Хведар Ілляшэвіч

(1910-1948)

Хведар Ілляшэвіч - паэт, празаік, крытык, грамадска-культурны дзеяч. Псеўданімы І.Дальны, Святаслаў Залужны, Л.Іскра, Малады.

Нарадзіўся ў 1910 г. у Вільні, скончыў Віленскі ўніверсітэт, абараніў дысертацыю "Друкарня дома Мамонічаў у Вільні (1572-1622)", атрымаў званне магістра філасофіі. Рана пачаў пісаць вершы, першы зборнік "Веснапесні" выйшаў у 1929 г. Працаваў у Віленскай беларускай гімназіі, выкладаў родную мову, літаратуру, гісторыю. У 1932 г. выдаў зборнік вершаў "Зорным шляхам", у 1936 - зборнік "Захварбаваныя вершы".

Агульны вобраз паэзіі Х.Ілляшэвіча 20-х гадоў - Веснавіста, як увасабленне новай Беларусі, традыцыйна звязаны з вобразам вясны-адраджэння, абуджэння ўсяго новага, жывога ў прыродзе. I, як абуджаецца штогод прырода, так адродзіцца і Беларусь, якая паўстае ў вершах паэта ў рамантычна-ўзнёслым асвятленні. Аднак у вершах 30-х гадоў Беларусь бачыцца аўтару зусім у іншых фарбах і рэаліях: паэт з болем канстатуе, што амаль нічога не змянілася ў лёсе шматпакутнай Беларусі з нашаніўскай пары. Так узнікае тэма лёсу Бацькаўшчыны і тэма творчай інтэлігенцыі, асабістага лёсу паэта, цесна знітаваных у агульнае цэлае. Рэчаіснасць міжвольна ўрывалася ў ягоную інтымную і ў прыродаапісальную лірыку, не кажучы пра вершы сацыяльнага, філасофскага, нацыянальна-вызваленчага накірунку.

У другой палове 30-х гадоў Х.Ілляшэвіч амаль цалкам пераходзіць на прозу. Многія апавяданні ўяўлялі сабой высокапатрыятычныя вершы ў прозе. За сваю беларускую дзейнасць паэт быў арыштаваны польскімі ўладамі, быў вязням турмы Лукішкі. Не прыняў ён і савецкага таталітарнага рэжыму, што запанаваў на Заходняй Беларусі з 1939 г. , бо добра памятаў трагічныя лёсы А.Салагуба, У.Жылкі, трапіўшага на Салаўкі Ф.Аляхновіча, асабіста ведаў арыштаваных пасля ўз'яднання такіх беларускіх дзеячаў як А.Луцкевіч, У.Самойла, М.Драўцоў, Н.Арсеннева, Р.Шырма.

З пачаткам вайны Ілляшэвіч пераехаў у Беласток. Адсюль пачынаецца абвінавачванне паэта ў супрацоўніцтве з немцамі. Як сведчыць яго выступленне на з'ездзе "Беларускага аб'яднання ў Беластоку", арганізатарам якога ён быў, пісьменнік выношваў ідэю хоць у нейкай ступені рэалізаваць беларускую нацыянальную справу ў барацьбе паміж магутнымі дыктатарскімі рэжымамі. I гэтым беларускім справам найперш ён і служыў; быў адным з арганізатараў беларускага школьніцтва на Беласточчыне, стаў рэдактарам газеты "Новая дарога", на старонках якой друкаваліся многія беларускія пісьменнікі, успаміны пра рэпрасаваных падчас сталіншчыны беларускіх творцаў, расказвалася пра жыццё беларусаў.

З 1944 г. Ілляшэвіч пайшоў у выгнанне, жыў у англійскай зоне акупацыі Германіі, у горадзе Ватэнштаце, дзе выкладаў у школе, адкрытай беларускімі выгнанцамі для сваіх дзяцей, браў актыўны ўдзел у грамадскіх справах, пачаў выдаваць часопісы "Шляхам жыцця", "Апошнія весткі", ствараў разам з Юркам Віцьбічам літаратурнае згуртаванне "Шыпшына". Шмат пісаў вершаў, крытычных артыкулаў, вёў "Чорны сшытак", дзе занатоўваў усё набалелае на душы, вершы, накіды, празаічныя замалёўкі. У гэты перыяд усё часцей прарываюцца скаргі на адзіноту, больш адчувальным становіцца трагічнае светаадчуванне аўтара і лірычнага героя ягоных вершаў. Абарваныя песні, недаснёныя сны аб Радзіме, развітанне з ёй і сваімі марамі пра асабістае шчасце і волю Бацькаўшчыны сталі ўнутранай драмай паэта.

У 1948 г. Х.Ільяшэвіч трагічна загінуў у аўтамабільнай катастрофе, пакінуўшы пасля сябе зборнік вершаў і прозы "Недапетая песня", які быў выдадзены ягоным сябрам і паплечнікам Ю.Жывіцам у Ляймене, дзе Жывіца стварыў беларускі музей. Пакінуў таксама сваю веру ў светлае Прыйсце Беларусі. Хведар Ілляшэвіч пахаваны ў Геленсдорфе (Германія).

Лідзія Савік