(1905-1975)
Юрка Віцьбіч (таксама Алесь Крыжаніч, сапраўднае імя Юры Аляксандравіч Стукаліч) - празаік, публіцыст, гісторык.
Нарадзіўся ў 1905 г. у г. Веліж (цяпер Смаленская вобл.) у сям'і святара. Маці, якая таксама паходзіла са святарскай сям'і, была настаўніцай. Бацька а.Аляксандр Стукаліч быў рэпрасаваны ў 1934 г., памёр у 1935 г. Юры Стукаліч скончыў педтэхнікум, але не быў дапушчаны да настаўніцкай працы як сын "класавага ворага".
Вымушаны быў пакінуць Беларусь, паехаў у Маскву, дзе пражыў каля 10 гадоў. Працаваў на будаўніцтве, на Дэрбенёўскім хімічным заводзе, жыў разам з паэтам А.Зарыцкім у сутарэнні на Арбаце, дзе знаходзіўся Цэнтральны Беларускі клуб. Атруціўся газам, але выжыў. Да гэтага часу ён ужо быў аўтарам каля 40 апавяданняў і аповесці "Арцыбіскуп і смерд".
Атрымліваў шмат прапаноў ад розных літаратурных згуртаванняў: П.Шукайла агітаваў стаць сябрам Маскоўскага аб'яднання рэвалюцыйных пісьменнікаў, Х.Шынклер прапаноўваў уступіць у Мінскую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў, З.Бандарына - стаць сябрам беларускай секцыі Маскоўскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Але Віцьбіч лічыў сваім згуртаванне "Узвышша", якое цкавалі з усіх бакоў за яго прыхільнасць да беларускай нацыянальнай ідэі, мастацка-эстэтычныя арыентацыі. Многія ўдзельнікі згуртавання былі ўжо рэпрасаваныя, і трэба было мець немалую асабістую мужнасць, каб у гэты час падаць заяву ва "Узвышша". Віцьбіч не падпісаў ліст аб самаліквідаванні "Узвышша". Ён ні ад каго не хаваў сваіх поглядаў, якія падзяляў з У.Дубоўкам, А.Бабарэкам, У.Жылкам, Я.Пушчам, іншымі ўзвышэнцамі (распаўсюджанне твораў гэтых пісьменнікаў у той час было афіцыйным абвінавачваннем, і за гэта прысуджалі катаргу ў ГУЛАГу). Пачалося цкаванне Віцьбіча за "нацыяналістычныя" памылкі, якія ішлі быццам ад прыналежнасці да "Узвышша". У творчасці Ю.Віцьбіча бачылі выразную дваранска-нацыяналістычную сутнасць.
У гэты час быў рэпрасаваны ягоны дзядзька, і Віцьбіч зноў вяртаецца ў Віцебск, працягвае займацца творчай працай. Адначасова ўдзельнічае ў напісанні гісторыі віцебскіх, гомельскіх, барысаўскіх фабрык. У 1939 г. уступіў у Саюз беларускіх пісьменнікаў, узначальваў навуковыя экспедыцыі па даследванню і ўліку помнікаў гісторыі, мастацтва, дойлідства, займаўся археалагічнымі раскопкамі (раскапаў каля 70 курганоў), напісаў шэраг навуковых прац па гэтых праблемах. Пабываў у Крошыне, адшукаў магілу Паўлюка Багрыма, першы ўстанавіў дату смерці паэта - 1891. Да 50-годдзя з дня смерці П.Багрыма напісаў грунтоўны артыкул "Каб я коршунам радзіўся".
У 30-я гады вельмі шмат друкаваўся. Яго нарысы, памфлеты, навелы, апавяданні, артыкулы публікаваліся ў многіх рэспубліканскіх перыядычных выданнях (час. "Полымя", "Узвышша", газ. "ЛіМ", "Звязда", "Чырвоная змена", "Віцебскі пралетарый" і інш.). Водгук К.Чорнага на яго першае апавяданне "Млынарова рука" з'явіўся, па словах Віцьбіча, "дыпломам на годнасць пісьменніка". Найбольш цікавымі па зместу і мастацкай апрацаванасці з'яўляюцца аповесці "Смерць Ірмы Лаймінг" (1932), аповесць "Ціхая Руба" (пра дзвінскіх плытагонаў, каханне беларускага хлопца і дзяўчыны-латышкі), кніга апавяданняў "Формула супраціўлення касцей" (1937). Друкаваліся ўрыўкі з няскончанага рамана "За Радзіму", аповесці "Апошні сантым", а таксама асобныя апавяданні: "Янак Гай", "Вясна", "Грыміць Перакагрыж", "Вятры заходнія" і інш. Тэматыка гэтых твораў, заснаваная на беларускім сучасным і мінулым, на праблемах захавання гістарычнай спадчыны, рэлігійных матывах, выклікала абсалютнае непрыманне савецкай крытыкай.
Ён улюбёна ўслаўляў родную Віцебшчыну, Дзвіну з яе парогамі: "Дзвіна і плытагоны для мяне пэўная "ідэя фікс". Сын Дзвіны, хачу вывесці сваю матку ў людзі. Яна гэтага заслугоўвае". Пісьменнік не толькі слухаў, збіраў, запісваў расказы сваіх землякоў, але літаральна дакопваўся ў экспедыцыях, архівах, бібліятэках да самай сутнасці падзей, якія збіраўся ўзнаўляць у сваіх творах. Ён быў добра знаёмы амаль з усімі беларускімі аўтарамі, перачытваў іх вершы, апавяданні, аповесці.
