(нарадзіўся ў 1926 г.)
Янка Запруднік (сапраўднае імя Сяргей Вільчыцкі) - вядомы беларускі гісторык і публіцыст, адзін з самых актыўных дзеячаў беларускай дыяспары ў ЗША, ганаровы сябра Беларускага ПЭН-цэнтра.
Нарадзіўся ў 1926 г. у мястэчку Мір (зараз Карэліцкі раён). Яго бацькі - настаўнікі Вера і Мікалай Вільчыцкія - былі вымушаны займацца і сельскай гаспадаркай. У час акупацыі скончыў Баранавіцкую прагімназію, потым вучыўся ў Баранавічах у гандлёвай школе. З 1944 г. у Германіі, затым працаваў на шахтах у Вялікабрытаніі. У 1954 г. закончыў гістарычны факультэт Лювэнскага каталіцкага ўніверсітэту ў Бельгіі. Потым працаваў на радыёстанцыі "Вызваленне" (зараз - "Свабода"). З 1957 г. у ЗША. Абараніў у Нью-Ёркскім універсітэце доктарскую дысертацыю на тэму "Палітычнае змаганне за Беларусь у Дзяржаўнай думе 1906-1917 гг.", выкладаў гісторыю ў вышэйшых навучальных установах ЗША.
Літаратурную дзейнасць распачаў у 1947 г. Быў супрацоўнікам і рэдактарам многіх перыядычных выданняў беларускай эміграцыі. Пад псеўданімам Сяргей Ясень друкаваў вершы - пераважна патрыятычную лірыку. Асноўныя англамоўныя працы Янкі Запрудніка - "Беларусь на гістарычным скрыжаванні" (1993), "Гістарычны слоўнік Беларусі" (1998). Апошняе выданне энцыклапедычнага характару не мае сабе аналагаў. Тут у сціслай форме сабрана многае па нашай гісторыі, што можа цікавіць амерыканскага (ды і беларускага) чытача.
У 2001 г. удзельнічаў у працы Трэцяга з'езду беларусаў свету, наведаў родныя мясціны. Прэзентаваў сваю кніжку "Дванаццатка" - дакументальную аповесць пра дванаццацярых беларусаў, якія трапілі ў Нямеччыну, Вялікабрытанію і Бельгію ў 1946-54 гг. "Дванаццатка" - беларуская літаратурная суполка, што паўстала адразу па вайне ў Заходняй Еўропе і задзіночвала 12 таленавітых празаікаў і паэтаў. Бальшыня з іх працавала на шахтах Брытаніі, зарабляючы на жыццё. Неўзабаве "Дванаццатка" ператварылася ў скаўцкую групу. "Жыць для Бацькаўшчыны, змагацца за яе, а калі трэба, дык і памерці", - быў дэвіз сяброў літаратурнага згуртавання. Пазней шмат хто з "Дванаццаткі" стаў супрацоўнікам радыё "Вызваленне", Інстытуту вывучэння СССР. Адзін з дванаццацёх - Янка Філістовіч - быў перакінуты на Беларусь, дзе праз пэўны час быў расстраляны як дыверсант і шпіён.
У кнізе змешчаны дзённікі, апавяданні, вершы і здымкі, якія паказваюць жыццё беларускіх эмігрантаў і іх дзейнасць на беларускай ніве. У канцы кнігі змешчаны ўспаміны пра вядомага кампазітара Міколу Равенскага, а таксама дзённік ўкладальніка кнігі - Яна Запрудніка. Кніга гэтая ілюстраваная. Тут інфармацыя пра гімназію імя Янкі Купалы ў лагерах перамешчаных асобаў у Міхельсдорфе і Рэгенсбургу.
У 2001 г. беларуская грамадскасць на Радзіме і ў замежжы шырока адзначыла 75-гадовы юбілей славутага дзеяча.
Паводле матэрыялаў друку