(6.07.1932–6.05.1999)
Барыс Кастаненка - беларускі літаратар, паэт, перакладчык, аўтар успамінаў.
Народжаны ў Беларусі, яе сталіцы Мінску, большую частку свайго жыцця Барыс Кастаненка пражыў у Латвіі.
Перад тым, як стала асесці ў Рызе, ён прайшоў нялёгкі шлях марскога афіцэра-падводніка, служыў на Паўночным флоце. Жывы, цікаўны, мэтаімклівы юнак Барыс рана захварэў рамантыкай мора і паэзіі. Да гэтага прычыніліся дапытлівы, цэльны характар рамантыка і некаторыя канкрэтныя абставіны жыцця сям’і Кастаненкаў. У сувязі з характарам работы бацькі, сям’я Кастаненкаў, у якой разам з малодшым Барысам было двое дзяцей, даводзілася жыць у розных мясцінах Беларусі. У сваіх успамінах (яны пакуль што знаходзяцца ў рукапісе, ды машынапісе і трэба думаць, будуць выдадзены кніжкай) Барыс згадвае пераезды сям’і: жыццё іх у Чашніках, Камарыне, Жыткавічах, Мінску. Але больш робіцца гэта па расказах родных і перш-наперш маці Ганны Якімаўны, даволі адукаванай і інтэлігентнай жанчынай на той час.
У 1935 г. Кастаненкі пераехалі жыць у Віцебск. У раздзеле ўспамінаў “Добры горад над сіняй Дзвіной” Барыс пранікнавенна і маляўніча расказвае пра сваё даваеннае дзяцінства, шчасліва праведзенае ў гэтым старажытным беларускім горадзе, што месціцца на берагах Заходняй Дзвіны.
“Ганчарны завулак, – праз гады ўспамінаў капітан трэцяга рангу Барыс Пятровіч Кастаненка, – побач з левым берагам Дзвіны, паміж новым і чыгуначным мастамі… Ля новага маста заўсёды стаялі буксіры, параходы, баржы-лайбы, многа лодак. Тут жа на пяску адпачывалі ўжо непатрэбныя растрэсканыя баржы, высіліся горы цюкоў сена, скрынкі, бочкі – уся гэта гаспадарка належыла мясцоваму параходству. Колькі радасці прыносіла нам Дзвіна! Велічнай і шырокай здавалася яна мне. Тут праходзілі лепшыя часіны нашага дзяцінства. Рака жыла напружаным жыццём, ішлі параходы, плылі ганкі (мясцовая назва плытоў), буксіры цягнулі баржы з рознымі грузамі. Часам пад вясёлую музыку паважна праплываў пасажырскі прыгажун, і ў ім было шмат бесклапотнага, радаснага народу. Параход узнімаў хвалі. На іх весела гайдаліся на байдарках старэйшыя хлапчукі. Мы ж кідаліся з берагоў у прыемную ваду, каб пагойсацца на хвалях, падурэць у дзіцячай бесклапотнасці і радасці (Успаміны с. 35–36).
Ці не тут, на ўлонні вялікай ракі, зараджалася ў душы хлапчука цяга да воднай прасторы, якая прадвызначыла жыццёвы шлях паэта і марскога воўка Барыса Кастаненкі? І ці не лёс гэта, што свой жыццёвы шлях ён закончыў у вусце гэтай роднай ракі? (Памёр Барыс у раёне Рыгі, які называецца Вусць-Дзвінск). Ганчарны завулак, Віцебск, Дзвіна былі, можна сказаць, першым адпраўным пунктам ў нібы доўгім і разам з тым кароткім жыцці літаратара-марака. “Я і паэт, я і марак”, – пісаў Барыс пра сябе. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны, калі згарэў дом і ўвесь небагаты пабытак, каб неяк выжыць і перачакаць ліхалецце, Кастаненкі выбраліся на малую радзіму бацькоў – у лясную вёсачку Корасць. Абразкі перажытага ў вайну яскрава паўстаюць са старонак Барысавых “Успамінаў”.
Апошняй станцыяй свайго юнацтва Барыс Кастаненка называе Смаргонь, гарадок непадалёк ад Віліі, які часта ўспамінаецца ў вершах, аркушах, мемуарах. Па выгнанні гітлераўцаў сям’я Кастаненкаў з апусташонай, здрантаванай акупантамі Віцебшчыны рушыла ў Заходнюю Беларусь, на новае мейсца працы бацькі. У Смаргоні ён закончыў сярэднюю школу. Апошняя станцыя юнацтва была для Барыса вельмі важным этапам яго духоўнага фарміравання, маладога ўзмужнення.