У 20-30-я гг. Віцьбіч у сваіх творах імкнуўся хоць нейкім чынам (у падтэксце, завуалявана) распавесці пра супраціўленне беларускага народу розным захопнікам, раскрыць вобразы герояў - змагароў за незалежнасць Бацькаўшчыны. У адным са сваіх лістоў ён адзначаў, што наўмысля забіваў сваіх улюбёных герояў, абы толькі не бачыць іх на каленях, ці за кратамі.
Падчас вайны Віцьбіч жыў у Віцебску, затым у Мінску, працаваў у штабе БКА разам з К.Езавітавым. Друкаваў у "Беларускай газэце", "Беларускім работніку", "Раніцы" нарысы і артыкулы, у якіх гаварыў пра згубную калектывізацыю, сталінскі тэрор, разбурэнне святыняў, ператварэнне іх у склады, антырэлігійныя музеі. Выдаў два зборнікі публіцыстыкі выразна антысавецкай накіраванасці - "Веліжскія паўстанцы" і "Нацыянальныя святыні". Падрыхтаваў да выдання тры нумары часопіса "Узвышша" як працяг справы загінуўшых у ГУЛАГу сяброў-узвышэнцаў.
Перыяд нямецкай акупацыі быў для Віцьбіча, як і для многіх, яшчэ адным цяжкім выпрабаваннем. За ім палявалі падпольшчыкі, называлі яго "здраднікам" і "фашыстам", а з другога боку, ён апасаўся, што гестапа даведаецца пра тыя яго творы, дзе ён выступаў абаронцам яўрэяў. Сам пісьменнік лічыў, што ён па-ранейшаму працуе на нацыянальную ідэю, марыў пра той час, калі Беларусь стане незалежнай, вольнай ад усялякіх акупантаў.
Але давялося пакінуць Радзіму. Пачаліся лагеры перамешчаных асобаў: Рэгенсбург, Бакнанг, Міхельсдорф, дзе апынуліся многія тысячы беларусаў-выгнанцаў. Тут Віцьбіч узяўся за рэдактарскую працу: рэдагаваў часопісы "Звіняць званы Сьвятой Сафіі", "Шыпшына", бюлетэнь "БІС" (Беларуская інфармацыйная служба"), газеты "Беларускае слова", стварыў літаратурнае аб'яднанне "Шыпшына", пераняўшы ідэі "Узвышша". У "Шыпшыне" друкаваў творы як пісьменнікаў-эмігрантаў, так і тых, што жылі на Беларусі, асабліва шырока раскрываўся лёс рэпрэсаваных аўтараў, іх творы, забароненыя на Бацькаўшчыне.
У 1949 г. Віцьбіч з жонкай і маці пераязджае ў ЗША, г. Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі), дзе заснавалася калонія беларусаў-эмігрантаў. Пацяклі гады выгнання. Даводзілася цяжка фізічна працаваць. Але ён працягваў выдаваць "Шыпшыну", пісаў артыкулы для радыёстанцыі "Свабода", не належаў ні да якіх палітычных партый і груповак, лічыў, што непараўнальна больш можа зрабіць для вызвольнага беларускага руху як пісьменнік, навуковец, журналіст. Страшэнна пакутуючы ад раз'яднанасці беларусаў, Віцьбіч як мог садзейнічаў згуртаванню сваіх землякоў, пасылаў артыкулы, мастацкія апавяданні ва ўсе эмігранцкія часопісы і газеты. Шмат яго матэрыялаў друкавалася ў рускамоўнай газеце "Новое русское слово". Пісьменнік лічыў, што на яе старонках варта друкавацца, бо многім расійцам і зрусіфікаваным беларусам-эмігрантам яго артыкулы пра Беларусь, яе гісторыю, сучаснае становішча адкрывалі вочы на сапраўдны стан рэчаў. У вольным свеце ён увесь час працаваў над тэмай "Антыбальшавіцкія паўстанні на Беларусі" (ён быў сведкам Вяліжскага паўстання). Збіраў матэрыялы, успаміны ўдзельнікаў, дакументы, народныя легенды пра вядомых змагароў Вяліжскага, Парэцкага, Мірскага, Слуцкага, Гомельскага, Бешанковіцкага паўстанняў, пра Мсціслаўскую сялянскую дэмакратыю, Койданаўскую незалежную рэспубліку, Барысаўскі галодны бунт, антыбальшавіцкую партызанскую барацьбу на Беларусі (1918-29 гг.) - і ўсё гэта дзеля таго, каб разбурыць легенду "о тихом и непротивленческом белорусе". Віцьбіч ліквідаваў многія "белыя плямы" ў савецкай гісторыі Беларусі.
У час вайны Віцьбіч паставіў помнік на брацкіх могілках, дзе былі пахаваны тысячы расстраляных вяліжскіх паўстанцаў, але помнік быў знішчаны бальшавікамі. Пісьменнік напісаў кнігу \"Памяці паўшых нязнаных Сыноў Беларусі ў абароне яе Вольнасьці\"". Кніга пад назвай \""Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі\"" была выдадзена Беларускім Інстытутам Навукі і Мастацтва ў Нью-Ёрку (1996), на жаль, ужо пасля смерці аўтара. Пры жыцці Віцьбіча, нягледзячы на агромністую творчую спадчыну і на тое, што ён быў цэнтрам літаратурнага жыцця беларускай эміграцыі, выйшаў толькі невялікі зборнік \""Плыве з-пад сьвятое гары Нёман\"" (1956, Мюнхен, выдавецтва \""Бацькаўшчына\""). Аўтар зрабіў адпаведную класіфікацыю, выкарыстоўваючы гістарычныя, літаратурныя помнікі, фальклор, згадваючы выдатных беларускіх дзеячаў і пісьменнікаў.