Выніковая рэзалюцыя Сёмага з’езда беларусаў свету МГА “ЗБС “Бацькаўшчына”
“Беларуская нацыя, беларуская дзяржаўнасць, беларускае замежжа – выклікі сучаснасці і стратэгія развіцця”
15–16 ліпеня 2017 г., г. Мінск
Мы, дэлегаты Сёмага з’езда беларусаў свету, незалежна ад месца пражывання, веравызнання і палітычных поглядаў, падводзячы вынікі абмеркавання новых выклікаў, якія паўсталі перад беларускай нацыяй, заяўляем:- У сучасных умовах Беларусь сутыкнулася з новымі геапалітычнымі выклікамі, супрацьстаяць якім можна толькі прызнаючы незалежнасць, нацыянальную культуру і беларускую мову асноўнымі дзяржаваўтваральнымі фактарамі.
- У эпоху імклівай глабалізацыі нацыянальныя мовы маюць патрэбу ў пастаяннай падтрымцы з боку дзяржавы і грамадства. Беларуская мова, вынесеная на ўзбочыну ў адукацыйнай, справаводчай, інфармацыйнай сферах, дагэтуль не мае паўнавартаснага дзяржаўнага статусу, што ставіць пад пагрозу існаванне ўнікальнай беларускай культуры, супрацьдзейнічае захаванню нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў замежжа. Выказваем глыбокую занепакоенасць наяўнай сітуацыяй і прапануем распрацаваць пакрокавую стратэгію падтрымкі беларускай мовы для вяртання яе ў шырокі ўжытак у сацыяльнай, адукацыйнай, эканамічнай, дыпламатычнай і іншых сферах. Звяртаем увагу на недастатковую прадстаўленасць спадчыны беларусаў замежжа ў навуковых і адукацыйных праграмах, што вельмі негатыўна адбіваецца на фармаванні цэльнасці нацыі, якасці стасункаў дзяржавы і дыяспары.
- Сталае супрацоўніцтва з дыяспарай неабходнае для культурнага, сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі. Трывалыя сувязі з беларусамі замежжа розных прафесій – прадстаўнікамі бізнесу, навукоўцамі, прафесурай, палітыкамі, грамадскімі і культурнымі дзеячамі, супрацоўнікамі недзяржаўных арганізацый – дазволяць прыцягваць замежны досвед у сацыяльную, адукацыйную і культурную сферы, павялічаць прыток замежных інвестыцый у нацыянальную эканоміку, станоўча паўплываюць на ўкараненне інавацыйных тэхналогій і павышэнне інтэлектуальнага патэнцыялу Беларусі, а таксама забяспечаць уключанасць выхадцаў з Беларусі ў агульнанацыянальную прастору.
- Пасля прыняцця заканадаўства аб беларусах замежжа стала відавочнай неабходнасць распрацоўкі канкрэтных захадаў да паляпшэння ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і дыяспарай, найперш – Канцэпцыі супрацоўніцтва дзяржавы і беларусаў замежжа, стварэння дзяржаўных інстытуцый і ведамстваў для сістэмнай працы з дыяспарай.
- Мы выступаем за дэмакратычныя свабодныя выбары і адмову ад пераследу па палітычных матывах.