Віталь Кажан

(1916-2004)

Віталь Кажан (09.10.1916, в. Балбекі Дзісенскага пав. Віленскай губ. (сёння Шаркаўшчынскі р-н Віцебскае вобл.) — 17.01.2004, Стамфард, ЗША), вайсковы і грамадскі дзеяч.

Нарадзіўся Віталь у невялікай вёсцы Балбекі над прыгожаю рэчкаю Мнютай. Там ён вырас у сям'і прадпрыймальнага селяніна, які, здабыўшы асьвету, працаваў сакратаром ў земскага начальніка. Маці Віталя паходзіла з заможнай сялянскай сям'і. Бацькі мелі 20-гэктарную гаспадарку.

Пад польскай акупацыяй бацька спачатку быў выбраны войтам гміны, але пасьля трох гадоў яго зволілі за нястачу "польскасьці" і ён заняўся гандлем.

Віталь скончыў у Дзісьне польскую гімназію, адбыў вайсковую службу ды ў 1938 годзе падаўся ў афіцэрскую школу, куды быў прыняты не зважаючы на праваслаўную веру. Пасьля польска-нямецкай вайны працаваў настаўнікам у родных мясьцінах.

У жніўні 1942 году адбыў першыя курсы беларускіх афіцэраў у Менску, адкуль быў пасланы ў Браслаў для вядзеньня падафіцэрскіх курсаў для Беларускай Самааховы. Як ведама, немцы паставіліся да Самаахвовы адмоўна. У выніку гэтага Віталь працаваў пэўны час у Глыбокім сакратаром і заступнікам акруговага старшыні Беларускай Народнай Самапомачы.

У сакавіку 1943 году на пастанову беларускага актыву, працаваў у Вялейцы загадчыкам беларускай канцылярыі пры нямецкай установе.

Беларусь пакінуў у чэрвені 1944 году. У Бэрліне працаваў у БЦР, браў удзел у рыхтаваньні беларускіх афіцэраў. У лістападзе 1944 году палкоўнік Кушаль прызначыў яго сваім ад'ютантам.

1 сакавіка 1945 году Віталь ажаніўся з Жэняй Кароль, якая парацавала ў канцылярыі палкоўніка Кушаля. А праз месяц, калі альянты дабівалі гітлераўцаў, Кажаном удалося перабрацца ў заходнюю частку краіны, каб не патрапіць пад савецкую акупацыю.

Пасьля некалькіх пераездаў зь лягеру ўцекачоў у лягер, Віталь Кажан, трапіў на пасаду заступніка каманданта лягернай паліцыі ў Шляйсгайме ля Мюнхэну. Там прабыў ад ліпеня 1946 па люты 1948 году. Пасьля пераезду ў лютым 1948 году ў беларускі лягер Остэргофэн выконваў абавязкі адміністратара газэты "Бацькаўшчына", а ад лістапада таго-ж году - яшчэ і абавязкі каманданта лягернай паліцыі. Быў сакратаром Беларускага Нацыянальнага Камітэту на Амэрыканскую зону Нямеччыны.

У кастрычніку 1948 году прайшоў спэцыяльныя курсы для камандантаў лягернай паліцыі ў горадзе Штутгарце, дзе ад імя ўсіх курсантаў вітаў жонку прэзыдэнта ЗША Элеанору Рузвэльт.

У чэрвені 1949 году, калі быў арганізаваны адзіны лягер для беларусаў у Розэнгайме, працаваў там бухгальтарам аддзелу прадуктаў ды адначасна прайшоў курсы ангельскай мовы. Працаваў там-жа выкладчыкам пачаткаў ангельскай мовы ў беларускай школе.

Чацьвертая сэсія Рады БНР у Розэнгайме ў кастрычніку 1949 году надала Віталю Кажану становішча галоўнага Скарбніка Рады БНР. Гэтую адказную функцыю ён  выконваў з надзвычайнай працавітасьцю і сыстэматычнасьцю да самага канца свайго жыцьця, нават калі ўжо быў цяжка хворы.

У чэрвені 1950 году Віталь з жонкаю і дачушкай Ларысай вадаплавам прыбылі ў гаманлівы Нью Ерк. Вясковаму сыну фабрычная праца не прыпала да сэрца. Праз год Кажаны перабіраюцца ў горад Стамфард у штат Канэтыкэт. Тут Віталь атрымаў працу ў добрай кампаніі, дзе і адпрацаваў на пасадзе прараба амаль трыццаць гадоў.

У сакавіку 1952 году Віталя напаткала трагедыя: жонка нарадзіла сына Аўгена, а пасьля родаў сама памерла.

У кастрычніку 1953 году Віталь ажаніўся зь Любай Пронькай, ранейшай знаёмай з Шаркаўшчыны. У іх нарадзіліся дзьве дачкі, Юля і Маргарыта.

Каб забясьпечыць чатыром дзецям вышэйшую асьвету, Віталь Кажан пачаў у 1954 годзе, у дадатак да фабрычнай працы, свой бізнэс - маляваньне дамоў навонкі й унутры. Гэта ён рабіў аж да 1984 году ў час адпачынку ды сьвяточнымі днямі. Усім дзецям Віталь з жонкаю забясьпечылі вышэйшую адукацыю. У сваім аўтабіяграфічным нарысе, апублікаваным у зборніку "Беларуская дыяспара як пасрэдніца ў дыялогу цывілізацый" (сэрыя "Беларусіка-Albaruthenica", Мінск, "Беларускі кнігазбор", 2001) Віталь піша: "Здаецца, што мы, я і мая спадарожніца Люба, можам ганарыцца сваімі дзяцьмі. Усе яны былі добрымі вучнямі й сёньня зьяўляюцца добрымі людзьмі. Таксама важнае, што яны жывуць у добрай дружбе-сяброўстве паміж сабою і нас бацькоў паважаюць і шануюць. І яшчэ - усе яны добрыя хрысьціяне і добра ведаюць, што яны беларускага паходжаньня, і вельмі важна, што ўсе яны з намі, бацькамі, гавораць толькі па-беларуску".

Апошнія гады ён жыў у гарадку Пэнінгтан у Нью-Джэрзі; пахаваны ў горадзе Стамфард у штаце Канэтыкэт (ЗША).

Янка Запруднік

Успаміны Віталя Кажана можна знайсці ў электроннай бібіліятэцы "Бацькаўшчыны": ЖЫЦЦЯПІС АМЭРЫКАНСКАГА БЕЛАРУСА: http://zbsb.org/lib/index.php?option=com_alblib&view=article&id=114