртавання – выказванне словаў падзякі і ўшанаванне суродзічаў-беларусаў, якія сваё жыццё на чужыне прысвяцілі працы дзеля пашырэння беларушчыны.
Зора Кіпель, навуковец-бібліёграф і даследчыца беларускай сярэднявечнай літаратуры, укладальніца дзясяткаў кніг, аўтарка сотняў артыкулаў і ў пэўны перыяд галоўная рэдактарка газеты "Беларус", сорак гадоў адпрацавала ў Нью-Ёркскай публічнай бібліятэцы (нават узначальвала там Славянскі аддзел), і за гэты час зладзіла безліч беларускіх навуковых семінараў, канферэнцый і выставаў, а таксама істотна пашырыла беларускі кнігазбор гэтай установы і зрабіла ангельскі пераклад "Аповесці пра Трышчана". І гэта калі не браць да ўвагі яе самы актыўны ўдзел у грамадскім жыцці Беларуска-Амерыканскага задзіночання і справах Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку, які дасёння ўзначальвае яе муж Вітаўт Кіпель.
Прапанаваны чытачам разгорнуты аповед пра жыццё і дзейнасць Зоры Кіпель заснаваны на яе ўласных тэкстах і ўспамінах, на ўспамінах яе паплечнікаў, а таксама на дакументах з Беларускага дзяржаўнага архіву-музея літаратуры і мастацтва – у кнізе змешчана каласальная колькасць архіўных фотаздымкаў. Акрамя гэтага, ладную частку выдання складаюць яе літаратуразнаўчыя, кнігазнаўчыя тэксты і падрабязная бібліяграфія.
Кніга "Зора Кіпель" – унікальная магчымасць лішні раз пераканацца, што даробак спадарыні Зоры больш чым проста варты, каб заняць свой пачэсны пасад у айчыннай інтэлектуальнай прасторы. І справа нашага чытацкага гонару – ад гэтага моманту рабіць усё, што ад нас залежыць, каб Зора Кіпель перастала быць навуковай знакамітасцю толькі ў Злучаных Штатах.
Інфармацыйны цэнтр МГА "ЗБС "Бацькаўшчына"