(1923-2011)
Барыс Данілюк — беларускі грамадскі дзеяч у ЗША.
Барыс Данілюк нарадзіўся 5 красавіка 1923 года ў вёсцы Старыя Дзявяткавічы на Слонімшчыне ў сям’і беларускага святара, удзельніка Слуцкага паўстання Хведара Данілюка (1877-1960).
З 1933 года вучыўся ў пачатковай школе ў Слоніме, а з восені 1935 і да канца 1939 — у польскіх гімназіях у Слоніме і ў Баранавічах. У 1940 пакінуў навуку ў дзесяцігодцы і пачаў дапамагаць бацьку на гаспадарцы.
«За мой непрыхованы беларускі патрыятызм дазнаў і я нямала непрыемнасцяў ад шавіністычных польскіх настаўнікаў і нават паліцыі ў Слоніме і да цяпер не магу дараваць павадарам Грамады, што, замест стварыць партыю на змаганне за веру і зямлю, пайшлі на службу саветам і гэтым далі палякам магчымасць называць усе праявы беларускасці камунізмам», — пісаў ён у успамінах.
Падчас нямецкай акупацыі ў гады Другой сусветнай вайны працаваў сакратаром і школьным інспектарам у Слоніме, у беларускай Самапомачы, кіраваў мастацкай самадзейнасцю ў Слоніме, быў спартовым інструктарам СБМ, служыў перакладчыкам пры 48-м Беларускім батальёне, прымаў удзел у працы Другога Усебеларускага Кангрэсу. Спяваў у хоры Антона Валынчыка, быў танцорам у танцавальным гуртку, а таксама ўдзельнічаў у драматычным гуртку, які існаваў пры Слонімскім Народным Доме.
У лістападзе 1943 ажаніўся з Марыяй Дземідовіч. У ліпені 1944 года разам з сям’ёй вымушаны быў пакінуць Беларусь, баючыся сталінскіх рэпрэсій.
Да 1950 года сям’я Данілюк жыла ў французскай акупацыйнай зоне ў Нямеччыне, а Барыс вучыўся на інжынера-будаўніка ва ўніверсітэце ЮНРРА ў Мюнхене, быў сябрам Беларускага Студэнцкага Згуртавання. Браў удзел у З’ездзе беларускіх студэнтаў, што прайшоў у кастрычніку 1947 г. у Марбургу. Сябра рэдакцыйнай калегіі часопісу «Крывіцкі Сьветач». З 1948 — сябра Рады БНР у Остэргофэне. Падтрымаў аднаўленне БАПЦ у чэрвені 1948 г.
Пасля пераезду ў ЗША Барыс Данілюк прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі беларускага царкоўнага і грамадскага жыцця ў Амерыцы. На працягу доўгіх гадоў ён уваходзіў у Раду і Кансісторыю Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, кіраваў царкоўным хорам у Катэдральным Саборы Святога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку, з’яўляўся рэдактарам і выдаўцом часопіса “Царкоўны Пасланец”.
У расколе БАПЦ у пачатку
Памёр Барыс Данілюк 28 студзеня 2011 г. пасля цяжкай хваробы. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст Брансвіку ў штаце Нью-Джэрсі ЗША.
Паводле "Нашай Нівы" і "Газеты Слонімскай"