Падагульненне працы секцыі «Беларуская дзяржаўнасць: станаўленне, рэаліі, перспектывы»

Падагульненне працы секцыі «Беларуская дзяржаўнасць: станаўленне, рэаліі, перспектывы»

16 ліпеня 2017 года

Вядучыя:

  1. Валеры Герасімаў (намеснік старшыні Рады МГА “ЗБС “Бацькаўшына”, аўтар больш за 100 навуковых, навукова-папулярных і публіцыстычных артыкулаў, метадычных дапаможнікаў у галінах бібліятэказнаўства, кнігазнаўства, літаратуразнаўства, гісторыі і культуры, Беларусь).

  2. Алег Латышонак (доктар гістарычных навук, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства, выкладчык Беластоцкага ўніверсітэта, Польшча).

  3. Алеся Кіпель (былая старшыня, зараз сябра Вашынгтонскага аддзела Беларуска-Амерыканскага задзіночання, выканаўчы дырэктар Офiса па міжнародным гандлі Дэпартамента ЗША па нацыянальнай бяспецы, ЗША).


На секцыі «Беларуская дзяржаўнасць: станаўленне, рэаліі, перспектывы» выступіла 10 чалавек – палітыкаў, гісторыкаў і аматараў гісторыі.

Удзельнікі працы секцыі згадзіліся, што беларуская дзяржаўнасць мае глыбокія гістарычныя карані: Полацкае княства, Вялікае Княства Літоўскае, БНР і БССР. Адносна дзвюх апошніх можна сцвердзіць, што пытанне, ці ўтварэнне БССР было рэакцыяй на абвяшчэнне БНР у сённяшні час траціць актуальнасць. БНР было першай мадэрнай беларускай дзяржавай, а яе абвяшчэнне і ўсе пазнейшыя дзяржаваўтваральныя ініцыятывы вынікалі з факту, што існавала ўжо беларуская нацыя, якая мусіла мець сваю дзяржаву.

Рэкамендацыі:

  1. Захаванне і мацаванне суверэнітэту Рэспублікі Беларусь, яе незалежнасці, ёсць найважнейшай задачай на сучасным этапе, тут павінны быць аб’яднаныя намаганні і дзяржавы, і беларускай грамадскасці ў краіне і па-за яе межамі.

  2. Дзеля мацавання дзяржаўнага суверэнітэту Рэспублікі Беларусь гісторыкам трэба і надалей весці навуковыя даследаванні, а таксама паспрыяць распрацоўцы гістарычна-абгрунтаванай канцэпцыі каранёў/вытокаў беларускай дзяржаўнасці.

  3. Вынікі працы гісторыкаў мусяць быць увасобленыя не толькі ў навуковыя прадукты, але і быць пададзеныя ў папулярнай форме з тым, каб шырокія колы грамадскасці маглі з імі пазнаёміцца.

  4. Апрача паглыблення беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, якая мае асноўнае значэнне для мацавання беларускай дзяржаўнасці, трэба да развіцця беларускай дзяржаўнасці далучаць таксама грамадзян Беларусі іншых чым тытульная нацыянальнасцяў – рускіх, палякаў, украінцаў, габрэяў, а таксама эмігрантаў, і мацаваць у іх пачуццё прыналежнасці да беларускай палітычнай нацыі і грамадзянства Рэспублікі Беларусь.