Падсумаванне секцыі “Беларуская мова і культура – аснова беларускай дзяржаўнасці”
16 ліпеня 2017
Вядучыя:
-
Алена Анісім (беларуская мовазнаўца, намесніца старшыні Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, навуковы супрацоўнік ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі», дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 6 склікання.Беларусь).
-
Лілея Плыгаўка (загадчык кафедры беларусазнаўства факультэта славістыкі ў Літоўскім педагагічным універсітэце, старшыня літоўскай арганізацыі беларусістаў, Літва).
У працы секцыі бралі ўдзел дэлегаты і госці з’езда, прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, а таксама Марыя Гуцала, першы сакратар пасольства Украіны ў Беларусі. Прагучала звыш 20 выступаў, у якіх закраналіся розныя пытанні мовы, культуры і гісторыі.
Для ўсіх удзельнікаў абмеркавання тэзіс “Беларуская мова і культура – аснова беларускай дзяржаўнасці” з’яўляецца неаспрэчным. Але на думку некаторых выступоўцаў яго варта дапоўніць і важнасцю ведання гісторыі.
На падставе ўсяго сказанага былі зроблены высновы:
-
Намі шмат што напрацавана ў розных кірунках. Мы маем багатую гісторыю, культуру, літаратуру, спрадвечную мову;
-
Мы вітаем тыя вынікі дзейнасці грамадскіх актывістаў і ініцыятыў, дзякуючы якім у актыўны ўжытак вяртаюцца музычныя творы, паўстаюць з нябыту імёны творцаў-беларусаў як замежжа, так і Бацькаўшчыны;
-
Адзначаем станоўчую дзейнасць педагагічнай і навукова-акадэмічнай супольнасцяў у галіне мовазнаўства, якая праяўляецца як у тэарэтычным плане, так і мае значнае практычнае ўвасабленне дзеля пашырэння беларускай мовы.
Разам з тым, мы мусім адзначыць небяспечныя тэндэнцыі, якія замінаюць нам рухацца наперад як незалежнай дэмакратычнай краіне. Гэта найперш – адсутнасць пераемнасці адукацыі на беларускай мове ад садка да ўніверсітэта, а таксама недастатковасць інфармацыйнай прасторы ў дзяржаўных СМІ на беларускай мове.
У сувязі з гэтым нашы прапановы наступныя:
-
Каб забяспечыць неперарыўнасць адукацыі на беларускай мове, нам неабходна скансалідаваць намаганні і стварыць Нацыянальны ўніверсітэт з беларускай мовай навучання як сучаснай установы адукацыі. Гэта агульная справа ў год 500-годдзя беларускага кнігадрукавання і напярэдадні 100-годдзя БНР можа стаць канкрэтным вынікам і пазітыўным адказам на інфармацыйныя выклікі.
-
Неабходна пашыраць беларускую мову праз сучасныя сродкі камунікацыі – найперш у інтэрнэце.
Акрамя таго, на нашай секцыі прагучалі прапановы аб правядзенні ўнутры Беларусі грамадскіх кампаній:
-
за пашырэнне беларускай мовы на этыкетках розных тавараў;
-
за выкарыстанне беларускай лацінкі ў пашпартах.
Паступіла таксама прапанова ўсталяваць помнік Янку Купалу ў Татарстане каля музея, адзінага ў РФ, які носіць яго імя.
Шаноўныя сябры! Працы шмат. І ад нас залежыць, калі Беларусь стане такой, якой мы хочам яе бачыць: беларускай па духу, дэмакратычнай па складзе, адкрытай і шчырай да ўсіх сваіх сыноў і дачок.