Рана адчуты хлопцам смак мастацкага слова, захапленне літаратурай, перад усім паэзіяй (пад уплывам сваёй маці Анны Якімаўны, якая працавала настаўніцай у пачатковых класах), набылі ў Смаргонях рэальныя формы. Старшакласнікі Лёня Сосна, Міхась Царык, Антон Субач, Жора Янчуковіч, Арсень Ліс арганізаваліся ў літаратурны гурток. Паседжанні праводзілі ў цокальным памяшканні пры бібліятэцы, або на кватэры ў Ігара Фёдаравіча, на вуліцы Крэўскай. Барыс Кастаненка стаў неўзабаве лідэрам гэтай нефармальнай групы. Хлопцы выдавалі рукапісны часопіс “Родны край”, пазней, па ініцыятыве Барыса, перайменаваны ў “Росквіт”. Гэта была звычайная юначая спроба пяра, але шчырая, гарачая, з чытаннем уласных твораў і спрэчкамі, пераважна літаратурнага характару. Быў выезд у Маладзечна, дзе пры абласной газеце існавала сталае літаратурнае аб’яднанне, кіраванае выкладчыкам літаратуры Маладзечанскага настаўніцкага інстытута, пазней вядомым беларускім гісторыкам і мысляром Міколам Ермаловічам. Вершы і апавяданні смаргонскіх літаратараў аналізаваліся Мікалаем Іванавічам, спецыялістам-філолагам па законах літаратуразнаўства, ўважліва і зычліва. Падборка вершаў Барыса Кастаненкі была надрукавана ў абласной перыёдыцы і гэта, вядома, акрыляла маладога паэта, годам пазней ён стаў удзельнікам ІІІ з’езду маладых паэтаў Беларусі, аб якім ён вельмі цёпла напісаў у сваім штодзённіку. Яго кансультаваў сам П. Броўка. У Смаргонях Барыс спасцігаў і такія фундаментальныя праявы жыцця, як сяброўства, каханне, вернасць. Там ён выбраў і спадарожніцу ўсяго будучага свайго жыцця, жонку, маці яго дзяцей, спадарыню Карыну. Але напачатку быў выбар будучай прафесіі. Вырашаны дома на роднай зямлі, ён рэалізаваўся ў светлым вялікім горадзе над Нявой.
Летам 1951 г. дзевятнаццацігадовы Барыс становіцца курсантам Вышэйшага ваенна-марскога інжынернага вучылішча імя Дзяржынскага. “Пад залатым шпілем Адміралцейства” – так называецца адзін з раздзелаў яго штодзённіка. У вольную хвіліну, якіх было няшмат, клікала літаратурнае слова, малады марак адчуваў яго ва ўласнай душы. І чулася ў ім крыху пафасная яшчэ клятва ў любові да мора, яго нязведаннай прасторы: Ты прада мною ціхае, жывое, Ды толькі больш люблю шум грозны твой. Я сам даўно не ведаю спакою, І не патрэбны нейкі мне спакой! Я далячынню велічнай, прыгожай Увесь захоплены. Яна ў вачах стаіць. У моры я паэзію знаходжу, У паэзіі мне мора не забыць!
У вершах – лістах да сяброў паэта-марака гучыць паўтараючыйся матыў прызнання ў любові роднай зямлі, узгадваюцца росныя сцэнкі юнацтва над Віллею, устае абагульнёны вобраз Беларусі. Лёс марскі на шлях багаты… Колькі ўспенена хваль вінтамі. Ды пад спёчным далёкім небам Мроіў я тваімі барамі…
Пад вершамі – год напісання, назвы гарадоў, дзе ўзніклі, склаліся ў радкі ўзрушаныя словы… Вось адзін, з горада Ліепая, азначаны 1957 годам. Вылучаецца элегічным тонам. Спецыфіка жыцця афіцэра-падводніка ў тым, што яно праходзіць ў аснове сваёй далёка ад дому, ад сям’і. І вось Барысаў верш – зварот да любімай каханай: Зноў латышскія сосны гудуць нада мной Коціць пенныя хвалі вясёлы прыбой… І на поўдзень бялюткія хмаркі плывуць. Ну чаму, ну чаму зараз ты не са мной? Я б на рукі цябе, як пушынку, узняў, Над усім хараством гэтым цудным узняў, Тваё б сэрца напоўніў сваім пачуццём, І красу, і бязмежжа жыцця б паказаў. Над табою б латышскія сосны гулі, Белы ветразь убачыла б ты ўдалі, І марскія ласкавыя ветры табе Свае дзіўныя песні здалёк прыняслі б… Ты б пачула, чым Балтыкі сэрца жыве, Ты б пазнала, што Райніса дайна пяе. Пакахала б ты сосен край, хваль і вятроў, Зразумела б ты цёплыя словы мае. Толькі ты так далёка… Шугае прыбой. І латышскія сосны гудуць нада мной. На ўзбярэжжы стаю з сваёй думкай адзін. Ну чаму, ну чаму зараз ты не са мной?..
