(20.10.1919 – 11.1.2011)
*Уладзімір Набагез - беларускі грамадскі дзеяч у ЗША.
Нарадзіўся 20 кастрычніка 1919 г. у Сяльцы на Наваградчыне ў сялянскай сям’і. У Наваградку атрымаў сярэднюю асьвету ў беларускай філіі польскай гімназіі. Вучыўся там разам зь сябрамі, зь якімі пазьней працягваў на эміграцыі далейшую навуку ва ўнівэрсытэтах і супрацоўніцтва на грамадзкай ніве – Барысом Рагулем і Язэпам Сажычам.
У верасьні 1939 г. , змабілізаваны ў польскую армію, трапіў у нямецкі палон, адкуль яго як беларуса выпусьцілі на волю. Але пад савецкую ўладу Ўладзімір не вярнуўся, а застаўся працаваць у Беларускім прадстаўніцтве пры нямецкім Арбайтсфронце ў Кёнігсбэргу.
Па сканчэньні вайны вучыўся на мэдэцынскім факультэце Марбургскага ўнівэрсытэту, а закончыў мэдыцынскую асьвету ў Лювэнскім ўнівэрсытэце ў Бэльгіі. Быў актыўным у арганізацыйным жыцьці беларускіх студэнтаў як у Нямеччыне, гэтак і ў Бэльгіі. Маючы добры голас (бас), сьпяваў у студэнцкіх хорах, у тым ліку ў хоры Міколы Равенскага ў Лювэне.
У 1956 г. перабраўся ў ЗША, пасяліўшыся спачатку ў гор. Нью Брансўік у штаце Нью Джэрзі. Працуючы ў мясцовым шпіталі, апаноўваў азы амэрыканскай мэдычнай практыкі й ангельскай мовы. Прызнаваўся, што ніколі ў жыцьці яшчэ так цяжка не працаваў. Здольнасьць да такой працы гарантавала ўдачу. Здаўшы патрэбныя залікі, перабраўся на дакторскую працу ў гор. Нью Ёрк. Далучыўся там да нацыянальнага актыву.
Ён быў сябрам Рады БНР, належаў да Беларуска-Амэрыканскага Задіночаньня, быў пэўны час старшынём ньюёркскага аддзелу БАЗА, браў актыўны ўдзел у рэлігійным жыцьці парафіі сьв. Кірылы Тураўскага ў Брукліне. У гэтым часе ажаніўся з мэдсястрой, Яляндай, ураджэнкай францускамоўнае часткі Канады. Неўзабаве пасьля гэтага, купіў сабе ў вёсцы Ўолдэн (Walden; 6 тыс. жыхароў) у штаце Нью Ёрк паўтара гэктара зямлі з садам, вазярцом і жылым домам ды там і застаўся жыць, займаючыся мэдычнай практыкай. У сям’і нарадзілася двое сыноў, Джон і Андрэй. Першы зь іх, падобны на бацьку цяпер – доктар мэдыцыны, кардыёляг, а другі, з матчынымі рысамі твару – музыка.
Набагезы. Справа налева: Уладзімір Набагез, Янка, Ялянда, Андрэй, фота з архіва Аляксандра Адзінца. Др. Уладзімір Набагез праз усё жыцьццё захаваў беларускі патрыятызм, які ён вынес з наваградзкага асяродзьдзя. Адзначаўся моцнай сілай волі й адначасна сьціпласьцяй у дачыненьні да свае асобы. Меў добрую памяць. Вельмі цікава распавядаў пра свае прыгоды ў ваенным часе: польска-нямецкі фронт, палон, праца перакладчыка, сувязь з суродзічамі на ваенным раздарожжы ў Нямеччыне, шуканьне выхаду ў паваенным разбродзе. “Валодзя, дык ты апішы ўсё гэта. Гэта ж так цікава!” “А што там надта пра сябе расказваць буду. Падумеш, важная асоба!” – адмахваўся ён ад такіх падказак. Каб сеў тады каля яго з магнітафонам, дык расказаў бы. Але дзе там быў час на такое...
Захоўваючы зацікаўленьне грамадзка арганізацыйным жыцьцём пасьля ад’езду зь Нью Ёрку, Набагез падтрымліваў беларускую справу грашыма. Мы зь ім час ад часу перазвоньваліся, каб адказаць адзін аднаму на пытаньне “Што чуваць?”. Часам ён званіў проста, каб выгаварыцца. Апошнімі пару гадамі тэлефанічная сувязь перарвалася ў выніку моцнага паслабленьня ягонага слуху.
На пачатку 1990-х гадоў Набагез наведаў свае родныя мясьціны, а таксама Наваградак, дзе жыла ягоная сястра. З гонарам расказваў, што адшукаў магілу дзеда, пахаванага ля самага наваградзкага замчышча.
Пра сьмерць др. Уладзіміра Набагеза паведаміла на сваім сайце “Наша Ніва” (2.2.11) і “Нью Ёрк Таймс” у нумары за 16 студзеня. З кароткага нэкралёгу ў “НЁТ” даведваемся, што нябожчык пражыў з жонкай Яляндай 48 гадоў ды што абодвы ягоныя сыны жанатыя.
Янка Запруднік
*У артыкуле захаваны аўтарскі правапіс