Рэзалюцыя Сёмага з’езда беларусаў свету МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”
Беларуская мова — аснова беларускай нацыі і падмурак дзяржаўнасці Беларусі
15–16 ліпеня 2017 г., г. Мінск
Уважаючы беларускую мову неад’емнай часткай беларускай культуры і вызначальнай рысай нацыянальнай адметнасці беларусаў, непарушным падмуркам дзяржаўнасці і суверэннасці беларускай нацыі;
адзначаючы з’яўленне новых грамадскіх ініцыятываў па вывучэнні і пашырэнні ўжытку беларускай мовы і асобныя факты прыхільнага стаўлення органаў дзяржаўнай улады да такіх ініцыятываў;
канстатуючы стан фактычнай дыскрымінацыі беларускай мовы ў Рэспубліцы Беларусь, які не адпавядае яе канстытуцыйнаму статусу дзяржаўнай мовы;
зважаючы на важнасць будавання салідарнай супольнасці ўсіх беларусаў на глебе нацыянальных каштоўнасцяў у кантэксце выкарыстання масавай культуры і мовы як інструментаў прапаганды і экспансіі з боку імперскіх сілаў;
звяртаемся да кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь з заклікам зрабіць неадкладныя захады па выпраўленні становішча беларускай мовы ў Беларусі праз:
- прыняцце Саветам Міністраў Беларусі дзяржаўнай праграмы па развіцці і пашырэнні ўжытку беларускай мовы ва ўсіх сферах, асабліва ў сферы адукацыі, на найбліжэйшыя 4 гады;
- стварэнне дзеля гэтай мэты спецыяльнага фонду, які б адмыслова фінансаваўся з дзяржаўнага бюджэту, а таксама быў бы адкрыты для добраахвотных унёскаў грамадзянаў і юрыдычных асобаў;
- стварэнне механізму абавязковага прыняцця новых юрыдычных актаў на беларускай мове і пераклад усяго заканадаўства на дзяржаўную беларускую мову цягам 4-гадовага перыяду;
- стварэнне поўных беларускамоўных старонак інтэрнэт-сайтаў усіх дзяржаўных органаў і арганізацыяў цягам 2-гадовага перыяду;
- забеспячэнне фактычнай роўнасці выкарыстання беларускай і рускай моваў ва ўсіх дзяржаўных (альбо заснаваных з удзелам дзяржавы) сродках масавай інфармацыі. У першую чаргу перавесці на беларускую мову вяшчанне Першага нацыянальнага тэлеканала;
- замену выразу «ці» на «і» ў законе аб мовах, законе аб правах спажыўцоў і іншых юрыдычных актах, што рэгулююць выкарыстанне дзяржаўных моваў у Беларусі.
- лісты да Адміністрацыі прэзідэнта, Нацыянальнага сходу, Савета Міністраў, Міністэрства адукацыі, органаў мясцовай улады з патрабаваннем павялічыць колькасць дашкольных, сярэдніх, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў з беларускай мовай выкладання і адкрыць вышэйшыя навучальныя ўстановы з беларускай мовай выкладання;
- патрабаванне належнага ведання беларускай мовы ад чыноўнікаў дзяржаўных устаноў, супрацоўнікаў сферы абслугоўвання як у афіцыйным пісьмовым ліставанні, так і ў вуснай форме;
- матэрыяльнае заахвочванне ініцыятываў па папулярызацыі беларускай мовы і культуры праз ахвяраванні грамадскім арганізацыям, праз краўдфандынгавыя платформы і ў праектах сацыяльнага прадпрымальніцтва;
- набыццё і папулярызацыю мастацкай літаратуры на беларускай мове, дыскаў беларускай музыкі, агучаных на беларускай мове кінастужак і мультфільмаў;
- актыўнае ўжыванне беларускай мовы ў штодзённым жыцці, у стасунках з роднымі і блізкімі, у выхаванні дзяцей.