Жыццё сведчыць, што раздвайвацца паміж літаратурай і службай інжынера на сучаснай субмарыне не проста, калі ўвогуле такое можна. Прыехаўшы ў адпачынак і пабачыўшыся ў Белдзяржуніверсітэце з сябрам, які вучыўся на філфаку, адзначыў для сябе ў дзённіку: “…З глыбокім болем адчуў, што адлегласцю і ўмовамі жыцця мы вельмі адарваны адзін ад другога… Я, вядома, пазайздросціў Арсеню: кожны дзень ён жыве на роднай зямлі, чуе родную мову, вучыць тое, што неабходна для літаратурнай творчасці, жыве з хлопцамі, для якіх літаратура – самае галоўнае. Мне ж ўсё даводзілася здабываць урыўкамі, ва ўмовах жорсткай абмежаванасці…” І пазней у адным з вершаў пра гэта напіша: Я значнага яшчэ не напісаў… Заняткам іншым час свой аддаваў. Другія хлопцы ладней пішуць вершы, І мне не быць у іх кагорце першым.
Тым часам час, сілы ўладна забірала служба падводніка. З паходаў вяртаўся, выціснутым, як лімон. Барыс быў чалавекам годнасці і абавязку. Перадусім – абавязку баявога афіцэра-падводніка. Вышаўшы на пенсію, Барыс, нарэшце, плануе ажыццявіць яшчэ адну мару. Яна-такі, праз гады заставалася запаветнай. Аддаўшы больш 30 гадоў марской службе, капітан трэцяга рангу Барыс Кастаненка сходзіў на бераг, яшчэ поўны жыццёвых сіл і розных планаў, а перш-наперш творчых. Наперадзе яшчэ былі, здавалася, незлічоныя кіламетры дарог. Кінуўся ў блізкі родны свет – па Беларусі. Напісаў нарысы, у тым ліку “Браслаўскія азёры”, “Горад на Дзвіне”. Затым – ў Закарпацце. У наступнае лета разам з Карынай адкрывалі для сябе Сярэднюю Азію: Ташкент, Бухара, Самарканд. Барыс быў ашаломлены незвычайнасцю, каларытнасцю Усходу. Але больш за ўсё уразіла мудрая, філасафічная, жыццёвая, праўдзівая паэзія народаў сярэдняазіяцкіх рэспублік. Два гады запар Барыс ездзіў, ужо адзін, у Таджыкістан, Туркменію, Казахстан, Узбекістан, каб услухацца ў мудрую і высокую паэзію Усходу, спеўныя галасы самой зямлі яго. Вяртаўся з кніжкамі, слоўнікамі. Засеў за пераклады, і, о радасць: мудраспеўная паэзія Усходу арганічна загаварыла з ім па-беларуску: Я неба кветнікам назваў, Зор карнавал я ўслаўляў. Пачуў: напышлівасці многа. Спяваў сустрэчы, боль разлук. Каханне, слодыч яго мук. Пачуў: няма маралі строгай, Багата прысвяціў радкоў Вясне, рамантыцы шляхоў. Пачуў: у іх няма нічога. Сваю душу перагартаў, Аб сваім лёсе заспяваў. Пачуў: ён сэрцам чуе Бога.
У сучасных паэтаў Усходу, таджыцкіх, узбецкіх і уйгурскіх, знаходзіў шмат таго, што непакоіла, жыло ў самім перакладчыку, рацэ жыцця, якая ім перадольвалася. Як хоць бы гэта споведзь-медытацыя Амана Мухтарава:
Я на рацэ ўважлівы такі: Стаяць на правым беразе ракі Старыя – прадзед мой, бабуля, дзед, Даўно пакінуўшыя гэты свет. І не палохаюцца бур ліхіх. Як я жыву? – адно пытанне ў іх. На левым беразе ракі стаяць Мае нашчадкі. Уважліва глядзяць Сыны, ўнукі, што ідуць ў жыццё, Каб месца ў ім яшчэ знайсці сваё І ў ім пакінуць шмат слядоў сваіх. Як я жыву? – Адно пытанне ў іх. Яго я часта задаю сабе. Маё жыццё – рака ў барацьбе, Пакуль яно імкне ў берагах, Плыву па ёй, перамагаю жах. Як я жыву? Плыву ці ўперад я? І занясе куды рака мая? Вось бачу бераг правы я, круты. Яшчэ рывок – і траплю я туды. Мінуўшчына спакою не дае. Цячэ рака, цякуць гады мае. Вось бераг левы – да яго рух мой, Святло і цемру рэжу я рукой. Між будучым і днём ужо былым Так і жыву ў часе я сваім.
