Масей Сяднёў

(1913-2001)

Масей Сяднёў - паэт, празаік, публіцыст, адзін з найбольш актыўных і таленавітых прадстаўнікоў беларускага літаратурнага замежжа. Яго імя ўпісана у Брытанскую і Польскую энцыклапедыі, а ў 1989 г. Мюнхенскім і Вашынгтонскім Джорджтаўнскім універсітэтамі Масей Сяднеў быў прадстаўлены на Нобелеўскую прэмію. Кнігі славутага беларускага паэта выдаваліся ў Германіі і ЗША, перакладаліся на англійскую, польскую, рускую, украінскую мовы. Здымаецца паўвекавая забарона з яго кнігі на Бацькаўшчыне, яны ўведзены ў адкрыты фонд Беларускай нацыянальная бібліятэкі. Ён ужо неаднойчы змог прыехаць на Радзіму, дзе адбыліся шматлікія сустрэчы з творчай інтэлігенцыяй, студэнтамі, чытачамі, дзе пачалі друкавацца ягоныя вершы, проза, дзе выходзяць асобныя зборнікі. Як дэлегат ён браў удзел у рабоце Першага з\'езду беларусаў свету.

Нарадзіўся 1 верасня 1913 г. у в. Мокрае Касцюковіцкага раёна на Магілёўшчыне. Літаратурны лёс, як і лёсы многіх рэпрэсіраваных беларускіх пісьменнікаў-эмігрантаў, пачынаўся ў 30-я гг., калі ён, студэнт Мінскага педінстытуту, друкуе свае вершы. Яны былі заўважаны літаратурнай грамадскасцю, што акрыліла маладога творцу. Аднак 22-гадовага паэта, выпускніка педінстытуту, у ліку 12 найбольш здольных студэнтаў арыштавалі ў кастрычніку 1936 г., абвінавацілі ў нацдэмаўшчыне і ў тым, што распаўсюджваў "упадніцкія творы Язэпа Пушчы і "Матчын дар" Алеся Гаруна". Пачаліся змрочныя турэмныя дні, допыты, перасыльныя лагеры, Калыма - этапы, па якіх М.Сяднёў ішоў разам з іншымі беларускімі пісьменнікамі - Б.Мікулічам, С.Баранавых, У.Клішэвічам, Т.Лебядой, Я.Скрыганам, А.Звонакам, У.Хадыкам і інш.

Прывезены ў Мінск у 1941 г., атрымаў магчымасць збегчы. Вярнуўшыся ў Мокрае, Масей працаваў на бацькавай гаспадарцы. У 1944 г. вымушаны эміграваць, апасаючыся за сваё жыццё. (Сяднёў паслужыў прататыпам аднаго з галоўных герояў для эпапеі Івана Чыгрынава "Плач перапёлкі".) Жыў напачатку ў Польшчы, Германіі. З 1951 г. жыве ў ЗША. Але ўсе перыпетыі лёсу не вытруцілі пачуцця любові да Бацькаўшчыны, ёй прысвяціў паэт сваю творчасць.

Вялікую каштоўнасць мае турэмная паэзія М.Сяднёва. У ягонай памяці захаваліся ўсе вершы, складзеныя падчас знаходжання ў турме, канцлагерах, пры пераездзе праз Байкал, на пераправе ў Ахоцкім моры, у жудасных умовах Калымы. Яны ўвайшлі потым у кнігу "Патушаныя зоры". Лірыка гэтага часу напоўнена горкім смуткам і трагізмам. Моцны духам паэт адчуваў сваю перавагу над турэмшчыкамі. Паэзія дапамагала яму перажыць і трагедыю выгнання, асабліва ў першыя пасляваенныя гады, развітанне з Радзімай, блізкімі, пачуццё непрыкаянасці, перапады настрою, матэрыяльныя нястачы.

У гэты перыяд Сяднёвым былі створаныя вялікія цыклы вершаў: "На маршрутах" (вызваленне, радасць вольнага свету), "Як спажытак штодзённы" (адчуванні эмігранта-выгнанніка), "Роздум" (роздум над сваім лёсам і лёсам Бацькаўшчыны), "Слова" (прызначэнне паэзіі), "На спынку" (імкненне асэнсаваць лепшае з сусветнай паэзіі, пераклады з Гётэ, Гейнэ, Рыльке, паэмы "Мая вайна", "Цень Янкі Купалы", "Забраны Мінск", "Смерць музыкі"). Усе яны пазней увайшлі ў кнігу "Патушаныя зоры". Украінскі паэт Леанід Палтава, які шмат перакладаў Сяднёва на ўкраінскую мову, лічыў, што "Патушаныя зоры" - новая, расквітнеўшая зара вольнай беларускай паэзіі.

