Людміла Краскоўская (1904-199) – вядомы славацкі археолаг, нумізмат, рупліўца музейнай справы, педагог.
Узаемадачыненні Людмілы Краскоўскай з навукоўцамі Беларусі маюць сваю даволі працяглую гісторыю. У шэрагу суразмоўцаў Л.Краскоўскай у ліставанні варта прыгадаць С.Александровіча, У.Калесніка, Г.Каханоўскага, С.Панізніка і інш. У асноўным перапіска з вядучымі даследчыкамі-літаратуразнаўцамі і гісторыкамі датычылася раскрыцця і асэнсавання дзейнасці беларускага студэнцкага культурнага асяродка ў Празе ў 20-30-х гадах ХХ стагоддзя.
Па шэрагу прычын імя Л.Краскоўскай на сённяшні дзень застаецца вядомам толькі вузкаму колу спецыялістаў, як правіла тым, хто займаўся ці займаецца пытаннямі беларускай эміграцыі ў Празе.
Маё асабістае завочнае знаёмства з Людмілай Краскоўскай пачыналася з Літаратурнага музея Максіма Багдановіча ў Мінску. Па першапачатковых планах экспазіцыя, прысвечаная жыццю і творчасці класіка беларускай літаратуры, павінна была быць створана не толькі на другім, але і на першым паверсе аддадзенага пад музей будынка. На плануемай экспазіцыі, якая мела рабочую назву “Багдановіч і сучаснасць”, думалася прадставіць матэрыялы аб багдановічаўскай традыцыі ў беларускай літаратуры. Як ужо стала няпісаным правілам, першае месца сярод паэтычных спадкаемцаў песняра чыстай красы займае У.Жылка. Музейшчыкамі назапашваліся матэрыялы пра жыццё і творчасць паэта, многія з іх і на сённяшні дзень яшчэ не ўвасобіліся ў публікацыі, належным чынам не спрацавалі на асвятленне няпростага і трагічнага жыццёвага шляху песьняра.
У свой час беларускім даследчыкам У.Калеснікам для аўтараў экспазіцыі была падказана рэальная магчымасць знайсці што-небудзь новае пра Жылку, быў перададзены адрас Людмілы Краскоўскай у Славакіі. У.Жылку з сям’ёй Краскоўскіх звязвалі самыя цесныя сувязі: і пад час вучобы ў беларускай гімназіі ў Дзвінску, і пад час жыцця ў савецкім Мінску, не перарывалася цёплае ліставанне.
Калега з Браціславы ласкава адгукнулася на першыя просьбы музейшчыкаў, завязалася трывалая перапіска. Л.Краскоўская дасылала музею новыя матэрыялы, удакладняла імёны людзей на адшуканых фотаздымках, асвятляла абставіны студэнцкага жыцця ў Празе, рупілася пра тое, каб музей Багдановіча займеў свае стасункі з літаратурнымі музеямі Славакіі.
Адносна паэта з-пад пяра Краскоўскай выйшла ўсяго некалькі старонак пад назвай “З успамінак пра Уладзімера Жылку”. Інфармацыі гэтыя ўспаміны ўтрымліваюць няшмат, адчуваецца асцярога аўтара перад суб’ектыўнасцю ацэнак.
У 1997 годзе Людмілу Краскоўскую наведаў паэт, укладальнік “Выбраных твораў” У.Жылкі Міхась Скобла.
Асноўныя моманты жыцця і дзейнасці Людмілы Краскоўскай. Нарадзілася Людміла Краскоўская 26.06.1904 г. у Вільні. Вучылася ў гімназіях у розных гарадах былой Расійскай імперыі. У часы асабліва моцных грамадскіх завірух вучоба праходзіла, у асноўным, похабкам, бо сям’я вымушана была пераязджаць з месца на месца, ратуючыся ад вайны і едучы ўслед за месцамі бацькавага службовага прызначэння. Поўная сярэдняя адукацыя была атрымана ў беларускай гімназіі ў Дзвінску, дзе бацька Іван Ігнатавіч Краскоўскі працаваў дырэктарам у 1922 – 1925 гг. Далей вучоба працягвалася (да 1929 г.) на філасофскім факультэце Карлавага універсітэта ў Празе, дзе Л.Краскоўская вывучала археалогію і гісторыю мастацтва. Тут у 1930 годзе яна абараніла дактарат філасофіі “Заходнія ўплывы ў архітэктуры Х – ХІІІ стагоддзяў у усходніх славян”. Адначасова праходзіла навучанне на літаратурна-гістарычным аддзеле Украінскага педагагічнага інстытута ў Празе. У 1929 – 1931 гг. Л.Краскоўская працавала ў якасці дапаможнага навуковага супрацоўніка ў Археалагічным аддзеле Нацыянальнага музея ў Празе. У 1931 годзе – кустодка ў Славацкім краязнаўчым музеі ў Браціславе (цяпер – Славацкі нацыянальны музей), дзе і прайшло ўсё яе працоўнае жыццё (1931 – 1988 гг.).