Як старое віно, дзіўным водарам, тонкай мудрай рамантыкай п’яніў Алішэр Наваі: “Ах, птушка майго сэрца ўзляцела, – здалася зернеткам радзімка ёй твая. Ляцела да цябе, ды трапіла ў пастку тваіх прыгожых кос, а з ёй загінуў я…” Алі Абу Ібн Сіна (Авіцэнна), Амар Хаям… – перакладзена было нямала. Можна было падумаць аб беларускамоўнай анталогіі ўсходняй паэзіі. Чакана-нечакана напісалася свая “Усходняя паэма” па-руску, каб можна было звярнуцца да ўсходніх сяброў і быць пачутым і зразумелым імі. Улысны верш Барыса Кастаненкі мацнеў творчым досведам пераствораных на беларускую мову ўсходніх паэтаў. Слов значимость учусь я ощущать,
Чтоб радугу цветов в них различать, В единый сплав мысль с чувством совмещать, Сплетая в кружева простую нить. Моя судьба моих творенье рук И зависти к удачным в жизни нет. Я разорвал привычный серый круг, Во мне и увяданье и расцвет. Во мне единство – радость, боль моя. В душе противоречий до краев. Я – быстрый ветер, и изменчив я, Объять и ощутить я все готов. Вот тишина и вдруг – весенний гром, Снег падает, а вот звенит капель. Я – все созвучья, что звенят кругом. Я – глубина. Но вдруг я только мель…
Па-руску пісаў Барыс і раней, але лічыў, што поўнавартасна можна высказацца толькі на роднай мове. Але паддавалася і рускае слова. Барыс афармляе свае рускамоўныя вершы ў машынапісны зборнік “Брызги волн морских и времени”. Ён з болем пісаў: “Праехаў я мой край ва ўсе бакі, І на душы зрабілася так горка, Бо лічаць нават нашы землякі Купалы мову брыдкаю гаворкай”.
Архіў, яго рукапісы, што цяпер, пасля 6 мая 1999 г., калі ён адышоў ад нас навекі, называюцца літаратурнай спадчынай, накіды апошніх гадоў навочна сведчаць, што Барыса трывожыў лёс Беларусі: “Беларусь, не шануеш сваіх ты дзяцей. Іх бяздумна па беламу свету кідаеш. Плён іх працы, і думак, і светлых ідэй у скарбніцу народа свайго не збіраеш”. Далей назваў імёны Д. Шастаковіча, Яраслава Смелякова. Спрабаваў дапісаць раней пачатую паэму “Спадчына”, у якой абагульнена шырока хацеў глянуць на шляхі свайго народа, рупіўся над “Успамінамі”, якія абяцалі стаць сапраўднаю аповесцю жыцця. Міжволі думалася аб тым, што пакінеш па сабе. Часам чарнавата-іранічна: “Памёр чалавек… Што ад яго засталося? Жменя медалеў і зусім нецікавых папер”… Паглядзець на сябе іранічна – удзел моцных натур. Часам аўтаіронія была бліжэй да праўды, чым у ранейшых змрачнавата неаб’ектыўных радках: Каб ты не піў і не смаліў, Сто год пражыў бы на зямлі. У табе такі жыцця запас, Што падуладны табе час. Я грэшны: чарку паважаў І цыгарэты не кідаў.
Непадуладнасць бегу часу аказалася падманлівай. А так трэба было яшчэ некалькі год, каб завяршыць літаратурныя планы і, можа ў першую чаргу, аповесць жыцця, пазначаная ў адным з рукапісных артыкулаў як “Выток і плынь”. У прозе, як і ў жыцці навогул, Барыс Кастаненка заставаўся паэтам. З сумам думаецца: Барыс мог яшчэ, павінен быць з намі, сваім натхнёным мудрым словам сцвярджаць жыццё, яго хараство і неўміручасць.
Арсень Ліс, svitanak.lv