Трэці з'езд беларусаў свету

АГУЛЬНАНАЦЫЯНАЛЬНЫ ФОРУМ
"БЕЛАРУСЬ І БЕЛАРУСЫ НА МЯЖЫ ТЫСЯЧАГОДДЗЯЎ" 5-6 ліпеня 2001 г.
г. Мiнск
5-6 ліпеня 2001г. у Мінску адбыўся Трэці з'езд беларусаў свету. У з'ездзе бралі ўдзел:
  • 139 дэлегатаў і 35 гасцей з 18 краін свету (ЗША, Канады, Бельгіі, Аўстраліі, Англіі, Польшчы, Балтыйскіх краін, Расіі, Украіны, Казахстана, Малдовы, Узбекістана і інш.), прадстаўнікі 72 арганізацый беларускай дыяспары;
  • 144 дэлегаты і 157 гасцей з Беларусі;
  • прадстаўнікі дзяржаўных структур - Міністэрства адукацыі, Міністэрства культуры, Дзяржкамітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, Мінгарвыканкама, Міністэрства юстыцыі;
  • пасол ЗША Майкл Козак і прадстаўнікі амбасадаў Украіны і Арменіі;
  • прадстаўнікі міжнародных арганізацый - АБСЕ і ААН.
Работу З'езду асвятлялі 45 інфармацыйных агенцтваў.  Дэлегатамі і гасцямі З'езду былі людзі розных сацыяльных станаў, прафесій, канфесій, палітычных плыняў і грамадскіх арганізацый з Беларусі і замежжа.  На з'ездзе працавалі секцыі:
  • Беларуская дыяспара: праблемы і перспектывы.
  • Беларуская навука, культура, літаратура і мастацтва на Радзіме і ў замежжы.
  • Беларуская сусветная інфармацыйная прастора.
З'езд прыняў наступныя выніковыя дакументы:
  • Пастанову аб падтрымцы Акта незалежнасці, прынятага Усебеларускім з'ездам 29 ліпеня 2000 г. у г.Мінску. 
  • Праграму "Замежная беларуская супольнасць у 21 стагоддзі (асноўныя дзеянні па кансалідацыі і дапамозе беларускай дыяспары да 2005 г.)". 
  • Дэкларацыю "Наш шлях: вартасці і мэты". 
  • Дэкларацыю "Беларуская дыяспара і свет". 
  • Рэзалюцыю аб дзейнасці МГА "ЗБС "Бацькаўшчына". 
  • Заяву аб беларускай мове. 
  • Рэзалюцыю "Аб падтрымцы Міжнароднага грамадскага аб'яднання "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" і кансалідацыі беларускай дыяспары".
Нягледзячы на парады беларускіх абмасадаў у краінах былога СССР і рэкамендацыі Дзяржкамітэта па справах рэлігій і нацыянальнасцяў не ехаць на з'езд, "Бацькаўшчына" сабрала пад сваім дахам 2/3 вылучаных дэлегатаў. Дух канструктывізму, жаданне аб'яднацца дзеля вырашэння праблем нацыянальнага жыцця перамаглі.  Адны з асноўных задач, якія ставіць перад Беларускай дзяржавай яе дыяспара і якія закладзены ў прынятай на з'ездзе Праграме, - стварэнне Дзяржкамітэта па дыяспары, прыняцце закона "Аб беларускай дыяспары", абарона правоў беларускай нацыянальнай меншасці ў краінах яе пражывання праз заключэнне адпаведных міждзяржаўных пагадненняў.  На з'ездзе адбылася прэзентацыя кнігі "Гістарычны шлях беларускай нацыі і дзяржаўнасці", зробленай па заказу "Бацькаўшчыны". Матэрыялы для кнігі былі падрыхтаваныя Беларускім нацыянальным грамадскім арганізацыйным камітэтам. У кнізе падсумаваны гістарыны шлях беларускага народа, акрэслены галоўныя здабыткі беларускай нацыі.  У выніку працы з'езда быў закладзены трывалы падмурак для ўмацавання шчыльных сувязей паміж "Бацькаўшчынай" як галаўной арганізацыяй у метраполіі і беларускімі суполкамі ў замежжы, былі ўдакладнены перспектыўныя накірункі шматузроўневага ўзаемадзеяння (эканамічнага, інфармацыйнага, культурніцкага) беларусаў на Радзіме і ў замежжы дзеля супольнай карысці, прапанаваны механізмы вырашэння актуальных праблемаў нацыянальнага жыцця ў галіне навукі, эканомікі, адукацыі, культуры, падсумаваны вынікі працы за міжз'ездаўскі перыяд, перавыбраны кіруючыя органы арганізацыі.  Прэзідэнтам МГА "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" абраны прафесар Анатоль Грыцкевіч, старшынёй Рады - Алена Макоўская.