Аднак найбольш плённымі былі для Сяднёва 80-я гады, калі ён пераехаў на пастаяннае пражыванне ў Глен-Коў. Тут напісаны і выдадзены такія ягоныя кнігі, як паэтычныя зборнікі "Ачышчэнне агнём", "А часу больш, чым вечнасць", раманы "Раман Корзюк" (быў выдадзены ў Мюнхене Барысам Кітом). У Глен-Коў напісана "Масеева кніга", куды ўвайшлі іранічныя біблейскія вершы, артыкулы, публіцыстыка, перапіска Сяднёва з беларускімі пісьменнікамі.

Але гэтаму перыяду папярэднічалі гады фізічнай працы на фабрыцы (1952-60), выкладчыцкая работа ва ўніверсітэце Індыяна (1960-67), горад Блумінгтон, дзе М.Сяднёў, навучаючы студэнтаў рускай мове і літаратуры, адначасова вучыўся сам, атрымаў "Дыплом Універсітэту Індыяна" і ступень магістра гуманітарных навук па славянскай літаратуры і філалогіі. Да гэтага часу ён ужо добра валодаў нямецкай, англійскай мовамі, не кажучы пра беларускую, польскую, рускую, украінскую. У 1967 г. амерыканскія ўлады прапануюць яму работу на радыёстанцыі "Свабода" ў Мюнхене, дзе ён працаваў да 1983 г., узначальваў беларускую рэдакцыю. Мюнхенскі перыяд быў плённым у сэнсе агульнай адукацыі: Сяднёў у арыгінале перачытваў Гётэ, Гейнэ, Гельдэрліна, Наваліса, Мёрыке, да таго ж Мюнхен славуты сваімі музеямі, цэрквамі, саборамі, старажытнай архітэктурай. Амаль штогод былі цікавыя падарожжы па Еўропе (Італія, Іспанія, Англія, Грэцыя, Аўстрыя, Польшча). Ён імкнуўся ўвесці ў беларускую паэзію тэмы, звязаныя з лепшымі традыцыямі сусветнага мастацтва, з вобразамі класічнай паэзіі: Прыродай, Зямлёй, Вадой, Небам, Месяцам, Зорамі, Домам, вольналюбівым Духам.

Паказваючы свет у вобразах нябеснай і зямной красы, ён імкнуўся раскрыць высокую духоўнасць свайго героя праз чыстую, узвышаную лірыку. Звычайна асноўная сутнасць, галоўная ідэя такіх вершаў выказваецца ў апошніх 2-3 радках - гэта тая самая гейнаўская пуанта, пра якую гаварыў, аналізуючы творчасць Сяднёва, украінскі літаратуразнавец, крытык, прафесар Юры Шэрах. Побач з гэтым інтуітыўным пачаткам у вершах ёсць і тое, за што ўкраінскі паэт Яр Славутыч назваў Сяднёва паэтам думкі. "Пранікненне ў таямнічасць прыроды Беларусі, - адзначаў прафесар Мюнхенскага ўніверсітэту Бойка-Блахін, - эротыка, напоўненая ідэалістычнымі тонамі, рэфлексія, упрыгожаная ціхай засмучонасцю над недасканаласцю чалавека, - матывы паэзіі М.Сяднёва".

І ўсё ж пры багатай разнастайнасці тэм, матываў, лірычных вобразаў праз творчасць Сяднёва праходзіць адна нязменная тэма - Бацькаўшчына, маці, мова, прызначэнне паэта.

"Чым для мяне з'яўляецца Беларусь? Без яе я не мог бы ўявіць сябе як паэта... А што тычыцца мовы, дык яна была не толькі сродкам, а нечым больш. Лекамі ў найцяжэйшыя часы. Я прыйшоў з ёй у гэты свет, нідзе з ёй не разлучаўся, яна была маёй духоўнай спадарожніцай".

Памёр Масей Сяднёў у 2001 г., пахаваны на Беларускіх могілках Саўт-Рывера (штат Нью-Джэрсі, ЗША).

Лідзія Савік