Янка Юхнавец

(1921-2004)

Янка Юхнавец (сапраўднае імя Іван Змітрыкавіч Юхнавец) - паэт, празаік, драматург. Псеўданімы: Я.Юхна, К.Юхневіч; крыптонім Я.Ю.

Нарадзіўся 21 лістапада 1921 г. у в. Забродак Докшыцкага р-на ў сялянскай сям'і. Да вайны скончыў сярэднюю школу. Сям'я загінула ў гады вайны, сам Янка Юхнавец быў арыштаваны СД і вывезены ў Германію. Трапіў у лагер перамешчаных асобаў, вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы. Жыў у Баварыі, працаваў на сельскай гаспадарцы. У 1949 годзе скончыў Вольны універсітэт у Мюнхене па спецыяльнасці заходне-еўрапейскае права. У гэтым жа годзе з'ехаў у ЗША. Большую частку жыцця правёў у эміграцыі.

Пачынаў з вершаў, першыя з іх публікаваліся ў часопісе "Шыпшына" ў 1947 г., пазней - амаль ва ўсіх эмігранцкіх выданнях. Янка Юхнавец - аўтар зборнікаў паэзіі "Шорах моўкнасці", "Новая элегія", "Калюмбы", трохтомніка "Творы" (1990), ксеракснага зборніку "Дань майго часу" (1993), выбраныя творы "Сны на чужыне", выдадзены ў Мінску ў 1994 г. Пісаў навелы, апавяданні, гістарычную аповесць-успамін "Яно" пра Мінск Другой сусветнай вайны. У 1996 г. выйшла кніга "Драматычныя начыркі".

Творчасць Я. Юхнаўца ў беларускай літаратуры вылучаецца сваёй нетрадыцыйнасцю. Ён ідзе ў авангардзе найноўшай беларускай паэзіі, сугучнай са шляхам развіцця "адкрытага" еўрапейскага мастацтва, арганічна ўпісваючыся ў англасакскі кантэкст. Як паэт Янка Юхнавец цалкам фарміраваўся па-за абшарам беларускай літаратуры. "Доўгі час, - гаварыў ён у адным з інтэрв'ю, - я нічога не ведаў пра беларускую паэзію, заўсёды арыентаваўся на заходнюю літаратуру". Юрыдычную і практычна набытую тэхнічна-матэматычную адукацыю ён адначасова дапаўняў самастойнай самаадукацыяй па азіяцкай, заходнееўрапейскай літаратуры, глыбока вывучаў як творы класікаў сусветнай літаратуры, так і знаёміўся з заходнееўрапейскай філасофскай думкай. Усё гэта ападала на яго беларускае да-літаратурнае, казачнае светаўспрыманне. "Для мяне, - пісаў Я.Юхнавец, - беларускія казкі, народны фальклор (спосаб іх казання) сталіся над усім".

Як паэт і чалавек высока самаадукаваны, Янка Юхнавец, які глыбока азнаёмлены з заходняй культурай і добра разбіраўся ў іерархіі яе каштоўнасцей, у сваёй творчасці імкнуўся ажыццявіць сваё паэтычнае крэда "Умей тварыць нястворанае!" Пісаў ён свае творы, карыстаючыся беларускай моўнай традыцыяй. Творчасць Я.Юхнаўца, цесна звязаная з еўрапейскай паэтычнай культурай і анталагічна з беларускай, садзейнічае новым перспектывам развіцця сучаснай літаратуры.

Янка Юхнавец памёр у Нью-Ёрку 6 студзеня 2004 г.

У сакавіку 2004 года Фундацыяй Крэчэўскага заснавана Літаратурная прэмія імя Янкі Юхнаўца з мэтаю ўшанавання памяці выбітнага пісьменніка ды спрыяння развіццю літаратуры. Уручаецца штогод.

Лідзія Савік