Аляксандра Саковіч

(1906-1997)

Аляксандра Cаковіч (дзявочае прозвішча - Іна Рытар, па мужу Каханоўская) - празаік, мемуарыст. Іншы яе псеўданім - Б.Еўтух.

Нарадзілася ў 1906 г. у Адэсе. Жыла ў Мінску, вучылася ў БДУ, слухала лекцыі М.Доўнар-Запольскага, У.Ігнатоўскага, У.Пічэты, В.Дружчыца, І.Замоціна, У.Перцава. У свае маладыя гады знаходзілася ў самым цэнтры беларускага інтэлектуальнага і творчага жыцця. Жывучы ў доме Грашкаў, затым у Лёсікаў, будучая пісьменніца часта сустракалася з Я.Купалам, Я.Коласам, З.Бядулем, пазней напісала пра гэтыя сустрэчы цікавыя ўспаміны. Пасля заканчэння ўніверсітэту працавала там жа выкладчыцай, добра ведала многіх беларускіх паэтаў, празаікаў, якія былі рэпрасаваныя ў 30-я гг. Паехала ў высылку з дзецьмі і сястра Ліда ўслед за мужам, быў рэпрасаваны і загінуў у ГУЛАГу і муж Іны Рытар, засталася яна з двухгадоваю дачкою.

Вайну перажывала ў Ярэмічах, Наваградку, працавала настаўніцай. У 1944 г. пайшла ў выгнанне, трапіла ў французскую зону акупацыі Германіі, пераехала ў беларускі лагер перамешчаных асобаў каля Рэгенсбургу, выкладала нямецкую і англійскую мовы ў гімназіі імя Янкі Купалы. Тут ад няшчаснага выпадку загінула яе 9-гадовая дачка. У 1950 г. Іна Рытар эмігравала ў ЗША, выйшла замуж за Аўгена Каханоўскага і пераехала з мужам у Кліўленд, дзе была заснавана беларуская калонія.

Пісаць яна пачала яшчэ ў Нью-Ёрку, хаця самая першая публікацыя "Менск у 1930-1931 гадох" была змешчана ў газеце "Раніца" (1944). Проза Аляксандры Саковіч - апавяданні, аповесці, успаміны - успрымаюцца сёння як праўдзівы дакумент нашай эпохі. Пісьменніца была сведкай і відавочніцай падзей рэвалюцыі, грамадзянскай і першай сусветнай вайны, сталінскіх рэпрэсій, перажыла боль страты блізкіх і Радзімы. Творчасць яе цалкам прысвечана Бацькаўшчыне. Напісаны найперш успаміны пра Я.Купалу, Я.Коласа, Я.Лёсіка, П.Бузука, М.Грамыку, У.Ігнатоўскага, А.Цвікевіча, М.Доўнар-Запольскага і інш. таленавітых прадстаўнікоў беларускай нацыі. У артыкулах "Лістападаўцы", "Да гісторыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту", "Археалагічная экспедыцыя ў 1928 г.", "Менск у 1930-1931 гадох" паўстае карціна жыцця на Беларусі 20-30-х гадоў, раскрываецца складаны і супярэчлівы духоўны стан грамадства, якое ўступала ў перыяд панавання таталітарнага рэжыму.

Пісьменніцкая актыўнасць Іны Рытар прыпадае на 50-80-я гг. ХХ ст. Яе проза цікавая для нас перажытасцю матэрыялу, той праўдай чалавечых лёсаў і абставін, якую доўгі час нам было забаронена ведаць. Як празаік А.Саковіч пачалася з апавядання "У няведам'е", якое было надрукавана ў часопісе "Конадні" (1957). Затым яе аповесці, апавяданні пачалі рэгулярна публікавацца ў эмігранцкім друку. Апавяданні "На захад", "Шчаслівая", "Сама", "Кожнаму сваё", "З кім яна?", "Асірочаныя", "У завею" - аб'яднаныя агульнай тэмай - жыццё на Беларусі ў 30-я гады і на пачатку Другой сусветнай вайны.

У іншых апавяданнях і аповесцях "Браты", "Паміж Сцылай і Харыбдай" праглядваецца лёс самой пісьменніцы і яе блізкіх. Упершыню ў беларускай прозе так шырока быў паказаны лёс жанчыны, сямейнае, мацярынскае шчасце якой было разбурана бязлітаснымі катаклізмамі часу. Кніга аповесцей і апавяданняў А.Саковіч "У пошуках праўды" была выдадзена ў Нью-Ёрку Інстытутам навукі і мастацтва ў 1986 г. У яе увайшлі таксама ўспаміны і артыкулы таленавітай пісьменніцы.

Аляксандра Саковіч памерла ў 1997 г. у Кліўлендзе, ЗША.

Лідзія Савік