У 30-х гадах адарваная ад роднага краю і ад родных дзяўчына ўступіла на шлях навукі, па якім да яе і пры ёй хадзілі толькі мужчыны. Яна стала першай у Чэхаславакіі жанчынай – кандыдатам гістарычных навук (1961).
За гэты час было праведзена больш як 50 археалагічных раскопак. Л.Краскоўская аўтар каля 270 артыкулаў у галіне археалогіі і нумізматыкі, 2 кніг па археалогіі, якія выйшлі ў Славакіі, 2 кнігі былі выдадзены на англійскай мове Оксфардскім універсітэтам. Прызнаная даследчыца была членам шэрагу навуковых і рэдакцыйных рад, розных камісій, брала ўдзел ва ўсіх археалагічных і нумізматычных канферэнцыях у Чэха-Славакіі, у міжнародных археалагічных канферэнцыях у Польшчы, Венгрыі, Германіі. Сярод узнагарод, якімі ўганаравала Славакія нястомную руплівіцу навукі, прэміі імя Андрэя Кмета (1969), імя Войцеха Будзінскага-Крычку (1996), ганаровыя званні “Будаўнік Браціславы” (1975), “Заслужаны работнік культуры” (1996).
Багаты жыццёвы вопыт, вынікі кантактаў з многімі навукоўцамі, дзеячамі культуры славянскага свету аселі змястоўным архівам у кватэры Л.Краскоўскай. Многае ў ім яшчэ не расчытана, не сістэматызавана. Але сёння ўзрастае цікавасць у Славакіі, Украіне, Беларусі да І.Краскоўскага, Л.Краскоўскай, чыё жыццё і дзейнасць знаходзяцца на мяжы некалькіх культур. Пацверджаннем гэтаму сталі і даклады, прачытаныя на міжнародным навуковым семінары ў Прэшаве (Славакія) “Славацка-беларускія моўныя, літаратурныя і культурныя сувязі” (20-21.09.2000 г.). Да разбору часткі архіва Краскоўскіх спрычыніўся акадэмік Мікулаш Мушынка. Супольная праца ў дадзеным накірунку ў Беларусі, Украіне, Славакіі, Чэхіі і іншых краінах павінна даць цікавы і багаты плён. З зычлівай дапамогі акадэміка М.Мушынкі, амбасады Рэспублікі Беларусі ў Чэхіі і Славакіі, асабістай падтрымкі першага сакратара дыпламатычнага прадстаўніцтва Яніны Тарасевіч, уважлівага стаўлення Ніны Бучынскай стала магчымым пераправіць частку архіва Л.Краскоўскай у Беларусь. Аўтарам гэтых радкоў былі адшуканы шэраг дагэтуль невядомых матэрыялаў да жыцця і творчасці У.Жылкі, перапіска сёлетней юбіляркі з А.Луцкевічам, выпускнікамі Дзвінскай беларускай гімназіі, пражскім беларускім асяродкам, дзеячамі ўкраінскай культуры:Д.Дарашэнкай, Ольжычам, А.Лятурынскай, А.Мазепай і інш.). Усё гэта чакае сваёй публікацыі. Сёлетні юбілейны год з дня нараджэння руплівіцы навукі – годная падстава належным чынам ушанаваць яе навуковыя заслугі, сплаціць доўг памяці. Новыя цікавыя знаходкі, жаданне супрацоўнічаць навукоўцаў розных краін толькі ўмацоўваюць у думцы пра патрэбу пошукаў, патрэбу аб’яднання працы ў гэтым накірунку.
Мікалай Трус, кандыдат філалагічных навук